Родны наш край: з любоўю і ведамі пра яго!

Дашкольнае дзяцінства з’яўляецца першай і вельмі важнай прыступкай у маральна-патрыятычным выхаванні дзіцяці. Дашкольны ўзрост — найважнейшы перыяд станаўлення асобы дзіцяці, калі закладваюцца перадумовы якасцей чалавека-грамадзяніна, развіваюцца ўяўленні дзяцей аб чалавеку, грамадстве, культуры.

Тэма патрыятычнага выхавання знайшла адлюстраванне ў рэалізацыі задач адукацыйнай галіны “Дзіця і грамадства” вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, улілася ў рэалізацыю нашай дашкольнай установай педагагічнага праекта “Укараненне мадэлі маральна-патрыятычнага выхавання дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту з дапамогай далучэння да гісторыі і культуры Дзяржыншчыны”. Выхаванне ў дзіцяці любові да самага блізкага — да роднага дому, горада — гэта аснова маральна-патрыятычнага выхавання, яго першая і самая важная прыступка. Дзіця спачатку павінна ўсвядоміць сябе членам сям’і, неад’емнай часткай сваёй малой радзімы, потым — грамадзянінам Беларусі.

Педагогамі распрацаваны мультымедыйныя напрацоўкі для віртуальнага музея, у метадычным кабінеце створана медыятэка па тэме, папаўняецца фонд бібліятэкі па пытаннях маральнага і патрыятычнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту. Мы супрацоўнічаем з дзіцячым садам № 5 “Незабудка” Ціхвіна Ленінградскай вобласці. У рамках супрацоўніцтва адбываецца абмен метадычнымі матэрыяламі па маральна-патрыятычным выхаванні “Свой край любі і ведай”, арганізаваны сумесныя конкурсы на лепшы малюнак, выраб, метадычную распрацоўку. Загадчыкам Ірынай Пятроўнай Пятровіч арганізаваны выпуск руска-беларускага слоўніка для выхаванцаў дзіцячага садка “Незабудка”, з дапамогай якога дзеці знаёмяцца з беларускай мовай. Арганізавана перапіска выхаванцаў старшай групы № 3 з расійскімі выхаванцамі.

У старшых групах нашай установы ўжо стала добрай традыцыяй у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, 2 красавіка, праводзіць мерапрыемствы ў гонар свята, акцыі “Што б ты распавёў пра сябе і свой горад свайму сябру з Ціхвіна”. Педагогі і выхаванцы ўстановы вырабляюць і адсылаюць па пошце сувеніры расійскім сябрам.

Шмат было сказана пра мінулае і сучаснае нашага народа. Дзеці ўзбагацілі ўяўленні аб сялянскай хаце; рабоце рамеснікаў, сялян і гараджан у мінулым і ў наш час; пазнаёміліся з прадметамі побыту дзяржынцаў. Педагогі ўстановы запланавалі і правялі мерапрыемствы пра знакамітых людзей у рамках тэматычнага тыдня “Дзяржыншчына літаратурная”. Дзеці даведаліся пра вядомых літаратараў А.Вольскага, А.Глобуса, К.Каганца (аўтар першага беларускага буквара) — ураджэнцаў Дзяржынска, С.Шушкевіча — ураджэнца в.Бакінава Дзяржынскага раёна, Н.Умэцкую — ураджэнку в.Навасёлкі Дзяржынскага раёна і інш. Сумесна з бацькамі створаны тэматычныя альбомы пра герояў дзяржынскай зямлі “Абаронцы Айчыны”, “Слава і гонар зямлі дзяржынскай” (гераічнае мінулае, памяць народа — помнікі, курганы, музеі) і “Армія ў мірны час”, дзе сабраны фотаматэрыялы па выніках экскурсій у воінскія часці на тэрыторыі нашага горада.

Дзяцей старшых груп вельмі зацікавіла народная культура (традыцыі, абрады, святы, адзенне, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва). Яны заўсёды з задавальненнем наведваюць этнакуток нашай установы, актыўна ўдзельнічаюць у гутарках па матэрыялах мультымедыйных прэзентацый “Рамёствы”, “Працавітыя дзяржынцы”. Актуальная і карысная для дзяцей была інфармацыя пра сімвалы Беларусі. На экалагічным свяце дзеці расказалі, што гэта хвоя, зубр, бусел, кветка лёну, канюшына, васілёк, даведаліся пра тое, што існуе і сімвал Дзяржынскага раёна — гара Дзяржынская, самая высокая кропка Беларусі. Цікавымі і займальнымі былі выставы і тэматычныя святы ў рамках тыдня бяспекі “Бяспечныя паводзіны ў горадзе”, дапамаглі сфарміраваць у выхаванцаў уяўленне аб небяспечных месцах, прадметах, навучылі выконваць правілы дарожнага руху, выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы ў вячэрні час.

Незабыўныя, яркія ўражанні дзеці атрымліваюць праз удзел у народных святах Каляды, Багач, Гуканне вясны, бо яны ўзбагачаюцца ведамі пра народныя традыцыі, вучацца спяваць беларускія народныя песні, даведваюцца пра народныя танцы і гульні.

Добрых вынікаў у рэалізацыі педагагічнага праекта мы дасягнулі дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з сем’ямі выхаванцаў. Бацькі актыўна прымалі ўдзел у экскурсіях па горадзе, наведвалі прадпрыемствы, памятныя мясціны горада. Цікавымі былі выставы “Маё генеалагічнае дрэва”, выстава страў “Беларускі агарод смачна корміць круглы год”, выстава сямейных газет “Самая светлая, самая чыстая, цуд мой, Дзяржыншчына!”. Бацькам таксама і прапаноўваліся рэкамендацыі, памяткі.

Маральна-патрыятычнае выхаванне — адказная і складаная задача, рашэнне якой у дашкольным дзяцінстве толькі пачынаецца. Планамерная і сістэматычная праца, выкарыстанне разнастайных сродкаў выхавання, агульныя намаганні дашкольнай установы і сям’і, стварэнне максімальна спрыяльных умоў для далучэння дзяцей дашкольнага ўзросту да гісторыі і культуры Дзяржыншчыны далі станоўчыя вынікі. Прыйдзе час — і сённяшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню нашай краіны, таму ўжо ў гэтым узросце важна пачынаць выхаванне асноў патрыятызму, актыўнай жыццёвай пазіцыі, у цэнтры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс свайго горада, сваёй краіны.

Юлія ШЫПЦЕНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Дзяржынска.