Мы розныя, але мы разам

Інклюзіўны святочны канцэрт “Рэцэпт добрага настрою” прайшоў у чацвер у сярэдняй школе № 177 Мінска. Музычныя і танцавальныя нумары, а таксама інклюзіўны спектакль, падрыхтаваныя навучэнцамі, падарылі ўсім прысутным шчырыя ўсмешкі і добры настрой. Гасцямі свята таксама сталі педагогі з Рыгі, якія змаглі ўбачыць і пераняць вопыт работы ў нашай краіне з дзецьмі з інваліднасцю.

Інклюзіўнае навучанне дазваляе дзецям з інваліднасцю не толькі атрымаць адукацыю, але і дапамагае сацыялізавацца ў грамадстве.

Рэсурсны цэнтр па спецыяльнай адукацыі з класамі інтэграванага навучання і выхавання быў створаны на базе сярэдняй школы № 177 па загадзе камітэта па адукацыі ў 2013 годзе. Зараз у школе вучацца 75 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Дэвіз школы — “Мы розныя, але мы разам”. Ва ўстанове адукацыі створаны ўсе ўмовы для фарміравання ў вучняў і педагогаў талерантных адносін да людзей з асаблівасцямі развіцця.У школе нароўні са звычайнымі дзецьмі вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі з цяжкасцямі ў навучанні, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з інтэлектуальнай недастатковасцю: наведваюць урокі, гуляюць, удзельнічаюць у спартыўных і творчых мерапрыемствах. Кожны настаўнік, выхавальнік робіць усё магчымае, каб дзеці з інваліднасцю змаглі добра і карысна вучыцца.

— Нам вельмі важна, каб кожнае дзіця, якое вучыцца ў нашай школе, адчувала сябе ўтульна. Мы кожны дзень паказваем, што ўсе нашы вучні роўныя. Напрыклад, настаўнікі-дэфектолагі праводзяць сумесныя майстар-класы з удзелам усіх дзяцей. На іх школьнікі дапамагаюць і падтрымліваюць адно аднаго. Менавіта так дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не адчуваюць сябе ізалявана і могуць на роўных мець зносіны з равеснікамі, — адзначае дырэктар школы Таццяна Васільеўна Малчанава.

Пры навучанні дзяцей з інваліднасцю ў школе выкарыстоўваюцца спецыяльныя методыкі: казкатэрапія, фарміраванне штучных уяўленняў, методыка “Простыя аналогіі”, тыпалагічныя апытальнікі і шмат іншых.

Шмат увагі на карэкцыйных занятках удзяляецца рабоце вучняў з нетрадыцыйнымі тэхнікамі малявання, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей, уяўленню, назіральнасці, мастацкага мыслення і памяці. На занятках выкарыстоўваюцца розныя віды творчасці: маляванне далонню і выдзьмухваннем, манатыпія, кляксаграфія, хаатычная штрыхоўка шарыкавай ручкай, аплікацыі, маляванне па капірцы і іншае.

На базе школы створаны інклюзіўны тэатр. У пастаноўках бяруць удзел звычайныя дзеці і дзеці з асаблівасцямі. Кожнаму вучню даюць магчымасць паказаць сябе і свае здольнасці, дапамагаюць развівацца ў розных напрамках.

Дар’я ЦАУНЯ.
Фота аўтара.