Напісанае застаецца

У апошнія гады арыентацыя працэсу навучання на камунікатыўнасць у значнай меры адсунула навык пісьмовага маўлення на задні план. У школьнай праграме пісьмовае маўленне і пісьмо часта становяцца толькі сродкам, а не мэтай навучання.

Аднак значнасць пісьма ў навучанні замежнай мове ў апошні час вельмі высокая. Значна ўзрасла колькасць абітурыентаў, якія паступаюць ва ўстановы адукацыі блізкага і далёкага замежжа, дзе неабходнымі становяцца такія экзамены, як TOEFL, IELTS, FCE і інш. На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі ўжо больш за 10 гадоў паспяхова прымяняецца форма АДЭ. Усе гэтыя экзамены ў той ці іншай ступені правяраюць навыкі творчага пісьмовага маўлення. Таму асмелюся падумаць, што ў Рэспубліцы Беларусь у найбліжэйшы час у матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання могуць быць уключаны заданні такога характару.

Працуючы з пакаленнем дзяцей і мола­дзі, якое не мае дастатковай дасведчанасці, упэўненасці, а часам проста матывацыі і жадання ажыццяўляць камунікацыю ў пісьмовай форме, я лічу неабходным для настаўнікаў замежнай мовы прысвячаць больш часу выпрацоўцы ў навучэнцаў звычкі пісьма. З боку настаўніка гэтая праблема патрабуе адбору адпаведных прыёмаў работы, з адэк­ватным узроўнем патрабаванняў, і магчымасці забяспечыць навучэнцаў дастатковай колькасцю моўных сродкаў і інфармацыі для паспяховага выканання пісьмовых заданняў. У сувязі з гэтым і ўзнікае пытанне: прымяненне якіх сродкаў можа дапамагчы навучэнцам набыць неабходны базіс для фарміравання, удасканалення і развіцця ўменняў іншамоўнага пісьмовага маўлення для авалодання камунікатыўнай кампетэнцыяй?

За гады работы я прыйшоў да высновы, што рэалізацыя міжнародных інтэрнэт-праектаў адначасова забяспечвае не толькі эфектыўнае дасягненне практычных, агульнаадукацыйных і развіццёвых мэт, але і мае значныя магчымасці для выкліку і далейшага падтрымання матывацыі навучэнцаў.

З мэтай фарміравання інфармацыйнай кампетэнтнасці школьнікаў у сферы самастойнай пазнавальнай дзейнасці, крытычнага мыслення, навыкаў работы ў камандзе, набыцця навыкаў самастойнай работы з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі, умення ўбачыц­ь праблему і намеціць шляхі яе вырашэння ў гімназіі-каледжы мастацтваў арганізавана работа па далучэнні навучэнцаў і педагогаў да ўдзелу ў праектах міжнароднай адукацыйнай і рэсурснай сеткі iEARN.

У гімназіі-каледжы мастацтваў інтэрнэт-праекты арганізоўваюцца педагогамі-каардынатарамі і іх вучнямі, якія ў час урокаў па сваім прадмеце, пазаўрочнай і пазашкольнай дзейнасці ў рамках праекта ўключаюць ва ўзаемадзеянне сваіх калег, бацькоў, спецыялістаў з розных галін і г.д. Вось некаторыя прыклады такіх праектаў: Holiday Card Exchange, Talking Kites, The World We Live in, One Day in the Life. Падрабязней спынюся на праекце Teddy Bear Project, які спадабаўся дзецям усіх узростаў.

Школы-ўдзельніцы з розных краін свету знаходзяць сабе пару для рэалізацыі праекта, пасля чаго поштай адпраўляюць адно аднаму ў госці плюшавага мядзведзя. Пасля прыезду ў новую краіну мядзведзь адпраўляецца дадому праз Facebook, e-mail ці iEARN форум запісу са свайго дзённіка-падарожніка, у якім апісвае сваё знаходжанне ў новай краіне: ад штодзённага побыту да нацыянальных свят і асаблівасцей этнічнай культуры. Канечне, ад асобы мядзведзя-падарожніка пішуць навучэнцы боку, які прымае, транслюючы разуменне культуры і самабытнасці сваёй краіны ўсёй сусветнай суполцы. Пасля заканчэння праекта плюшавыя мядзведзі вяртаюцца поштай дадому і прывозяць з сабой маляўнічы журнал падарожніка, што ўяўляе сабой аўтэнтычны матэрыял і заўсёды выклікае шчырую цікавасць навучэнцаў.

Так міжнародныя інтэрнэт-праекты выступаюць вельмі моцным матыватарам. Тут я прымяняю элементы педагагічнай тэхналогіі “навучанне ў супрацоўніцтве”, ствараючы ўмовы для актыўнай сумеснай дзейнасці навучэнцаў у розных вучэбных сітуацыях. Пры рабоце над калектыўным прадуктам я разбіваю навучэнцаў на групы па 3—4 чалавекі, дзе кожнаму ўдзельніку адводзіцца пэўная роля (хтосьці адказвае за граматыку, хтосьці — за змест і г.д.). Асаблівасць выканання такіх калектыўных заданняў у тым, што кожны ўдзельнік групы нясе адказнасць як за свой фрагмент задання, так і за ўвесь фінальны прадукт у цэлым.

Навучанне ў супрацоўніцтве можа быць дастаткова эфектыўным пры рабоце ў групах навучэнцаў з розным узроўнем моўнай падрыхтоўкі. Часцей за ўсё я арганізоўваю групы такім чынам, каб у іх былі навучэнцы і з высокім, і з сярэднім, і з нізкім узроўнем валодання мовай. Так, працуючы над агульным прадуктам, удзельнікі свядома ставяцца ў сітуацыю, калі дасягненне паспяховага выніку магчыма толькі праз супрацоўніцтва.

