Мост між прыродай і грамадствам

Прадметныя дэкады ў 21-й сталічнай школе — гэта не толькі магчымасць павысіць зацікаўленасць да пэўнай навукі, але і цудоўны шанс для вучняў прадэманстраваць арганізатарскія, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці. “Свабода, крэатыўнасць, сучасны падыход і рэалізацыя самых незвычайных ідэй” — пад такім умоўным дэвізам прайшоў тыдзень прыродазнаўчых дысцыплін. Якую краіну выбраць для падарожжа, дзе на лецішчы пасадзіць кветкі, моркву ці парэчкі альбо якія лекі найбольш эфектыўныя і бяспечныя пры захворваннях? На гэтыя і іншыя пытанні вучні разам з настаўнікамі-прадметнікамі на працягу 10 запамінальных дзён шукалі смелыя адказы.

Настаўніца хіміі Алена Міхайлаўна Шадэнка арганізавала экспрэс-тэст, дзе ўсе жадаючыя маглі праверыць веды па хіміі. Прыемна, што і вучні, і бацькі, і калегі, і нават тэхперсанал з энтузіязмам падтрымалі такое новаўвядзенне. Годная абарона праектаў “Мая формула жыцця” ў 11 класе скончылася стварэннем калектыўнага пісьма, адрасаванага сямікласнікам, якія ў наступным годзе толькі пачнуць вывучаць хімію.

На ўроках біялогіі, як заўсёды, навуковыя звесткі перапляталіся з цікавымі фактамі. Вучні з радасцю стваралі галерэі малюнкаў пры вывучэнні батанікі, дзяліліся гісторыямі пра свойскіх жывёл, іх характар і часам хваробы, калі праходзілі раздзелы заалогіі. Размешчаны ў школьных калідорах “Музей біялагічных фактаў” здзіўляў і захапляў адначасова. Віктарына “Самі з вусамі” для 7—8 класаў уключала разнастайныя заданні, дзе прымяняліся веды і па матэматыцы, і па мове, і нават па літаратуры. З дапамогай прапанаваных падказак вучні адгадвалі назвы біялагічных аб’ектаў ці тэрміны, якія з’яўляюцца мнагазначнымі словамі (напрыклад, не толькі спецыяліст па падводных работах, але і буйная сабака-ратавальнік — вадалаз; вадаплаваючая птушка, якая напісала знакамітыя кнігі, — гогаль). Пад пільным кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Алены Міхайлаўны Машковай вучні правялі акцыю “Кветка”, падчас якой дапамаглі педагогам у перасадцы, падкормцы і доглядзе пакаёвых раслін.

Геаграфічны блок прадметнай дэкады вылучаўся масавасцю і разнастайнасцю мерапрыемстваў. Варта адзначыць, што вучні старшых класаў на восеньскіх канікулах перавагу аддалі не малакарыснаму сну да абеду, а падрыхтоўцы фотазоны, атрыбутыкі і стварэнню займальнага рабочага матэрыялу для правядзення адкрытых урокаў. Ідэя агромістага калажу, які неаднойчы знайшоў сваё прымяненне падчас геаграфічнага свята, узнікла спантанна. Школьнікі прынеслі з дому старыя часопісы, фотаздымкі, паштоўкі, каляровую паперу, каб упрыгожыць кабінеты прыродазнаўчых дысцыплін. Было вырашана не распыляцца, а стварыць адзін вялікі плакат. Па-першае, ён стаў фотазонай для вучняў і педагогаў, якія з захапленнем выкладалі здымкі ў сацыяльныя сеткі з хэштэгам #тыдзень_геаграфіі. Па-другое, на калажы знаходзіліся правільныя адказы на шэраг заданняў: знайдзі як мага больш падарожнікаў або ўсіх прадстаўнікоў фаўны пэўнай прыроднай зоны і інш.

Настаўніца геаграфіі Алена Міхайлаўна Дробуш распрацавала квест “У пошуках скарбаў” для старшакласнікаў. Каманды былі сфарміраваны па жараб’ёўцы. Было прапанавана прайсці па чарзе на карце 5 этапаў (“Геарэбусы”, “Самыя-самыя”, “Сцяг — асаблівасці краіны”, “Геазагадкі”, “Інтэрактыўныя карцінкі”). Удзельнікі каманды, якая правільна і хутка справілася з задачай, атрымалі выдатныя адзнакі, дыпломы пераможцаў і коінсы, што былі спецыяльна распрацаваны для прадметнай дэкады. За кожнае мерапрыемства можна было атрымаць пэўную колькасць манет. У канцы дэкады можна было абменьвацца bio-, himo-, geo-коінсамі, каб атрымаць патрэбны сертыфікат: адзін дзень спазніцца на першы ўрок, прыйсці без дзелавога стылю адзення, атрымаць 10 па прадмеце ці бал да практычнай работы.

“Міні-дуэлі” па геаграфіі і біялогіі на перапынках збіралі каля трэці вучнёўскага калектыву. Дуэлянтам прапаноўваліся пэўныя тэмы і выбар відаў зброі. Змагаліся сапернікі за жаданыя коінсы. Напрыклад, да тэмы “Палітычная карта свету” быў распрацаваны дыдактычны матэрыял, які апасродкавана характарызаваў краіну свету. Былі прадстаўлены абрысы краін, фотаздымкі карэннага насельніцтва, нацыянальная музыка, творы выяўленчага мастацтва і г.д.

“Упрыгажэннем прадметнай дэкады, своеасаблівым рэлаксам стала геаграфічнае караоке, — дзеліцца вынікамі творчай работы Алена Міхайлаўна Дробуш. — Песні, дзе ёсць геаграфічныя назвы (напрыклад, “Я паеду жыць у Лондан”, “Песня пра мядзведзяў”, “Аргенціна — Ямайка — 5:0”, “Акіяны”, “У Афрыцы горы вось такой вышыні”), здаецца, спявала ўся школа. Такі пазітыўны водгук, масавасць і актыўнасць натхняюць на новыя ідэі”.

Дэкада прыродазнаўчых дысцыплін праляцела хутка. Насычаная, цікавая, разнастайная, яна, з аднаго боку, скіравала ўвагу вучняў на беражлівае стаўленне да прыроды, а з другога — раскрыла прыгажосць і ўнікальнасць багаццяў вакол нас. Сімвалічна, што прадметную дэкаду праводзілі тры Алены Міхайлаўны. Ёсць меркаванне, што імя Алена суадносіцца з паняццямі “сонечны прамень” або “сонечнае святло”. Настаўніцы не проста стварылі свята для школьнікаў, а напоўнілі школу цеплынёй і пяшчотай, сталі сонцам для вучняў.

Сёння перад чалавецтвам стаіць глабальная задача — зберагчы прыродныя багацці. У свой час навуковец Д.Ліхачоў трапна падкрэсліў наш абавязак: “Зберажы, захавай, дзе стаіш, дзе жывеш, — на адлегласці погляду і голасу, хоць бы на адлегласці выцягнутай рукі”. Так хочацца, каб людзі менш атаясамлівалі прыроду з драўнінай, торфам ды вугалем, а захапляліся лясамі, што шэпчуць лістотай, азёрамі, якія калышуць на хвалях маленькіх качанят, палеткамі, дзе разам з васількамі ўзрастае неабсяжная збажына.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.