“Мы ў заўтра выбралі дарогу”

Пад такой назвай у сталічнай гімназіі № 22 для вучняў 8—11 класаў, педагогаў і бацькоў адбылося ўрачыстае свята пасвячэння дзесяцікласнікаў у навучэнцы профільных класаў. Гэтае мерапрыемства стала завяршэннем тыдня прафарыентацыі “Мой выбар — мая будучыня”.


Дырэктар гімназіі заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Ларыса Аляксандраўна Адашкевіч павіншавала навучэнцаў са знамянальнай падзеяй і пажадала ім поспехаў у асваенні навук і рэалізацыі свайго патэнцыялу. “У нашай гімназіі шмат традыцыйных свят — амаль чатыры дзясяткі, — адзначыла Ларыса Аляксандраўна. — І сёння нараджаецца новае свята — пасвячэнне ў профіль. Гэта самае значнае свята, бо яно ў пэўным сэнсе вызначыць вашу будучую прафесію. Некаторыя з учарашніх дзевяцікласнікаў адразу выбралі профіль, а некаторыя за летнія месяцы перадумалі і вырашылі памяняць напрамак дзейнасці. Радуе, што гэта быў усвядомлены выбар. Жадаю, каб на новай профільнай ніве вы былі заўсёды паспяховымі, каб алімпіяды і НПК прыносілі вам не толькі перамогі, але і задавальненне. Не заўсёды ўдаецца перамагчы, але гэта не павінна засмучаць, а стаць штуршком для руху наперад, праз церні да зорак. Адчувайце сябе ўпэўненымі ў жыцці і ў той прафесіі, якую вы гатовы выбраць альбо ўжо выбралі!”

Цікавымі, крэатыўнымі і запамінальнымі сталі візітоўкі дзясятых класаў, у якіх навучэнцы падрыхтавалі прадстаўленні прафесій свайго профілю, прадэманстравалі вакальныя, танцавальныя таленты, акцёрскае майстэрства — дэкламавалі вершы і разыгрывалі сцэнкі. Дарэчы, сёлета ў гімназіі адкрыты тры дзясятыя класы: 10 “А” (на павышаным узроўні вывучаецца англійская мова і матэматыка), 10 “Б” (фізіка-матэматычны профіль), 10 “В” (у 1 групе на павышаным узроўні вывучаецца англійская мова і матэматыка, у 2 групе — хімія і біялогія). Пад кіраўніцтвам творчых педагогаў навучэнцы гэтых класаў ужо заявілі пра сябе на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях самага рознага ўзроўню. Так, прызёрамі розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сталі Туркян Мамедава (хімія і грамадазнаўства), Ангеліна Макрацова (англійская і руская мову), Даніла Драждзянюк (біялогія), Назар Пагоскі (матэматыка і фізіка). Поспехаў у навукова-даследчай дзейнасці дасягнулі Мікіта Борсук, Цімафей Габрусь (хімія), Аліна Сіняева (матэматыка).

Перад дзесяцікласнікамі выступіў выпускнік гімназіі 1995 года дырэктар ЗАТ “МВВ — Трэйд” Валерый Валер’евіч Бойка. Ён падкрэсліў, што, каб стаць паспяховымі, важна быць гібкімі (многія не раз зменяць месца працы, напрамак, прафесію ці від дзейнасці і будуць вучыцца наноў), закласці той фундамент, той базіс, на падставе якога можна будзе развівацца. Акрамя таго, сёння важна разумець прычынна-выніковыя сувязі, умець аналізаваць вялікія аб’ёмы інфармацыі, умець адрозніваць праўду ад хлусні. Не менш значным з’яўляецца і вывучэнне замежнай мовы, у прыватнасці англійскай, якая спатрэбіцца як для работы, так і для падарожжаў па свеце.


