Падарунак школе

Сталічная сярэдняя школа № 19 імя Янкі Купалы мае рэпутацыю ўстановы адукацыі з традыцыйна вельмі моцным выкладаннем матэматыкі. Сюды з самых аддаленых канцоў горада прыязджаюць за грунтоўнымі ведамі тыя, хто мае намер паступаць на самыя прэстыжныя спецыяльнасці вядучых тэхнічных УВА краіны. І тут нечаканае запрашэнне — 4 снежня з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, імя якога носіць навучальная ўстанова, на школьнай сцэне адбудзецца прэм’ера спектакля “Паўлінка” па аднайменным творы пісьменніка, усе ролі ў якім іграюць… 11-класнікі! Выпускны клас, у самым разгары падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, паглыбленае вывучэнне дакладных навук — і раптам іграюць у спектаклі! Шчыра кажучы, нам самім было цікава паглядзець на тое, што з гэтага атрымаецца.


А атрымалася чыстай вады задавальненне! Для гледача паўтары гадзіны праляцелі як адно імгненне — цікава, весела, на адным дыханні. Для тых жа, хто іграў на сцэне, і тых, хто за кулісамі хваляваўся больш за ўсіх, гэта быў выклік самім сабе і сваёй занятасці, незвычайны вопыт, вялікая адказнасць і па-сапраўднаму велізарны аб’ём работы.


Сёлета грамадскасць адзначала не толькі 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы, але і 105-годдзе напісання “Паўлінкі”. Школа, якая з гонарам носіць імя класіка, не магла застацца ў баку ад гэтых дат. Але для таго, каб зрабіць гэта прыгожа, эфектна і запамінальна, аднаго жадання настаўніка мала. Неабходны былі дзеці, якія б, загарэўшыся ідэяй і ахвяруючы ўласным вольным часам, дапамаглі рэалізаваць даўнюю задуму. І такія знайшліся!


— Я 15 гадоў прыглядалася да вучняў, шукаючы ў іх рысы герояў будучай пастаноўкі, нібыта незнарок агучвала сваю ідэю, але належнай зваротнай рэакцыі (калі б у дзяцей загарэліся энтузіязмам вочы) не атрымлівала. І тут прыйшлі дзеці, з якімі мы адразу адчулі адно аднаго. Я была іх класным кіраўніком з 5 класа і бачыла, што, нягледзячы на тое, што ўсе яны захоплены матэматыкай, актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і навукова-практычных канферэнцыях, яны яшчэ і вельмі творчыя. Аднойчы, калі я чарговы раз уголас падумала пра тое, як бы здорава было паставіць “Паўлінку”, нечакана пачула ў адказ: “Дык давайце паставім!” Я ўзрадавалася, кажу: “Мы яе, канечне, скароцім, каб вам лягчэй было”, а яны: “Навошта скарачаць? Мы справімся! У нас усё атрымаецца”, — згадвае ініцыятар школьнай пастаноўкі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Іна Міхайлаўна Шапкова.

Настаўніца бачыла, як складана было дзецям. Па-першае, трэба было вывучыць вялікі аб’ём тэксту. Па-другое, рэпетыцыі праходзілі пасля ўрокаў, а выпускнікам трэба было бегчы на падрыхтоўчыя курсы. Па-трэцяе, у дзяцей увогуле не было ніякага акцёрскага вопыту, як і ў школе ніколі не было тэатральнага гуртка. А ў “Паўлінцы” ім яшчэ спяваць і танцаваць давялося! Але і з гэтым выпрабаваннем навучэнцы справіліся выдатна. Канчаткова пераўвасобіцца ў вобразы герояў народнай п’есы дапамаглі касцюмы, прадастаўленыя Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

Уразіла гледачоў школьнай прэм’еры і тое, як дакладна былі падабраны да ўсіх роляў акцёры. Вікторыя Сарока не проста іграла ролю Паўлінкі, яна сама вылітая Паўлінка, тая самая, якая ўяўляецца пры чытанні твора. Калі б існаваў школьны тэатральны “Оскар” за лепшую мужчынскую ролю, то ён абавязкова дастаўся б Васілю Драбышэўскаму за ролю Адольфа Быкоўскага і Мікіце Дубініну за ролю Якіма Сарокі. А якімі па-сапраўднаму купалаўскімі на сцэне былі Агата (Наталля Аляхновіч) і Альжбета (Юлія Янковіч)! Ягор Ганчароў, Мікіта Паўлюковіч, Канстанцін Акуліч, Філіп Усенка, Кацярына Бурко, Аліса Кавальчук, Марыя Карытка, Раман Рабаў, Арцём Путнін, Андрэй Княжышча… Аддаўшы ўсё да апошняй эмоцыі гледачу, пасля спектакля яны моўчкі ледзь ішлі дамоў.

— Я нізка схіляю галаву перад іх талентам, цярпеннем і працавітасцю. Усім ім я неймаверна ўдзячна і дагэтуль дзіўлюся, як ім хапіла духу рашыцца на гэта. Упэўнена, што і яны запомняць школьную “Паўлінку” на ўсё жыццё, — гаворыць Іна Міхайлаўна. — Для мяне вельмі важна і тое, што падчас рэпетыцый яны паміж сабой вельмі пасябравалі. Напрыклад, Мікіта адразу не хацеў іграць мужа Наташы, казаў, не хачу я сабе такую жонку. На што адказала яму, што гэта толькі спектакль і што я не збіраюся тут нікога жаніць. Ды і Наташа адразу хацела іграць маладую стройную Паўлінку, а не Агату. Але я пераканала яе ў тым, што Агату яшчэ паспрабуй сыграй — такі каларытны персанаж, што не ў кожнага атрымаецца. У выніку ў іх атрымаўся выдатны творчы тандэм. Дарэчы, запіс спектакля будзе захаваны ў літаратурнай экспазіцыі школьнага музея “Мы купалаўцы” — своеасаблівы падарунак сёлетніх выпускнікоў школе да 100-гадовага юбілею, які яна адзначыць у 2019 годзе. Вельмі хачу, каб праз 10—20 гадоў пасля заканчэння школы яны сабраліся разам і пераглядзелі гэты спектакль гэтак жа дружна, як і некалі сыгралі.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*