Наш цёплы дом

Пачынаючы з 2009 года нарацкая сярэдняя школа № 2 прымае ўдзел у конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”. За час удзелу ў конкурсе мы паспрабавалі сябе практычна ва ўсіх намінацыях. Некалькі разоў былі пераможцамі раённага этапу конкурсу, удзельнічалі на абласным узроўні.

У 2010 годзе даследчая дзейнасць нашых навучэнцаў была прысвечана надзвычай актуальнай для нашага раёна і ўсёй краіны праблеме прымянення аднаўляльных крыніц энергіі, перспектыўных для Беларусі. Падчас работы мы сабралі інфармацыю па развіцці альтэрнатыўнай энергетыкі і выкарыстанні аднаўляльных крыніц на месцах. Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ў сядзібна-паркавым комплексе Камарова Мядзельскага раёна былі створаны два штучныя вадасховішчы (сажалкі) з мэтай выкарыстання энергіі вады для работы млына і сталярнага цэха. У цяперашні час млына і сталярнага цэха няма, але сажалкі і дамбы захаваліся. Таму ўзнікла ідэя рэалізацыі праекта аднаўлення МГЭС для частковага забеспячэння Камарова электрычнай энергіяй, а менавіта вулічнага асвятлення сядзібна-паркавага комплексу. Таксама ў рамках праекта на даху адміністрацыйнага будынка Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва ўстаноўлена сонечная батарэя, энергія ад якой паступае ў агульную сетку.

Чалавек даўно спрабуе выкарыстоўваць энергію ветру, у тым ліку ў Беларусі. Нараўне з Нараччу славутасцю нашай мясцовасці сталі ветраэнергетычныя ўстаноўкі ў Занарачы, якія ў народзе называюць ветракамі. Яны забяспечваюць 4% энергіі Мядзельскага раёна. Дзеці вывучылі характарыстыкі ветраэнергетычных установак, як хутка акупляюцца гэтыя аб’екты, тэрмін іх эксплуатацыі.

На першым уроку міру “Нам мір завешчана берагчы…” мы правялі брыфінг на экалагічную тэму. Распрацоўка гэтага ўрока перамагла ў намінацыі конкурсу настаўніцкіх работ “Захаваем клімат пры дапамозе простых энергетычных рашэнняў” на раённым этапе. Дзеці ў групах падрыхтавалі паведамленні пра альтэрнатыўныя крыніцы энергіі ў нашым рэгіёне. Вялікую цікавасць выклікала паведамленне пра найбуйнейшую сонечную электрастанцыю Беларусі, якая нядаўна адкрылася ў Швакштах Мядзельскага раёна. На пятнаццаці гектарах зямлі размясцілася 22 тысячы крэмніевых панэлей. Фотаздымкі парка сонечных батарэй з вышыні птушынага палёту падобны да вялікага вадаёма — возера Нарач, якое знаходзіцца недалёка. Магутнасць станцыі — 5 МВт. Штогод яна можа вырабляць 6,27 мільёна кілават-гадзін электраэнергіі: ад такой крыніцы энергіі могуць карыстацца каля 3 тысяч хатніх гаспадарак.

У мэтах фарміравання ў навучэнцаў актыўнай сацыяльнай пазіцыі ў дачыненні да рацыянальнага карыстання энергарэсурсамі і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя на працягу некалькіх гадоў у школе праводзіліся розныя мерапрыемствы.


Я прымяняю розныя формы і метады работы з навучэнцамі. Праводжу вучэбныя заняткі па энергазберажэнні, выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі на ўроках фізікі, задачы па фізіцы на энергазберажэнне, выхаваўчыя мерапрыемствы на класных і інфармацыйных гадзінах, уцягваю бацькоў ва ўзаемадзеянне ў сферы энергазберажэння.

У рамках праекта “Зялёная школа” мы паставілі перад сабой мэту правесці аналіз сітуацыі па эфектыўнасці выкарыстання энергіі ў школе і скласці план дзеянняў па зберажэнні цяпла і электраэнергіі ў школе на год. Былі выбраны групы навучэнцаў, якія кожны дзень на працягу месяца здымалі паказанні з лічыльніка. Мы высветлілі крыніцу электразабеспячэння будынка школы, вывучылі прыборы, якія нясуць асноўную электрычную нагрузку.

Былі створаны схемы расходавання электраэнергіі ў школе, падлічана колькасць лямп (улічваліся тыпы лямп, іх магутнасць і час работы); складзена табліца, у якой пазначалася расходаванне электраэнергіі ў школе, а таксама дыяграма з данымі па гадавым расходзе электрычнай і цеплавой энергіі.

У рамках праекта “Захаваем цяпло нашага дома” былі абследаваны кабінеты, калідоры, фае школы на прадмет уцечкі цяпла праз вокны і дзверы, праведзена ўцяпленне акон на зіму. Таксама вывучаны і прааналізаваны даныя з журнала ўліку (узяты ў намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы) па расходзе цеплавой энергіі ў школе. На аснове аналізу складзены план мерапрыемстваў па эканоміі электраэнергіі і цяпла. План узгоднены з адміністрацыяй установы адукацыі, даведзены да ведама педагогаў, гаспадарчых службаў, бацькоў, размешчаны на сайце ўстановы адукацыі.


Кожны год мы праводзім тыдзень энергазберажэння ў школе. У работу па энергазберажэнні былі ўключаны практычна ўсе навучэнцы школы, педагогі, а таксама значная частка бацькоў. Навучэнцы атрымалі заданне вывучыць расходаванне электраэнергіі і цяпла дома, таксама неабходна было распрацаваць сямейныя памяткі па рацыянальным выкарыстанні энергіі дома. Лепшыя лістоўкі, плакаты, буклеты былі адпраўлены на конкурс. Зняты відэакліп для правядзення класных гадзін “Наш цёплы дом” перамог на раённым этапе конкурсу школьных праектаў.

Вопыт паказвае, што для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў неабходна прымяняць разнастайныя формы навучання. Метады і сродкі выбіраюцца зыходзячы з мэт адукацыйнага працэсу. Мэтай з’яўляецца фарміраванне ў падрастаючага пакалення экалагічнай кампетэнтнасці, выхаванне ў навучэнцаў энергазберагальных паводзін. Вынікі анкетавання дзяцей і іх бацькоў паказалі павышэнне ўзроўню інфармаванасці насельніцтва. Работу ў гэтым напрамку плануем працягваць.

Галіна БАРАДЗІНА,
настаўніца фізікі нарацкай сярэдняй школы № 2.