Міжшкольны факультатыў для адораных дзяцей

Адзін з галоўных напрамкаў работы школы сёння — стварэнне ўмоў для аптымальнага развіцця адораных дзяцей, уключаючы тых, чыя адоранасць у цяперашні момант можа яшчэ не выявіцца, а таксама проста здольных навучэнцаў, у дачыненні да якіх ёсць сур’ёзная надзея на далейшы якасны скачок у развіцці іх здольнасцей.

Навучанне адораных дзяцей — задача, якая патрабуе сумесных дзеянняў многіх спецыялістаў. Шырокамаштабная дзейнасць па рабоце з адоранымі дзецьмі ў Заводскім раёне Мінска пачалася з 2017/2018 навучальнага года пасля прыняцця мэтавай праграмы “Высокаматываваныя і адораныя навучэнцы Заводскага раёна”.

Спецыялісты ўпраўлення адукацыі разам з вядучымі педагогамі Заводскага раёна наведалі трэнерскія курсы па падрыхтоўцы да алімпіяд на базе ўпраўлення адукацыі Заводскага раёна Бабруйска Магілёўскай вобласці. У час круглага стала педагогі абмяняліся перадавым вопытам работы ў гэтым напрамку, асаблівую ўвагу звярнуўшы на тэхналогію “роўны вучыць роўнага”.

Па выніках агульнараённага тэсціравання навучэнцаў, праведзенага аўтарскай групай “Рэферэнт”, а таксама на аснове аналізу выніковасці ўдзелу школьнікаў у алімпіядным руху і розных інтэлектуальных конкурсах быў створаны банк даных таленавітых навучэнцаў раёна.

З 2018/2019 навучальнага года пачалі працаваць 11 інавацыйных пляцовак, накіраваных на развіццё адораных навучэнцаў, на базах школ Заводскага раёна.

З кастрычніка 2018 года арганізавана работа міжшкольных факультатываў па хіміі (заняткі праводзяцца на базе рэсурснага цэнтра гімназіі № 14 Мінска) і беларускай мове (база — сярэдняя школа № 120 Мінска).

Асаблівую ролю пры арганізацыі міжшкольных факультатываў па прадметах меў падбор педагагічнага складу. Настаўнікі, якія працуюць з адоранымі навучэнцамі, павінны валодаць пэўнымі якасцямі.

· Настаўнік для адоранага дзіцяці з’яўляецца асобай, якая прадукцыйна рэагуе на выклік, умее ўспрымаць крытыку і не пакутаваць ад стрэсу пры рабоце з людзьмі, якія больш здольныя і больш ведаюць, чым ён сам. Узаемадзеянне настаўніка з адораным вучнем павінна быць накіравана на аптымальнае развіццё здольнасцей, мець характар дапамогі, падтрымкі.

· Настаўнік верыць у сваю кампетэнт­насць і магчымасць вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць. Ён гатовы несці адказнасць за рашэнні, якія прымаюцца, і адначасова ўпэўнены ў сваёй чалавечай прывабнасці і самастойнасці.

· Настаўнік лічыць навакольных здольнымі самастойна вырашаць свае праблемы. Упэўнены, што ім уласціва пачуццё ўласнай годнасці, якое трэба шанаваць, паважаць і ахоўваць.

· Настаўнік імкнецца да інтэлектуальнага самаўдасканалення, ахвотна працуе над папаўненнем уласных ведаў, гатовы вучыцца ў іншых, займацца самаадукацыяй і самаразвіццём.

Педагагічныя калектывы міжшкольных факультатываў былі сфарміраваны з улікам асобасных якасцей настаўніка і яго прафесійных дасягненняў. Настаўнікамі міжшкольнага факультатыву па хіміі сталі настаўнік-метадыст гімназіі № 14 Ала Долбік, настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 210 Юлія Кашырава, настаўніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі сярэдняй школы № 46 Маргарыта Касцюк. Заняткі міжшкольнага факультатыву па беларускай мове праводзяць настаўніцы вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Ірына Казелька і Інеса Гурская (гімназія № 21), Алена Ралько (сярэдняя школа № 98), Святлана Дашкевіч (сярэдняя школа № 172), Кацярына Калода і Наталля Хмяльніцкая (гімназія № 14).

Для ўдзелу ў рабоце міжшкольных факультатываў былі запрошаны зацікаўленыя навучэнцы 8—11 класаў усіх гімназій і школ Заводскага раёна. Па выніках праведзеных уступных выпрабаванняў былі сфарміраваны 3 узроставыя групы навучэнцаў міжшкольнага факультатыву па хіміі. Работа міжшкольнага факультатыву па беларускай мове прадугледжвае адначасовую работу з усімі старшакласнікамі. Педагогі выбралі блочную сістэму правядзення заняткаў.

Заняткі факультатыву па хіміі праводзяцца на базе рэсурснага цэнтра гімназіі № 14, дзе навучэнцам дадзены ўсе сучасныя сродкі навучання: інтэрактыўная прыстаўка Smart Board, інтэрнэт-рэсурсы, пашыраная база для правядзення практычных работ.

Пры правядзенні заняткаў выкарыстоўваюцца розныя формы і метады: лекцыі па паглыбленым вывучэнні матэрыялу, рашэнне тэставых заданняў і разліковых задач павышанай складанасці, адпрацоўка практычных навыкаў, метад “роўны вучыць роўнага”.

Пры арганізацыі работы міжшкольных факультатываў улічваюцца асноўныя прынцыпы педагагічнай дзейнасці ў рабоце з адоранымі дзецьмі:

· прынцып максімальнай разнастайнасці адкрытых магчымасцей для развіцця асобы;

· прынцып узрастання ролі пазаўрочнай дзейнасці;

· прынцып індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання;

· прынцып стварэння ўмоў для сумеснай работы навучэнцаў пры мінімальным удзеле настаўніка (роўны вучыць роўнага);

· прынцып свабоды выбару навучэнцамі дадатковых адукацыйных паслуг, дапамогі, настаўніцтва.

Чаканыя канчатковыя вынікі:

1. Павышэнне пазнавальнай матывацыі школьнікаў і ўзроўню іх навучанасці за кошт уліку індывідуальных адукацыйных запытаў.

2. Павышэнне выніковасці ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па прадметах.

3. Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці. Удзел у конкурсах даследчых работ навучэнцаў.

4. Праходжанне цэнтралізаванага тэсціравання без стрэсавай сітуацыі і з максімальна набраным для навучэнца балам.

Усе, хто наведвае міжшкольны факультатыў па хіміі, па выніках другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах увайшлі ў дзясятку лепшых. Для ўдзелу ў трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды былі рэкамендаваны па трое навучэнцаў (усяго 9) ад кожнай паралелі. Пяцёра з іх наведваюць міжшкольны факультатыў.

Мэтанакіраваная і бесперапынная дзейнасць па аптымальным развіцці адораных дзяцей пашырае іх кругагляд і з’яўляецца стымулам пазнавальнай цікавасці, фарміруе навуковы светапогляд, спрыяе сацыяльнай адаптацыі, самарэалізацыі асобы навучэнца.

Юлія КАШЫРАВА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 210.
Фота аўтара.