Па Лошыцкім парку — з мабільнікам

Ва ўстановах адукацыі Ленінскага раёна Мінска вядзецца планамерная выхаваўчая работа з вучнямі і бацькамі. Асобнае месца ў сістэме такой работы кожнай школы, гімназіі і ліцэя адведзена краязнаўству. Педагогі і навучэнцы сярэдняй школы № 111 Мінска знаходзяцца ў пастаянным творчым пошуку новых цікавых форм сумеснай работы, у тым ліку з выкарыстаннем IT-тэхналогій і розных найноўшых тэхнічных сродкаў навучання.

У гэтым навучальным годзе ўдзельнікі навуковага аб’яднання навучэнцаў нашай установы зацікавіліся гісторыка-архітэктурнымі асаблівасцямі лошыцкай сядзібы і сучасным поглядам на яе архітэктуру. Асноўнай мэтай далейшай краязнаўчай работы стала вывучэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей Лошыцкага парку, патэнцыялу і магчымасці яго выкарыстання ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці жыхароў сталічнага мегаполіса.

Было дакладна ўстаноўлена, што ўжо ў XVI стагоддзі на месцы зліцця дзвюх рэк (Свіслачы і Лошы) існаваў феадальны маёнтак. Першыя пісьмовыя ўспаміны пра Лошыцу ўзнікаюць на старонках “Лiтоўскай метрыкі”. Пачынаючы з XVII стагоддзя да 80-х гадоў XIX стагоддзя ўрочышчам валодалі Прушынскія герба Любіч. Апошнім уладальнікам стаў Яўстафій Іванавіч Любанскі, прадстаўнік жаночай лініі роду Прушынскіх. Пасля 1917 года ўсе падзеі сацыяльна-палітычнага жыцця савецкай Беларусі адбіліся і на гісторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу. У гады акупацыі ў лошыцкім асабняку размя­шчалася рэзідэнцыя мінскага абласнога камісара. З ліпеня па лістапад 1944 года ў Лошыцы размяшчаўся штаб партызанскага руху Беларусі. Пасля вайны Лошыцкі парк быў аддадзены пад сельгасугоддзі саўгасу “Лошыца”. У 1988 годзе Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс быў узяты пад ахову дзяржавы і аб’яўлены помнікам гісторыі, культуры і архітэктуры.

З мэтай перанясення ў рэальнае жыццё атрыманых у ходз­е краязнаўчай работы напрацовак калектывам на чале з вучнем 9 “А” класа Максімам Суворавым быў створаны мабільны дадатак “Ты пазнаеш яго з тысячы!..”. Гэты праграмны прадукт прысвечаны аднаму з лепшых, на думку аўтараў, раёнаў сталіцы — Ленінскаму. Першая старонка меню мабільнага дадатку, распрацаванага Максімам і яго аднадумцамі, да­зваляе падрабязна азнаёміцца з гісторыяй стварэння і ўзнікнення Ленінскага раёна сталіцы, а таксама мікрараёна Лошыца. Другая старонка меню мае наступныя складнікі: “Экскурсія”, “Гульня”, “Кінастужкі”. Націснуўшы на кнопку “Экскурсія”, можна мімаволі апынуцца ў Лошыцкім парку, прайсціся па ўязной алеі, на ўласныя вочы пабачыць капліцу, наведаць флігель і непасрэдна ся­дзібу. Прагульваючыся па парку, нельга не заўважыць рэшткі старадаўняга млына. Недалёка ад Лошыцкага парку знаходзіцца найцікавейшы аб’ект гарадской гаспадаркі, пра які мала што вядома, — сад імя Гашкевіча (побач з якім і размешчана 111-я школа).

Мабільны дадатак аснашчаны функцыяй “Геалакацыя”, якая дазваляе ўсім карыстальнікам прадукту азнаёміцца з карыснай інфармацыяй пра месца свайго знаходжання ў той ці іншы прамежак часу. Калі вы адчуваеце сябе сапраўдным края­знаўцам і ў той ці іншай ступені гісторыкам, то інтэлектуальна-забаўляльная віктарына створана менавіта для вас. А калі вы заўзяты кінааматар, то вам будзе даспадобы змест кнопкі “Кінастужкі”.

Распрацоўшчыкі гэтага краязнаўчага дадатку для мабільнага тэлефона (удзельнікі навуковага аб’яднання навучэнцаў 111-й сталічнай школы) дакладна ўпэўнены, што прымяненне ІТ-тэхналогій у краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца неабходнай умовай, бо менавіта яны сёння дапамагаюць у пошуку і крэатыўнай апрацоўцы інфармацыі, спрыяюць эканоміі часу.

Мікалай КУРЫЛОВІЧ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 111 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.