Новая школа — новыя магчымасці

У Дзень ведаў у мінскім мікрараёне Дамброўка расчыніла свае дзверы школа-новабудоўля. Ва ўрачыстай цырымоніі яе адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Юркевіч, кіраўнік адміністрацыі Фрунзенскага раёна Арцём Цуран.

Новая школа размясцілася сярод шматпавярховак па адрасе: Алеся Гаруна, 5. Яе будаўніцтва пачалося ў верасні 2015 года. Заказчыкам аб’екта выступіла ДВА “Мінскбуд”, а генеральным падрадчыкам — ААТ “Будтрэст № 1”. На будаўніцтва ўстановы было затрачана больш за 10 млн долараў.

Як расказала дырэктар школы Ірына Аляксееўна Дрозд, адукацыйная ўстанова разлічана на 1020 навучэнцаў, але 1 верасня за парты селі 1309 дзяцей (сфарміравана 49 класаў-камплектаў). Сёлета ў школе было набрана 10 1-х класаў, з якіх 2 — класы інтэграванага навучання і выхавання. Дарэчы, у школе створаны ўсе ўмовы для навучання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць ліфты, спецыяльна абсталяваныя санітарныя пакоі, поручні, школьныя парты для дзяцей. У басейна — два пад’ёмнікі для інвалідаў, кушэтка для адпачынку і асобная раздзявалка.

У новабудоўлі ўсё дасканала прадумана для бяспечнага знаходжання дзяцей. Чатырохпавярховы будынак школы абсталяваны камерамі відэаназірання. У холе ўстаноўлены турнікеты. Пабочнаму наведвальніку ў навучальную ўстанову нельга трапіць — тут абсталёўваецца электронная прапускная сістэма (установа падключана да праекта “Электронная школа”). З дапамогай электронных карт вучні змогуць заходзіць у школу. Гэтыя карты таксама можна будзе выкарыстоўваць як праязны дакумент, чытацкі білет, аплату харчавання.

У афармленні школы выкарыстаны нацыянальныя ўзоры, архітэктурныя сімвалы Беларусі і матывы з гісторыі Мінска. Афармленне сцен адной з абедзенных зал раскажа пра Мінск ад мінулага да сучаснасці, другой — пазнаёміць з сучаснымі архітэктурнымі помнікамі сталіцы. На адным з паверхаў — экспазіцыя, прысвечаная беларускаму кнігадрукаванню. Колеравая гама школы вытрымана пераважна ў залаціста-серабрыстым і блакітным колерах.

— Кожная навучальная ўстанова мае сваю адметнасць. Вось і мы калектыўна вырашылі выкарыстаць прастору школы для таго, каб ненадакучліва расказаць дзецям пра Мінск і пра рэспубліку, прывіць любоў да роднай зямлі, тым больш, што школа адкрылася ў юбілейны год. Мы робім упор на нашы нацыянальныя традыцыі, на нашу беларускасць. Кожны сантыментр, кожны куточак ці стэнд павінны несці пэўную інфармацыю для дзяцей, каб выхаваць іх сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны. У перспектыве мы нават плануем стварыць музей Мінска, — заўважае Ірына Аляксееўна.

Арыгінальнае выкарыстанне прасторных калідораў можна назіраць і ў блоку пачатковай школы. Рэкрэацыйная зона на першым паверсе ўяўляе сабой “Горад бяспекі”. На перапынку малодшыя школьнікі могуць пагуляць у вучэбныя гульні, якія размешчаны на падлозе і сцяне. Падлога ў калідорах мае спецыяльнае пакрыццё. На сценах таксама можна заўважыць лёгкія аблокі, дзе прытуліліся правілы паводзін у школе.

Ва ўстанове адкрыты два класы ў пачатковай школе, дзе настаўнікі выкарыстоўваюць лега-тэхналогіі ў навучанні. Вучэбныя канструктары для дзяцей набылі бацькі. З дапамогай лега дзеці змогуць лічыць, складаць сказы, кампазіцыі і інш. Не пакінуць абыякавымі навучэнцаў і заняткі па робататэхніцы.

На першым паверсе школы размешчаны сталовая, якая дазваляе карміць 300 дзяцей, і два басейны з трэнажорнай залай. У маленькім басейне будуць вучыцца плаваць пачаткоўцы, а ў вялікім на 25 метраў — старшакласнікі. Прапускная здольнасць басейнаў — 600 чалавек у дзень. Плануецца арганізаваць і платныя паслугі для жыхароў мікрараёна.

1 верасня ў сталічных школах за парты селі каля 192 тысяч вучняў, што на 7 тысяч больш, чым летась. Звыш 22 тысяч юных мінчан прынялі 840 1-х класаў.

Для заняткаў фізічнай культурай ёсць дзве спартыўныя залы агульнай плошчай 970 квадратных метраў. Дарэчы, у вялікай зале ёсць магчымасць праводзіць міжнародныя спаборніцтвы. На вуліцы абсталяваны пляцоўкі для гульнявых відаў спорту: футбольнае поле, хакейная каробка, пляцоўкі для гульняў у баскетбол і валейбол. Іх ужо школьнікі паспяхова апрабавалі. Тым больш што ва ўстанове з новага навучальнага года адкрыты тры спецыялізаваныя класы па спорце. Адметнасць гэтых класаў у тым, што ў іх у вучэбнай сетцы заняткаў “Фізічнай культуры і здароўя” няма, а спартыўныя трэніроўкі арганізоўваюцца ў другой палове дня.
Узбагачаць веды, пашыраць кругагляд, развіваць здольнасці вучняў дапамогуць бібліятэка з трыма тысячамі экзэмпляраў мастацкай літаратуры і аўдыякнігамі, камп’ютарныя і лінгафонныя класы з бесправадным інтэрнэтам для заняткаў замежнай мовай, майстэрні для навучання ганчарнаму мастацтву, дрэва- і металаапрацоўцы, швейнай і кулінарнай справе.

— Калектыў школы ўкамплектаваны кадрамі — у штат набралі каля 100 педагогаў. У асноўным гэта вопытныя настаўнікі вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыі, сярэдні ўзрост — 40—45 гадоў. Прыйшлі да нас і маладыя спецыялісты: настаўнікі рускай мовы і літаратуры, гісторыі, сацыяльны педагог, педагог-арганізатар, выхавальнік групы прадоўжанага дня, — заўважае І.А.Дрозд. — Нашы педагогі творчыя, таленавітыя, крэатыўныя. Упэўнена, што навучэнцаў у сценах навучальнай установы чакае цікавае, насычанае жыццё.

Новая навучальная ўстанова атрымала нумар 41. Калісьці слава пра школу пад гэтым нумарам грымела далёка за межамі сталіцы і нават рэспублікі. Будзем спадзявацца, што лічба 41 будзе шчаслівай і для новабудоўлі і яе навучэнцы і педагогі ў хуткім часе гучна заявяць пра сябе сваімі дасягненнямі і перамогамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота БелТА.