Падарыце дзецям спартыўнае лета!

У летні перыяд адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай установы дашкольнай адукацыі з’яўляецца фізкультурна-аздараўленчая работа з выхаванцамі. Пры наяўнасці спартыўнай пляцоўкі, якая, па сутнасці, з’яўляецца летняй спартыўнай залай, фізкультура праводзіцца на свежым паветры. Фізічная нагрузка ў спалучэнні з натуральнымі прыроднымі фактарамі — сонцам, паветрам і вадой — прыносіць максімальны аздараўленчы эфект, спрыяе захаванню і ўмацаванню здароўя выхаванцаў.

Для ранішняй гімнастыкі, фізкультурных заняткаў, арганізацыі вольнага часу, правядзення свят выкарыстоўваецца стацыянарнае абсталяванне: лесвіцы для лажання, падцягвання. Па перыметры спартыўнай пляцоўкі размешчаны сектар футбола, баскетбола, бадмінтона, кідання дыскаў, ёсць стойкі для кідання ў цэль, яма для скачкоў. Выраблена нестандартнае абсталяванне для боўлінга, рухавых гульняў.

Асфальтаваная дарожка, якая прылягае да стадыёна, з’яўляецца прадаўжэннем спартыўнай пляцоўкі. На ёй намаляваны класікі, арыенціры для эстафет, дарожка для вядзення шайбы клюшкай, лабірынт, дарожка для рухаў карыгіравання, размешчаны сектар для гульні ў гарадкі, скачкоў на скакалцы. На асфальтаванай дарожцы выхаванцы вучацца катацца на веласіпедах і самакатах, праязджаючы праз пешаходны пераход і такім чынам замацоўваючы веды аб правілах дарожнага руху.

Спартыўная пляцоўка з’яўляецца базай для тэматычнай пляцоўкі “Асілкі”. Згодна з раскладам, сюды прыходзяць выхаванцы розных груп для правядзення вольнага часу, самастойнай дзейнасці. У іх распараджэнні мячы, кеглі, ракеткі, абручы, скакалкі, гантэлі і многае іншае. Самастойная дзейнасць ва ўмовах спартыўнай пляцоўкі дае кожнаму дзіцяці магчымасць выбіраць заняткі па інтарэсах, дапамагае фізічна развівацца па індывідуальнай праграме ва ўзаемадзеянні з кіраўніком фізвыхавання, а таксама ў групе з равеснікамі.

Фізкультурна-аздараўленчая дзейнасць на спартыўнай пляцоўцы праходзіць у спалучэнні з мастацка-эстэтычнай. Так, падчас фізкультурных свят, у вольны час на пляцоўцы арганізоўваюцца музычныя паўзы, праводзяцца тэатралізаваныя паказы, мастацкія конкурсы і г.д. Напярэдадні правядзення мерапрыемстваў для малышоў выхаванцы старшых груп упрыгожваюць пляцоўку, рыхтуюць сюрпрызы для самых маленькіх дзяцей і разам з імі радуюцца, калі сюрпрыз атрымаўся.

Апошнім элементам спартыўнай пляцоўкі з’яўляецца дарожка здароўя, якая складаецца з сектараў, напоўненых прыродным матэрыялам. Крочачы па іх, дашкольнікі ўмацоўваюць звод ступні, масажуюць яе біялагічна актыўныя пункты. Хадзьба па дарожцы здароўя з’яўляецца дзейснай мерай прафілактыкі плоскаступнёвасці. Апалоскванне ног у басейне пасля праходжання дарожкі здароўя — адзін са спосабаў загартоўвання дашкольнікаў.

Педагогаў нашай установы радуе той факт, што бацькі выхаванцаў не застаюцца ў баку ад спартыўных мерапрыемстваў, у тым ліку ад іх падрыхтоўкі і правядзення. Удвайне радуе гатоўнасць сем’яў дапамагаць у афармленні спартыўнай пляцоўкі, прыводзіць яе ў парадак, рабіць неабходнае абсталяванне.

Лета на спартыўнай пляцоўцы дапамагае дзецям аздараўляцца, развівацца, дорыць зарад бадзёрасці, масу ўражанняў, пазітыву.

Людміла НІШЧЫК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 2 Смалявіч.