Пазнанне прыроды разам з экалагічнай казкай

Ці навучыцца дзіця любіць прыроду, адрозніваць дабро ад зла, берагчы ўсё жывое, у многім залежыць ад умення выхавальніка данесці малышу ў займальнай форме веды пра складаныя з’явы прыроды. На дапамогу педагогу пры вырашэнні гэтай задачы прыходзіць казка. Ды не звычайная, а экалагічная.

Даўно ўсвядоміўшы карысць экалагічных казак, шырока выкарыстоўваю іх у рабоце. Прычым не толькі казкі іншых аўтараў, але і тыя, што напісала сама. Мною распрацаваны комплекс казак з экалагічным зместам, які можа быць выкарыстаны ў рабоце з дзецьмі, выхавальнікамі і бацькамі дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Важны момант у экалагічных казках: яны павінны быць інфармацыйна ёмістымі, але пры гэтым не перагружанымі інфармацыяй. Часам дастаткова адной-дзвюх прапаноў для паведамлення цікавага факта. Спецыялісты аднагалосна згаджаюцца з тым, што казкі павінны быць даступнымі дзецям, а пераказ — адрознівацца выразнасцю.

Пры стварэнні экалагічных казак былі выкарыстаны ідэі схемы, прапанаванай А.А.Петрыкевіч. Схема экалагічнай казкі ўключае блокі, звязаныя з дзейнасцю галоўных персанажаў. Звычайна іх тры: сам прыродны аб’ект, а таксама станоўчы і адмоўны персанажы, уздзеянням якіх ён падвяргаецца. Прапануем схему наступных блокаў:

1. Жывёла або расліна жыве ў тым месцы, дзе задавальняюцца яе жыццёвыя патрэбы.

2. Прыродны аб’ект трапляе да адмоўнага персанажа, дзе пакутуе ад няправільнага догляду.

3. Прыродны аб’ект трапляе да станоўчага персанажа, які ведае, што варта рабіць для таго, каб усе яго жыццёвыя патрэбы былі задаволены. Напрыклад, застаецца, пасябраваўшы з дзецьмі (калі гаворка ідзе аб хатніх жывёлах), ці вяртаецца дадому (калі гэта жывёла з блізкага прыроднага акружэння).

Асноўныя блокі дапаўняліся іншымі, якія рабілі сюжэт больш займальным: сябры асноўных персанажаў, якія ім спачуваюць і дапамагаюць, і ворагі, якія ствараюць праблемы і перашкоды і г.д.

Комплекс метадаў работы з казкай уключаў шматразовае расказванне казкі, творчыя лялечныя спектаклі, гульні-гутаркі персанажаў з дзецьмі, гульні-драматызацыі. Гульня-драматызацыя ў экалагічнай казцы ў шэрагу выпадкаў замянялася творчай гульнёй альбо гульнявымі практыкаваннямі па сюжэце казкі.

Праца над экалагічнай казкай праходзіла ў некалькі этапаў:

• Аповед.

• Гутарка па змесце.

• Інсцэніроўка фрагментаў, невялікіх урыўкаў казак.

• Тэатральная пастаноўка ўсёй казкі.

Разам з бацькамі выхаванцаў мы шылі касцюмы, рабілі дэкарацыі і працавалі над пастаноўкай казкі. Пры размеркаванні роляў дзеці з задавальненнем бралі на сябе ролі станоўчых герояў, але адмоўных не жадалі выконваць. У ходзе гульні-гутаркі персанажаў казкі з дзецьмі прыйшлося пераконваць апошніх у тым, што трэба паказаць бацькам і іншым дзецям, як нельга сябе паводзіць на прыродзе.

Кожная экалагічная казка прыносіла свае вынікі. Пасля пастаноўкі казкі “Шпакі” бацькі разам з дзецьмі зрабілі шпакоўні і развесілі іх у дварах і лесе. Выхаванцы завялі дзённікі назіранняў за птушкамі. Паспяхова прайшла таксама казка “Жабін канцэрт”. Дзеці зрабілі кніжкі-малышкі, намаляваўшы галоўных герояў казкі, а песеньку жабянятак пачалі спяваць штодзень. Прагледзеўшы казку “Вавёрчыны клопаты”, бацькі былі здзіўлены, як шмат дзеці даведаліся аб атрутных грыбах. Вялікае ўражанне на дашкольнікаў зрабіла і казка “Сон”.

Зараз у нас у групе ёсць пэўнае месца, куды дзеці складваюць выкарыстаную паперу, а ў дзіцячым садзе два разы на год праводзіцца акцыя па зборы макулатуры. Некаторыя дзеці самі сталі складаць казкі, разам з бацькамі маляваць кніжкі-малышкі. Прапаную вашай увазе адну з аўтарскіх экалагічных казак.

