Навучыць пазнаваць свет

Даследчая дзейнасць навучэнцаў спрыяе развіццю і індывідуалізацыі асобы, а таксама фарміраванню матывацыі да атрымання ведаў. На маю думку, мэтазгодна з пачатковай школы ўводзіць асновы гэтай дзейнасці ў вучэбны працэс. Важна менавіта ў пачатковай школе стварыць псіхолага-педагагічныя ўмовы для рэалізацыі ўзроставай патрэбы ў пошукавай актыўнасці. Без навыкаў даследчай вучэбнай дзейнасці складана асвоіць праграму, якая прапануецца сярэдняй і старшай школай. Лічу неабходным мэтанакіравана вучыць дзіця прыёмам і спосабам даследчай дзейнасці пачынаючы з пачатковай школы.

Ужо з 1 класа я выкарыстоўваю гэты від дзейнасці як на ўроках, так і на факультатыўных занятках і ў пазакласнай рабоце, прыцягваючы да даследаванняў дзяцей рознага ўзроўню навучанасці з мэтай выяўлення крэатыўнага мыслення і матывацыі да яго. Пры гэтым улічваю, што навучанне асновам навуковага даследавання ўяўляе сабой паэтапнае, з улікам узроставых асаблівасцей, мэтанакіраванае фарміраванне ўсіх кампанентаў даследчай культуры школьніка.

Паэтапна рэалізоўваю тры ўзроў­ні даследчага навучання:

  • Стаўлю праблему і намячаю стратэгію і тактыку яе вырашэння; само рашэнне дзіця павінна будзе знайсці самастойна.
  • Стаўлю праблему, але метад яе вырашэння дзіця шукае самастойна (на гэтым узроўні дапускаецца калектыўны пошук).
  • Пастаноўка праблемы, пошук метадаў яе даследавання і распрацоўка вырашэння ажыццяўляецца дзецьмі самастойна.

Гэтыя ўзроўні даследчага навучання я суадношу па класах. У 1 класе стаўлю праблему, сама прапаную шлях даследавання і падводжу дзяцей да яе вырашэння. Сістэматычна выкарыстоўваючы даследчы метад навучання ў 2, 3 класах, я ўпэўнілася, што настаўнік становіцца арганізатарам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, дапамагае выказваць і абмяркоўваць прапановы, прымаць рашэнні, заахвочвае ініцыятыву кожнага дзіцяці, падштурхоўвае яго самастойна ісці да мэты. І толькі да канца 3 класа навучэнцы могуць самастойна вызначыць праблему, прапанаваць гіпотэзу, знайсці шляхі яе вырашэння, канкрэтызаваць і зрабіць выснову.

Праграму навучання даследчай дзейнасці пачынаю з трэнінгавых заняткаў па развіцці ўмення задаваць пытанні, бачыць праблему, выказваць гіпотэзу.

Акрамя таго, мы вучымся праводзіць эксперымент — найважнейшы з метадаў даследавання. Самыя цікавыя эксперыменты — гэта, канечне, рэальныя доследы з рэальнымі прадметамі і іх уласцівасцямі. Разам з дзецьмі вучымся аналізаваць, вылучаць галоўнае і другараднае, рабіць высновы.

Назіранні паказваюць, што эксперыменты спрыяюць развіццю ў дзіцяці мыслення, увагі, уяўлення, памяці, успрымання, дробнай і буйной маторыкі, а таксама творчых здольнасцей, агульнай культуры і эрудыцыі, прагі да пазнання, фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі і высокай самаацэнкі, іншых навыкаў, неабходных для школьнага і штодзённага жыцця. Пры дапамозе даследаванняў нават самых маленькіх дзяцей можна навучыць такім складаным прыродазнаўчым навукам, як фізіка, хімія і біялогія. Прычым тлумачыць самыя простыя навуковыя паняцці цалкам магчыма на даступнай для малодшых школьнікаў мове.

