Малая дадзена радзіма на ўсё жыццё, на цэлы век…

Пад такой назвай 26 сакавіка на базе гімназіі № 41 імя В.Х.Сярэбранага прайшлі адкрытыя Міжнародныя краязнаўчыя чытанні навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, арганізаваныя камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі сумесна з упраўленнем па адукацыі адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска.

Ужо пяты год сталічныя краязнаўцы з розных устаноў адукацыі збіраюцца разам, каб падзяліцца новымі ведамі, даследаваннямі, вопытам, а другі год чытанні пашыраюць межы і праходзяць у міжнародным фармаце. Сёлета ў мерапрыем­стве прынялі ўдзел прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі. Вельмі цікава расказвалі пра сваю малую радзіму нашы госці з далёкага Архангельска (Расійская Федэрацыя). Праграма чытанняў была вельмі цікавай і разнастайнай. Урачыстаму адкрыццю папярэднічала прэс-канферэнцыя арганізатараў мерапрыемства.

Чытанні прахо­дзілі па 10 секцыях. Агульная колькасць работ складала 143: 124 прадставілі навучэнцы дзвюх узроставых катэгорый (9—13, 14—20 гадоў), а 19 работ былі прадстаўлены настаўнікамі-края­знаўцамі ў секцыі “З вопыту работы”. Навучэнцы і педагогі падзяліліся сваімі ведамі і даследаваннямі, наведалі май­стар-класы па вышыўцы, стварэнні карцін з бяросты, рыцарскай кальчугі, якія былі прапанаваны ў “Горадзе майстроў”. У секцыі “Гасцям заўсёды рады мы” навучэнцы прадставілі экскурсіі, распрацаваныя на англійскай, нямецкай, французскай мове, што вельмі актуальна напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў. Разнастайная тэматыка даследаванняў не пакінула нікога абыякавым.

— Узровень падрыхтоўкі вучняў вельмі высокі, — адзначыў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Дзмітрый Яцэвіч. — Многія юныя даследчыкі звяртаюцца не толькі да прывычных энцыклапедычных даных, папулярных тэматычных рэсурсаў у інтэрнэце. Яны ў працы абапіраюцца на гістарычныя крыніцы, многія з якіх знаходзяцца ў нашым архіве. Некаторыя вучні з настаўнікамі нават прыходзілі да нас у чытальную залу, каб папрацаваць з арыгіналамі дакументаў. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень падрыхтоўкі да чытанняў, імкненне дасканала разабрацца ў тэме даследавання.

Да высокай ацэнкі даследчай і творчай дзейнасці краязнаўцаў далучыліся Алена Атраховіч, загадчык кафедры дызайну моды факультэта сацыякультурных камунікацый БДУ, і Алена Паўлава, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і ма­стацтваў. Члены журы падвялі вынікі работы секцый і вызначылі пераможцаў. Імі сталі: у секцыі “Экалагічнае краязнаўства” — Максім Траццяк (сярэдняя школа № 141 Завод­скага раёна), Андрэй Сікорын (сярэдняя школа № 90 Кастрычніцкага раёна); у секцыі “Нашы славутыя землякі” — Уладзіслаў Імбра (сярэдняя школа № 111 Ленінскага раёна), Дар’я Ільнякова (ліцэй № 2 Ленінскага раёна); у секцыі “Нам засталася спадчына” — Хрысціна Драгун (сярэдняя школа № 205 Маскоўскага раёна), Іван Шпакаў (гімназія № 35 Кастрычніцкага раёна); у секцыі “Мінск учора і сёння” — Дзмітрый Лобач (сярэдняя школа № 71 Кастрычніцкага раёна), Максім Сувораў (сярэдняя школа № 111 Ленінскага раёна); у секцыі “Жывём, каб памятаць” — Іван Траццяк (сярэдняя школа № 186 Заводскага раёна), Марыя Вашута (сярэдняя школа № 55 імя А.І.Аношчанкава Архангельска); у секцыі “Рэлігія і культура” — Юлія Зайцава (гімназія № 8 Савецкага раёна), Дзіяна Казакевіч (сярэдняя школа № 142 Заводскага раёна); у секцыі “Мой родны кут, як ты мне мілы” — Глеб Лях (сярэдняя школа № 119 Кастрычніцкага раёна), Ксенія Бурдзянкова (гімназія № 15 Савецкага раёна); у секцыі “Гасцям заўсёды рады мы” — Кацярына Бажок (гімназія № 41 імя В.Х.Сярэбранага Маскоўскага раёна), Ганна Занудзенка (гімназія № 22 Мінска Савецкага раёна); у секцыі “Горад майстроў” — Вікторыя Бародзіч, Надзея Букрэй, Надзея Бурдзейка (сярэдняя школа № 3 Маскоў­скага раёна). У секцыі “З вопыту работы” пераможцы не вызначаліся.

Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны дыпломамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і памятнымі медалямі, а ўсе вучні і настаўнікі атрымалі сертыфікаты аб удзеле ў мерапрыемстве.

Ганна САЖНЕВА,
загадчык аддзела краязнаўства Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.