Па лесвіцы поспеху

Выбар прафесіі — галоўны жыццёвы выбар, які робіць чалавек у юным узросце. Старшакласнік, выбіраючы прафесію, выбірае і свой лад жыцця. Вельмі хочацца, каб кожны знайшоў менавіта сваё, каб праз некаторы час не прыйшлося шкадаваць аб прынятым рашэнні.

Фота да матэрыялу: Па лесвіцы поспеху.

У нашай гімназіі сёння ўдзяляецца дастатковая ўвага прафарыентацыі старшакласнікаў. Праводзяцца дзелавыя гульні, псіхалагічныя тэсты з педагогам-псіхолагам, класныя гадзіны, на якіх праходзяць сустрэчы з людзьмі розных прафесій, а таксама праводзяцца экскурсіі ў арганізацыі і на прадпрыемствы не толькі нашага горада, але і па гарадах Беларусі. Самае папулярнае і карыснае мерапрыемства па прафарыентацыі для старшакласнікаў — гэта дні адкрытых дзвярэй ва УВА, сустрэча з выкладчыкамі і зносіны са студэнтамі.

Навучэнцам нашай гімназіі пашанцавала на асенніх канікулах правесці час з карысцю. Паўдзельнічаць у рэспубліканскім праекце Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь “Асенняя школа кіравання. Лесвіца поспеху” было даволі няпроста. Для гэтага Марына Траццякова і Ала Бань адправілі эсэ на тэму “Чаму я хачу стаць студэнтам Акадэміі кіравання”, а таксама запоўнілі анкету. Са 150 эсэ былі выбраны толькі 30, а значыць, лепшыя з лепшых. Праект садзейнічае кар’ернаму прасоўванню і прафесійнаму развіццю таленавітай моладзі. На працягу чатырох дзён старшакласнікі з усіх рэгіёнаў нашай краіны адчувалі сябе студэнтамі Акадэміі кіравання.

З першага дня ўдзельнікі пачалі паглыбляцца ў студэнцкую атмасферу. Ім былі ўручаны часовыя студэнцкія білеты, для іх правялі ўводныя заняткі, а таксама майстар-класы “Традыцыйныя каштоўнасці беларускага народа і ідэалогія беларускай дзяржавы” і “Дзелавы імідж сучаснага кіраўніка” — і ўсё гэта ў першы дзень! Наступныя дні былі не менш насычанымі: асновы нейраэканомікі, дзелавыя гульні і выязныя заняткі на СААТ “Камунарка” і Wargaming. Наведванне апошняй было незабыўным: работнікі расказалі пра дзейнасць кампаніі, а таксама прадэманстравалі розныя рабочыя зоны. А сустрэча з кіраўніцкім складам прадпрыемства “Камунарка” выклікала фурор: цікавая гутарка, жывыя зносіны, частаванне свежымі смачнымі ласункамі.

Ала Бань, якая плануе звязаць сваё жыццё са спецыяльнасцю “Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка”, пабывала на дзелавой гульні “Фондавая біржа”, якую правялі дацэнты кафедры эканамічнай тэорыі факультэта кіравання Інстытута кіраўніцкіх кадраў. Па словах Алы, яна пры дапамозе камп’ютарнай праграмы змагла стаць кіраўніком прадпрыемства, змадэляваць розныя варыянты яго развіцця.

Марына Траццякова выбрала спецыяльнасць “Дзяржаўнае кіраванне і права” і стала ўдзельніцай дзелавой гульні “Судовы разбор у эканамічным судзе”. Марыне давялося сыграць ролю галоўнага суддзі і прымераць у зале суда мантыю.

“Вялікае ўражанне пакінула лекцыя Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь А.У.Канюка, сустрэча з першым прарэктарам, кандыдатам эканамічных навук, дацэнтам Валерыем Анатольевічам Барадзеняй, а таксама выязныя мерапрыемствы на вядучыя прадпрыемствы і арганізацыі краіны”, — падзяліліся сваімі ўражаннямі аб удзеле ў праекце Ала і Марына.

Праект скончыўся. З сабой дзяўчаты павезлі масу ўражанняў і сертыфікаты ўдзельнікаў. Хочацца пажадаць ім і ўсім старшакласнікам зрабіць правільны выбар.

Наталля ІВАШКА,
метадыст гімназіі № 2 Салігорска.