Мой вопыт паказаў, што дзеці, якія ўдзельнічаюць у даследчай дзейнасці, адрозніваюцца больш высокім узроўнем цікаўнасці, арыгінальнасцю мыслення. Пад кіраўніцтвам настаўніка, разам з бацькамі ці самастойна гэтыя дзеці захоплена шукаюць інфармацыю па пэўнай тэме ў кнігах, сродках масавай інфармацыі. Навучэнцы становяцца актыўнымі чытачамі школьнай і гарадскіх бібліятэк. Наведванне бібліятэк, гутаркі з людзьмі, відавочцамі тых ці іншых падзей, даюць вельмі багаты навык зносін, пашыраюць эрудыцыю і кругагляд.

Навучанне праз даследаванне патрабуе змен у рабоце настаўніка. Арганізоўваючы даследчую дзейнасць, настаўнік становіцца не толькі носьбітам гатовых ведаў, але і арганізатарам пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, дапамагае выказваць і абмяркоўваць прапановы, прымаць рашэнні, заахвочвае ініцыятыву кожнага дзіцяці, дапамагае яму самастойна ісці да мэты.

Для навучэнцаў важна на справе адчуць сітуацыю поспеху, адчуць сябе патрэбным, усвядоміць свае магчымасці, асабісты ўклад у агульную справу. Падчас арганізацыі такой дзейнасці мяняецца і тып узаемаадносін усіх удзельнікаў адукацыйнга працэсу — з’яўляюцца зносіны раўнапраўных партнёраў.

Вучэбна-даследчая дзейнасць патрабуе высокага ўзроўню ведаў, у першую чаргу ад самога педагога, добрага валодання метадамі даследавання, наяўнасці вялікай бібліятэкі з сур’ёзнай літаратурай, і, канечне, жадання паглыблена працаваць з навучэнцамі па засваенні выбранай тэмы. Настаўнік не павінен баяцца новаўвядзенняў, а смела вывучаць іх і ператвараць у жыццё.

Апісанне некаторых доследаў

Дослед 1. “Рэкордная вага”

Сутнасць эксперымента

Паміж дзвюма шклянкамі трэба пакласці яблык на ліст паперы.

Неабходныя матэрыялы:

  • 2 шклянкі;
  • ліст паперы;
  • яблык.

Рэалізацыя

Перад пачаткам эксперымента дзіцяці паведамляецца, што перш чым пабудаваць мост, трэба разлічыць канструкцыю. Неабходна многае ўлічыць: і сілу трэння, напружання, мяжу трываласці матэрыялу, і ўмовы рэльефу, і многае іншае.

Тлумачэнне

Спатрэбіцца дзве шклянкі, два лісты паперы і адзін яблык.

Адзін ліст паперы складваем гармонікам.

Ставім дзве шклянкі, на іх — ліст паперы.

Рэбры жорсткасці, якія з’явіліся на выгінах, зрабілі канструкцыю моцнай і мост змог вытрымаць яблык.

Дослед 2. “Магутныя калоны”

Сутнасць эксперымента

Пакласці рэчы з аднолькавай вагой на геаметрычныя фігуры розных форм.

Неабходныя матэрыялы:

  • папера;
  • падручнікі.

Рэалізацыя

Калоны са старажытных часоў выкарыстоўваюцца ў якасці апоры. Неабходна праверыць, якая форма апоры больш моцная.

Праводзіцца конкурс апор.

У конкурсе ўдзельнічаюць: цыліндр, квадратная прызма, трохвугольная прызма.

Тлумачэнне

Перад пачаткам эксперымента трэба паспрабаваць адгадаць, якая калона мацнейшая. Гэтае пытанне можна задаць не толькі дзецям, але і дарослым.

Пераможцам становіцца цыліндр. І гэта нядзіўна, бо вага кніг размяркоўваецца ў яго больш раўнамерна па сценках, чым у трохвугольнай і квадратнай прызмы.

Дослед 3. “Шматкі, якія танцуюць”

Сутнасць эксперымента

Некаторыя крупы здольны рабіць многа шуму. Зараз ты даведаешся, ці можна рысавыя шматкі навучыць яшчэ і скакаць, і танцаваць.

Неабходныя матэрыялы:

  • папяровы ручнік;
  • 1 чайная лыжка (5 мл) хрусткіх рысавых шматкоў;
  • паветраны шарык;
  • ваўняны світар.

