Па вуліцах горада ў Дзень ведаў

2018 год аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. У кожнай навучальнай установе падрыхтоўка першага ўрока, які праходзіў пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца”, была асаблівай.

Для многіх школьнікаў нашай краіны, якія жывуць у вялікіх гарадах, успрыманне сваёй малой радзімы можа быць лакалізавана часткай горада — раёнам, мікрараёнам, вуліцамі, дзе размешчаны школа і дом. Назвы вуліц, па якіх кожны дзень ходзяць нашы выхаванцы, неабходна вывучаць таму што гэта складнік гарадской культуры і нашай гісторыі. Яны не толькі дапамагаюць людзям арыентавацца ў прасторы, але і выхоўваюць школьнікаў, выклікаюць цікавасць да мінулага, сучаснага і будучыні роднага горада і сваёй краіны.

Адной з эфектыўных форм правядзення першага ўрока, прысвечанага Дню ведаў і Дню беларускага пісьменства, у многіх навучальных установах стала віртуальная экскурсія. Яе вучэбна-выхаваўчае значэнне павысіцца, калі змест экскурсіі будзе падрыхтаваны з удзелам саміх школьнікаў. Прыкладам можа стаць выкарыстанне вынікаў выкананых раней праектна-даследчых работ, якія былі прысвечаны вывучэнню гісторыі роднага краю.

Так, у сярэдняй школе № 54 Мінска на першым уроку ў многіх класах выкарыстоўваліся вынікі даследчай работы навучэнкі 4 “А” класа Соф’і Карпіевіч, якая атрымала дыплом ІІ ступені на гарадскім фестывалі “Пазнанне і творчасць”, а таксама на другіх раённых краязнаўчых чытаннях.

Яе работа “Падарожжа па Козыраве: дзіўныя мясціны каля нашай школы” накіравана на адбор і вывучэнне аб’ектаў, якія маюць культурна-гістарычнае значэнне, у мікрараёне нашай школы. У рамках даследавання была абгрунтавана актуальнасць вывучэння гісторыі пасёлка Козырава, а таксама распрацаваны экскурсійны маршрут па цікавых месцах вуліц Сонечнай, Фізкультурнай, Аўрораўскай, Вялікаморскай, Козыраўскай і інш.

Падчас першага ўрока навучэнцы азнаёміліся з гісторыяй будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі і ўзнікненнем жылога пасёлка, які з’явіўся дзякуючы намаганням інжынера шляхоў зносін начальніка Лібава-Роменскай чыгункі Дзмітрыя Паўлавіча Козырава. Пры дапамозе мультымедыйнай прэзентацыі навучэнцы маглі паглядзець фотаздымкі многіх вядомых для мікрараёна месцаў — станцыі Мінск-Паўднёвы, Камвольнага камбіната, вуліцы Маякоўскага, якая шмат гадоў назад была і Чэрвеньскім, і Ігуменскім трактам.

Абмеркаванне гераічнага мінулага мікрараёна разгортваецца вакол помніка героям Уладзіміру і Канстанціну Сянько. У гады вайны яны здзяйснялі дыверсіі на станцыі, збіралі разведданыя. На рахунку братоў Сянько, якія загінулі ў 1943 годзе, многа вельмі каштоўных данясенняў, сабраных дакументаў і г.д. З 2013 года экспазіцыя музея, прысвечанага мінскаму падполлю, дзейнічае ў сярэдняй школе № 54 Мінска. Паэтычная частка віртуальнай экскурсіі была звязана з творчасцю рэпрэсіраванага беларускага паэта Валерыя Маракова. На вуліцы Вялікаморскай, якая знаходзіцца недалёка ад школы, нарадзіўся гэты вельмі таленавіты чалавек, імя якога доўгі час было незаслужана забыта ў Беларусі.

Вершы В.Маракова, напісаныя ім у 20—30-я гады ХХ стагоддзя, вельмі эмацыянальныя, лірычныя. Лепшыя старонкі яго паэм прысвечаны роднаму краю — Беларусі. Сёння нам даступны яго кнігі, якія выдаваліся ў СССР пасля рэабілітацыі (“На залатым пакосе”, “Рабінавая ноч”, “Пялёсткі” і многія іншыя). Вершы Валерыя Маракова знайшлі сваё месца ў рамках урока, прысвечанага Году малой радзімы.

Мы спадзяёмся, што пералічаныя вышэй, а таксама іншыя вынікі работы юнай даследчыцы Соф’і Карпіевіч будуць запатрабаваны не толькі ў нашай школе, але таксама ў іншых установах адукацыі Ленінскага раёна, а віртуальная экскурсія стане паўнавартасным маршрутам як для школьнікаў, так і для дарослых жыхароў мікрараёна. Працягваць стымуляваць пазнавальную актыўнасць у вывучэнні гісторыі роднага краю ў нашай школе плануюць праз распрацоўкі віктарын, фотавыстаў, квестаў і іншых актыўных форм вучэбна-выхаваўчай работы, а таксама праз арганізацыю даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Наталля КУЗМІНА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 54 Мінска;
Алена КАРПІЕВІЧ,
кандыдат педагагічных навук.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

*