Прафарыентацыйная сустрэча

У суботу, 3 лютага, на базе раённага рэсурснага цэнтра па вучэбным прадмеце “Фізіка” ў гімназіі № 1 Барысава адбылася чарговая прафарыентацыйная сустрэча. У госці да гімназістаў, захопленых фізікай, матэматыкай і інфарматыкай, па запрашэнні настаўніка Я.Я.Валынца прыйшоў Андрэй Іванавіч Дзядкоў — вядучы спецыяліст Канструктарскага бюро дакладнага электроннага машынабудавання.

ААТ “КБДЭМ-ОМА” — гэта рэспубліканскае навукова-вытворчае прадпрыемства, асноўнымі напрамкамі дзейнасці якога з’яўляюцца навукова-тэхнічныя распрацоўкі і вытворчасць спецыяльнага оптыка-механічнага тэхналагічнага і кантрольна-вымяральнага абсталявання. Прадукцыя прадпрыемства карыстаецца попытам на рынку краін-флагманаў мікра- і нанаэлектронікі: Расіі, Кітая, Паўднёвай Карэі, Германіі, Тайваня і інш.

У самай прасторнай аўдыторыі гімназіі не было свабодных месцаў. Андрэй Іванавіч расказаў пра ўнікальнасць прадпрыемства, дзе ён працуе. Спецыфіка работы тут, па словах лектара, у тым, што самыя цікавыя творчыя задачы па вытворчасці высокатэхналагічнага абсталявання вырашаюцца з апорай на глыбокія веды дакладных навук. Гімназісты даведаліся, што канструктарскае бюро прапануе сваімі кліентам поўны цыкл ад вытворчасці абсталявання да сэрвіснага абслугоўвання яго падчас эксплуатацыі, пра асаблівасці абсталявання, якое выкарыстоўваецца на гэтым прадпрыемстве, пра нормы вытворчасці.


Гімназісты падчас сустрэчы дэманстравалі непадробленую зацікаўленасць. Адказваючы на пытанне слухачоў, як трапіць на работу ў бюро, А.І.Дзядкоў расказаў, што штогод на прадпрыемства прыходзіць каля 20 маладых спецыялістаў. У асноўным гэта выпускнікі БДУІР, БДУ, БНТУ. Аднак не ўсе маладыя спецыялісты застаюцца працаваць у якасці супрацоўнікаў бюро: гэта няпростая работа, якая патрабуе пастаяннага развіцця агульных і спецыяльных навуковых кампетэнцый. Тут патрабуецца не толькі жаданне ўдасканальвацца, але і гатоўнасць пастаянна вучыцца, працуючы пад кіраўніцтвам вопытных вучоных-практыкаў. Дарэчы, многія супрацоўнікі бюро маюць вучоныя званні, з’яўляюцца ўдзельнікамі навуковых канферэнцый, аўтарамі вынаходак і публікацый у акадэмічных выданнях.

На памяць пра сустрэчу А.І.Дзядкоў падарыў гімназічнай бібліятэцы некалькі выданняў, сярод якіх кніга пра вучоных, якія праславілі Беларусь. Трэба заўважыць, што ў аўдыторыі прысутнічалі пяцёра гімназістаў — пераможцаў міжнародных алімпіяд па фізіцы, сярод іх і сыны Андрэя Іванавіча Дзядкова Яўген і Дзяніс. Хто ведае, магчыма, у новых выданнях пра вучоных Беларусі мы будзем чытаць і пра цяперашніх гімназістаў?

Аксана АЛІСІЕВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.