Адзін з распрацоўшчыкаў першага беларускага электрамабіля загадчык сектара электапрывода і кантрольна-вымяральных сістэм Аб’яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Іосіфавіч Адашкевіч расказаў прысутным пра тое, якія работы вядуцца ў інстытуце. “Ёсць у выбары прафесіі тры асноўныя рэчы: цікавасць і веды, якія ляжаць у аснове той справы, якую вы выбіраеце, запатрабаванасць той ці іншай прафесіі грамадствам і на рынку працы, наяўнасць настаўнікаў-прафесіяналаў, якія дадуць пуцёўку ў жыццё”, — лічыць Уладзімір Іосіфавіч.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала прынясенне дзесяцікласнікамі клятвы. Старшакласнікі абяцалі быць сумленнымі, упартымі, справядлівымі і адданымі сваёй справе, імкнуцца вучыцца не толькі для сябе, але і для сваёй краіны.

Гімназісты атрымалі памятныя значкі навучэнцаў профільных класаў і партфоліа класа, змест якога будзе залежаць ад дасягненняў кожнага канкрэтнага вучня.

— Задума правядзення такога свята нарадзілася яшчэ ў мінулым годзе, аднак увасобіць яе ў жыццё не атрымалася, — расказвае аўтар праекта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Уладзіміраўна Маркевіч. — А сёлета супала ўсё: і маё жаданне, і падтрымка тых, хто дапамог увасобіць задуманае ў жыццё, — навучэнцаў, класных кіраўнікоў, педагогаў-арганізатараў і іншых. Асноўная ідэя мерапрыемства — па-першае, з’яднаць класныя калектывы (у прэзентацыі профілю павінен удзельнічаць увесь клас), каб, узаемадзейнічаючы, вучні больш даведаліся адно пра аднаго, па-другое, хацелася б, каб старшакласнікі яшчэ раз задумаліся пра свой выбар, выбар прадмета і будучай прафесіі. Акрамя таго, хацелася, каб педагогі ўбачылі дзяцей не толькі такімі, якімі яны іх бачаць падчас урокаў і перапынкаў, а менавіта цікавымі, рознабакова адоранымі, творчымі людзьмі. І гэта сапраўды атрымалася. Спадзяюся, свята пасвячэння ў профіль стане традыцыйным у нашай гімназіі.

Увогуле, увесь тыдзень прафарыентацыі быў насычаны цікавымі і яркімі падзеямі і мерапрыемствамі. Адкрылі яго героі любімай дзіцячай перадачы “Калыханка”: сцэнарыст і шэф-рэдактар праграмы Алена Фурсава, медзведзяня Топа — Уладзімір Варанкоў і Фея сноў — Алена Бікранёва прыйшлі ў гімназію да вучняў пачатковых класаў і расказалі пра работу на тэлебачанні.

Ва ўсіх вучнёўскіх калектывах педагогі, а таксама вучні старшых класаў правялі класныя і інфармацыйныя гадзіны на тэму “Ты і твая будучая прафесія”, “Свет прафесій”, “1001 прафесія”, “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі патрэбныя”, на якіх вучні даведаліся шмат цікавай інфармацыі пра такія прафесіі, як урач, настаўнік, мастак, кухар, пазнаёміліся з новымі прафесіямі — аўдытар, вэб-майстар, ІТ-спецыяліст, РR-менеджар. Вучні ўдзельнічалі ў прафарыентацыйных гульнях, адгадвалі загадкі, расказвалі пра прафесіі сваіх бацькоў, дзяліліся сваімі марамі і памкненнямі. З поспехам прайшлі конкурс плакатаў “Марафон прафесій”, конкурсы малюнкаў “Прафесія маіх бацькоў”, “Па хвалях нашага жыццёвага шляху”, гульня-віктарына “Я і свет прафесій”. Работнікі бібліятэкі арганізавалі выставу літаратуры “Выбар прафесіі — выбар будучыні”, праведзены прафарыентацыйныя бібліятэчныя гадзіны для настаўнікаў і навучэнцаў, вывучаны чытацкія захапленні дзяцей, дадзены рэкамендацыі па літаратуры, якая дапамагае ў выбары прафесіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Аляксея КРУГЕРА.