Песняры брацкіх народаў

Народ пачынаецца з мовы. У кожнага яна свая — блізкая сэрцу, любая, дарагая. У 21-й мінскай школе імя М.Ф.Гастэлы штогод арганізоўваюцца кніжныя і фотавыставы, праводзяцца акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”, “Беларускае — самае маё”, на ўроках і пазакласных мерапрыемствах гучаць вершы беларускіх аўтараў, льюцца шчымлівыя песні, захапляюць крэатыўныя квесты, дзе пераможцы ласуюцца цукеркамі.

Сёлета адметнай з’явай стала літаратурная імпрэза “Вялікія песняры брацкіх народаў”. Кожная краіна ганарыцца імёнамі славутых паэтаў і пісьменнікаў, якія ўслаўляюць прыгажосць роднага слова, вучаць па-майстэрску ім валодаць, зберагаць і перадаваць у спадчыну гэты скарб.


Да ўжывання беларускай мовы ў штодзённых зносінах, да яе глыбокага вывучэння і спасціжэння заклікала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Уладзіміраўна Лавыш. З прывітальным словам і надзеяй на далейшае плённае супрацоўніцтва братэрскіх народаў выступіла саветнік па культуры Пасольства Украіны ў Беларусі Ірына Анатольеўна Ліпатава. Вучні і госці свята з захапленнем слухалі кранальную ўкраінскую мову, разумеючы ўсё сказанае да драбніц. А самыя актыўныя і дапытлівыя ўдзельнікі свята атрымалі каштоўныя падарункі.

Разам з суседзямі-ўкраінцамі згадвалі вялікую паэтэсу Лесю Украінку. Лёс Лесі Украінкі быў непасрэдна звязаны з Мінскам, горадам, які стаў сведкам яе чыстага і бескарыслівага кахання. Для вучняў ужо стала добрай традыцыяй ушаноўваць памяць украінскай паэтэсы і ўскладаць кветкі каля мемарыяльнай дошкі, змешчанай на доме побач з будынкам школы. Дэвізам жыцця Лесі Украінкі стала яе крылатая фраза “Contra spem spero! — Без надзеі спадзяюся”. Верш з такой назвай у беларуска-ўкраінскім тандэме прачыталі вучні 11 класа.

Не абмінулі ўвагай і беларускіх мастакоў слова. У верасні споўніцца 105 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка, а прадэкламаваны верш “Родная мова” выдатна акрэсліў найбольш важныя аспекты духоўнага свету беларусаў, самабытнасць мовы і непарыўную сувязь пакаленняў. Адзначылі бясцэнны ўклад у развіццё нашай культуры сёлетніх юбіляраў Паўлюка Багрыма, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага, Янкі Брыля, Пімена Панчанкі і інш.


Яркім і запамінальным было выступленне намесніка старшыні таварыства сяброўства “Беларусь — Украіна” Ганны Пятроўны Сапсай, якая цытавала вершы ўкраінскіх аўтараў пра каханне і надзею, а потым параіла маладому пакаленню ніколі не цурацца роднай мовы. Старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт” Галіна Яфімаўна Калюжная паведаміла ўнікальныя факты з жыцця і творчасці Лесі Украінкі і падзялілася ўражаннямі ад даўняй сустрэчы з пляменнікам вялікай пясняркі. Госця заклікала аўдыторыю да вывучэння розных моў свету, бо гэта адкрывае новыя магчымасці і шляхі самаўдасканалення, найперш духоўнага.

Хочацца спадзявацца, што словы беларускага паэта і перакладчыка Пятра Бітэля “шануй чужое аж да пакланення, сваё любі да самазабыцця…” стануць своеасаблівым прыкладам, набытай жыццёвай мудрасцю кожнага ўдзельніка свята.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.