Адной з элементарных форм праектнай дзейнасці з’яўляецца перапіска з выкарыстаннем электроннай пошты, сацыяльнай сеткі Facebook і стварэнне мультымедыйных заданняў з дапамогай платформы ed.ted.com. Перавагі такога віду перапіскі відавочны: у навучэнцаў з’яўляецца рэальная магчымасць выкарыстаць замежную мову як сродак зносін, авалодаць базіснымі навыкамі работы на камп’ютары, атрымаць інфармацыю, якая іх цікавіць, з аўтэнтычнай крыніцы ў найкарацейшыя тэрміны. Нараўне з перапіскай вельмі эфектыўным уяўляюцца сумесныя тэлекамунікацыйныя праекты з замежнымі школамі-партнёрамі, вядомымі людзьмі.

Інтэрнэт-праект выступае ў ролі вучэбнай прасторы для стварэння пісьмаў, эсэ, пастоў і каментарыяў. Такія матэрыяльныя прадукты работы навучэнцаў накладаюць на іх дадатковы груз адказнасці за праведзеную работу і дапамагаюць ім наглядна адчуваць вынік гэтай работы, што пазітыўна ўплывае на агульны эмацыянальны фон і працаздольнасць груп.

У навучэнцаў значна ўзрастае адказнасц­ь за работы, якія публікуюцца, таму што яны становяцца даступны шырокай аўдыторыі і любы член інтэрнэт-суполкі можа іх пракаменціраваць. Гэты факт таксама ўяўляе сабой тую ідэальную зваротную сувязь для вучня, якую ён чакае ад сваіх вучэбных дасягненняў, акрамя традыцыйнай адзнакі на ўроку.

У сваёй практыцы прымяняю значны арсенал прыёмаў, накіраваных на развіццё ўмення пісьмовага маўлення навучэнцаў. Прывяду прыклады практыкаванняў, якія найбольш спадабаліся маім вучням і адначасова з’яўляюцца вельмі дзейснымі і прадукцыйнымі.

“Дыктуем шэптам” — пісьмовая форма гульні “Сапсаваны тэлефон”. Навучэнцы шэптам дыктуюць пад запіс дадзены ім сказ наступнаму чалавеку ў ланцужку. Першы навучэнец у ланцужку атрымлівае ад настаўніка сказ, чытае яго каля 30 секунд, запісвае яго па памяці і перадае змест сказа наступнаму ў ланцужку. Я рэкамендую пачынаць фарміраваць ланцужок з навучэнцаў, якія маюць больш высокі ўзровень валодання замежнай мовай. Для кантролю, каб выявіць усе этапы, дзе адбывалася страта інфармацыі, навучэнцы захоўваюць свой пісьмовы варыянт сказа, а настаўнік паказвае зыходны сказ. Прыём ярка дэманструе адначасова і цяжкасць, і важнасць перадачы дакладнай інфармацыі ў пісьмовым выглядзе.

“Дыктант на бягу”, у якім навучэнцы па чарзе з групы выбягаюць да верша (тэксту ці тэматычнага набору лексікі), зачытваюць адзін радок (сказ ці слова) і, вярнуўшыся да сваёй групы, дыктуюць свой фрагмент групе, стараючыся перадаць яго максімальна дакладна. Спаборніцкі элемент, магчымасць адаптацыі для розных узроставых груп з розным узроўнем моўнай падрыхтоўкі робіць гэтае практыкаванне ідэальным для трэніроўкі правапісу.

“Дыктаглос” — прыём, падчас якога навучэнцы аднаўляюць тэкст ці апавяданне, якое чытае настаўнік. У час першага праслухоўвання навучэнцы не робяць ніякіх запісаў, а канцэнтруюць увагу на разуменні галоўных фактаў праслуханага тэксту. Потым, абмяркоўваючы ў парах апавяданне, навучэнцы аднаўляюць агульную карціну зместу пачутага. Пасля гэтага настаўнік прапануе другое праслухоўванне і дае ўстаноўку рабіць запісы, пасля чаго пары зноў абмяркоўваюць пачутае, дапаўняючы адно аднаго зафіксаванымі дэталямі. І, нарэшце, настаўнік трэці раз чытае той жа самы тэкст, а навучэнцы маюц­ь апошнюю магчымасць запісаць адсутную інфармацыю. На апошнім этапе клас дзеліцца на групы па 3—4 чалавекі і іх заданнем становіцца аднаўленне тэксту максімальна набліжанага да зыходнага.

Адной са спадарожных задач пры развіцці ўменняў пісьмовага маўлення навучэнцаў сродкамі міжнародных інтэрнэт-праектаў з’яўляецца фарміраванне ІКТ-кампетэнцый.

І тут адной з прыярытэтных мэт у сваёй рабоце я бачу забеспячэнне працэсу “ўваходжання” сучаснага навучэнца ў сусветную інфармацыйную і культурную прастору (фарміраванне талерантнасці, крытычнага мыслення, самастойнасці). Навучыць дзіця, якое з самага ранняга ўзросту трапляе ў “электроннае асяроддзе”, арыентавацца ў ім, набываць звычкі пераапрацоўкі і аналізу інфармацыі, якая атрымліваецца з розных крыніц, крытычна яе асэнсоўваць, умець ствараць свае тэксты — гэта і ёсць адна з найважнейшых мэт, якую мы ставім, працуючы з інтэрнэт-праектамі.

Максім МІХАЙЛАЎ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, настаўнік англійскай мовы гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.