Рэалізацыя

Рассцялі на стале папяровы ручнік. Насып на ручнік шматкі. Аб’яві гледачам: “Усе вы, канечне, ведаеце, як рысавыя шматкі могуць трашчаць, хрусцець і шамацець. А цяпер я пакажу вам, як яны ўмеюць скакаць і танцаваць”.

Надзьмі шарык і завяжы яго. Патры аб ваўняны світар. Паднясі шарык да шматкоў і паглядзі, што адбудзецца.

Што яшчэ можна зрабіць?

Паспрабуй узяць замест рысавых якія-небудзь іншыя шматкі. Ці атрымаецца тое ж самае з аўсянымі або пшанічнымі?

Шматкі будуць падскокваць і прыцягвацца да шарыка.

Тлумачэнне

У гэтым эксперыменце дапамагае статычная электрычнасць. Электрычнасць называюць статычнай, калі ток, гэта зна­чыць перамяшчэнне зараду, адсутнічае. Яна ўтвараецца за кошт трэння аб’ектаў, у гэтым выпадку шарыка і світара. Усе прадметы складаюцца з атамаў, а ў кожным атаме знаходзіцца пароўну пратонаў і электронаў. У пратонаў зарад дадатны, а ў электронаў — адмоўны. Калі гэтыя зарады роўныя, прадмет называюць нейтральным, ці незараджаным. Але ёсць аб’екты, напрыклад, валасы ці воўна, якія вельмі лёгка страчваюць свае электроны. Калі пацерці шарык аб ваўняную рэч, частка электронаў пяройдзе ад воўны на шарык, і ён набудзе адмоўны статычны зарад.

Калі наблізіць адмоўна зараджаны шарык да шматкоў, электроны ў іх пачынаюць адштурхоўвацца ад яго і перамяшчацца на супрацьлеглы бок. Такім чынам, верхні бок шматкоў, звернуты да шарыка, становіцца зараджаным дадатна, і шарык прыцягвае іх да сябе.

Калі пачакаць даўжэй, электроны пач­нуць пераходзіць з шарыка на шматкі. Паступова шарык зноў стане нейтральным і перастане прыцягваць шматкі. Яны ўпадуць назад на стол.

Дослед 4. “Мёртвае мора”

Сутнасць эксперымента

Можна наглядна паказаць цікавыя факты пра шчыльнасць.

Неабходныя матэрыялы:

  • яйка;
  • вада;
  • кухонная соль;
  • высокая шклянка.

Рэалізацыя

Яйка апусціцца на дно, калі змясціць яго ў шклянцы са звычайнай вадой. А што адбу­дзецца, калі ў ваду дабавіць соль? Вынік вельмі цікавы і можа наглядна паказаць цікавыя факты пра шчыльнасць.

Інструкцыя:

1. Палову шклянкі напаўняем вадой.

2. Дабаўляем у шклянку многа солі (каля 6 сталовых лыжак).

3. Мяшаем.

4. Асцярожна апускаем яйка ў ваду і назіраем за тым, што адбываецца.

Тлумачэнне

Салёная вада мае большую шчыль­насць, чым звычайная водаправодная. Менавіта соль падымае яйка на паверхню. А калі дабаўляць ва ўжо салёную ваду прэсную, то яйка будзе паступова апускацца на дно.

Дослед 5. “Манетніца”

Сутнасць эксперымента

Даведацца пра сілу паверхневага нацяжэння.

Неабходныя матэрыялы:

  • слоік ці шклянка;
  • манеты.

Рэалізацыя

Пастаўце слоік ці шклянку ў талерку ці тазік. Напоўніце слоік па самыя берагі вадой. Акуратна апускайце ў слоік манеты ўніз рабром.

Тлумачэнне

Вы ўбачыце, што можна змясціць у слоіку надзвычай многа манет да таго, як вада пачне пералівацца цераз край.

Уся справа ў сіле паверхневага нацяжэння: як пругкая плеўка, яна ўтрымлівае ваду над краем слоіка. Спатрэбіцца нямала манет, перш чым гэтая плеўка распадзецца і вада пачне пералівацца цераз край.

Вольга ЗАРА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Маладзечна.