Вавёрчыны клопаты

У дупле ляжала пяцёра маленькіх вавёрачак. Яны былі зусім голенькія, без футра, і нічога не бачылі. Вавёрка-маці ўвіхалася каля іх, ласкава прыгаворвала:

— Нічога, мае даражэнькія! Мы вас будзем карміць, даглядаць — і вы хутка вырасцеце.

Кожны дзень клапаціліся бацькі аб сваіх дзецях, і яны раслі ў іх на вачах.

— Паглядзі, якія нашы дзеткі жвавенькія. Ужо заўтра трэба спрабаваць вучыць пераскокваць з галінкі на галінку, — сказала маці вечарам.

Малыя з задавальненнем успрынялі гэтую навіну. Назаўтра, як узышло сонца, уся сям’я, паснедаўшы, узялася за справу.

— Дзеці! Перш чым вылезці з гнязда, трэба паглядзець навокал, бо побач з домам можа быць Куніца або Рысь, — павучала малых маці. — Затым рабіце скачок, адштурхнуўшыся заднімі лапкамі. Пярэднімі хапайцеся за галінкі і моцна-моцна трымайцеся. Зразумелі?

Ваверчаняты спачатку баяліся, але бацькі іх падбадзёрвалі, і хутка ў іх усё атрымалася. Некалькі гадзін вучобы — і яны маглі самастойна перамяшчацца. Так прайшло некалькі дзён. Ужо вечарэла, калі сям’я вавёрак пачула крык Пугача.

— Ціха сядзіце, — сказала маці.

Вавёркі прытуліліся і моўчкі сядзелі. Раптам нешта чорнае зачыніла ўваход у іх хату.

— Хутчэй падымайцеся на другі паверх! — крыкнуў тата.

Вавёркі пачалі падымацца, але цёмна-рыжая лапа схапіла матулю за хвост. У гэты момант бліснула маланка, загрымеў гром, і Куніца адскочыла ад гнязда, а Вавёрка хуценька паднялася на другі паверх свайго жытла.

— Бачыце, як добра, што ў нас ёсць яшчэ адзін паверх.

Дождж перастаў ісці толькі раніцай. Свяціла сонейка. Усе лясныя жыхары радаваліся добраму надвор’ю.

— Пасля такога дажджу пойдуць расці грыбы, — сказала матуля.

Праз некалькі дзён і сапраўды ў лесе з’явіліся грыбы. Уся сям’я вырашыла зрабіць запасы на зіму. Вавёркі назбіралі шмат грыбоў і развесілі іх, каб высахлі. Маленькая Рыжуля так хуценька збірала грыбы, што нават не заўважыла, як апынулася побач са сваім сябрам Лусем. Луся — гэта малое ласяня, якое таксама шукала грыбы для свайго таты.

— Ты што тут робіш? — запытала Рыжуля.

— У мяне захварэў тата, я вось шукаю яму мухаморы, але не магу знайсці цэлых, адны толькі патаптаныя, — адказаў Луся.

Тут яны ўбачылі Ваўчка, які лапамі таптаў грыбы.

— Што ты робіш? Так нельга.

— А навошта гэтыя грыбы, яны ж атрутныя. Я чуў, як казалі людзі. Я сам бачыў. Ішлі ўдваіх. Яны палкай збівалі шапкі мухамораў, а самі грыбы тапталі нагамі, сказаў Ваўчок.

— Можа, для каго і атрутныя. А для нас, Ласёў і Аленяў, гэта лекі, — сказаў Луся. — Ты зразумеў?

— Зразумеў. Я больш не буду так рабіць і перадам сваім знаёмым. Прабачце, калі ласка. Пойдзем, я пакажу, дзе яшчэ ёсць мухаморы.

Звяры пакрочылі за Ваўчком. Праз некаторы час яны ўбачылі шмат мухамораў.

— Грыбы трэба адкручваць, а не рваць з грыбніцай, бо на гэтым месцы павінны вырасці яшчэ новыя грыбы, — сказала Рыжуля. — Мяне гэтаму тата навучыў.

— Дзякуй за навуку, — сказаў Ваўчок і пабег сваёй дарогай. Луся набраў грыбоў, развітаўся з Рыжуляй і пайшоў дадому. Рыжуля паскакала да сябе ў дупло. Яна расказала пра сваю сустрэчу сваім родным.

— Вы з Лусем малайцы, што навучылі Ваўчка, як трэба сябе паводзіць. Зараз кладзіцеся спаць. І хай вам прысняцца добрыя сны, — сказаў тата.

Ірына ПІНЧУК,
выхавальнік ясляў-сада № 5 Дзяржынска.