Медыяпісьменнасць — гэта для мяне!

Што агульнага паміж зубной шчоткай і паролем ад вашага камп’ютара? Ці можа чалавек праводзіць у інтэрнэце больш за 24 гадзіны ў суткі? Як змагацца з цкаваннем у сацсетках і быць у бяспецы анлайн? Як збегчы ад фэйкавых навін? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні атрымалі навучэнцы гімназіі № 1 Навагрудка, Прылуцкай сярэдняй школы і гімназіі № 5 Мінска, якія сустрэліся на ўводным трэнінгу праекта “Медыяпісьменнасць для мяне”.

У суботу 23 лютага на базе гімназіі № 5 Мінска прайшоў уводны трэнінг у рамках праекта “Медыяпісьменнасць для мяне”. Трэнінг складаўся з 4 заняткаў. У час першых заняткаў настаўніца Прылуцкай школы І.І.Роўбель прааналізавала, колькі часу праводзіць анлайн сучасны падлетак, і абмеркавала з удзельнікамі трэнінгу, наколькі медыя ўплываюць на наша жыццё, чаму так важна быць медыяпісьменнымі. Дзякуючы інтэрактыўным формам работы і цікавым заданням, дзеці праявілі актыўнасць з першых хвілін мерапрыемства.

Другія заняткі правяла стыпендыят праграмы “Фулбрайт” Леслі Гібсан, якая ў яркай і запамінальнай форме навучыла дзяцей крытэрыям адбору дакладных навін, растлумачыла ім, якія небяспекі хаваюцца за перапостам неправеранай інфармацыі.

Трэція заняткі, прысвечаныя лічбавай пісьменнасці і бяспецы анлайн, падрыхтавала Ірына Лазоўская. З дапамогай “набору для выжывання ў ХХІ стагоддзі” навучэнцы даведаліся пра асноўныя правілы паводзін у сетцы і вызначылі, якую інфармацыю пра сябе ніколі не варта размяшчаць у сацсетках.

Чацвёртыя заняткі, падрыхтаваныя настаўніцай гімназіі № 5 Мінска Наталляй Дзірко, былі прысвечаны праблеме цкавання ў сацсетках. Штогод сотні школьнікаў становяцца ахвярамі здзекаванняў не толькі ў рэальным жыцці, але і ў сацсетках, дзе дзякуючы лайкам і перапостам, страху прызнацца ў тым, што менавіта ты ахвяра хуліганаў, праблема булінгу прымае неймаверныя маштабы і павінна быць спынена. З дапамогай кейс-тэхналогій настаўніца прапанавала дзецям падзяліцца ідэямі пра тое, як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях.

Падлеткі выдатна правялі час, вывучаючы новае і маючы зносіны з равеснікамі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Для многіх навучэнцаў трэнінг стаў першай магчымасцю выкарыстаць англійскую мову для непасрэдных зносін па-за ўрокам.

Праект “Медыяпісьменнасць для мяне” ажыццяўляецца ў рамках малога гранта Alumni TIES пры падтрымцы Бюро па пытаннях адукацыі і культуры Дзяржаўнага дэпартамента ЗША і акцыянернай кампаніяй World Learning. Навучэнцы трох школ з Навагрудка, Прылук і Мінска прой­дуць 6-тыднёвы анлайн-курс навучання, у час якога пазнаёмяцца з такімі паняццямі, як “медыя” і “лічбавая пісьменнасць”, “медыйны ландшафт”, “бяспека анлайн”, “плагіят” і “аўтарскае права”, “жоўтая прэса”, “ідэальны пост у сацсетках”, “рэклама” і “асноўныя прыёмы прыцягнення ўвагі”. На працягу ўсяго праекта навучэнцы бу­дуць падтрымліваць сувязь і праводзіць Skype-сустрэчы, а пасля заканчэння праекта сустрэнуцца ў Мінску для падвядзення вынікаў.

Варта адзначыць сацыяльную скіраванасць праекта, адной з задач якога з’яўляецца распаўсюджванне атрыманых ведаў, такіх важных у наш час, сярод равеснікаў і навучэнцаў гімназіі. Так, удзельнікі праекта падрыхтуюць выступленні для інфармацыйных і класных гадзін, падзеляцца новымі ведамі і навыкамі з усімі жадаючымі. Пажадаем ім поспехаў!

Калі вам усё яшчэ цікава, што звязвае зубную шчотку і камп’ютар і ці можа чалавек праводзіць анлайн больш часу, чым ёсць у сутках, тады вам проста неабходна прыйсці да нас на мерапрыемства, а дзеці з задавальненнем раскажуць вам пра гэта.

Ірына ЛАЗОЎСКАЯ,
настаўніца англійскай мовы, каардынатар праекта ад гімназіі № 1Навагрудка.