Майстэрня творчых спраў

Каб па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму, яе трэба ведаць. Каб дзеці ведалі яе, трэба выклікаць цікавасць да гісторыі. Як жа зацікавіць вучняў? Гісторыя павінна стаць жывой, блізкай да сэрца кожнага дзіцяці. Менавіта з гэтай мэтай у Пагарэльцаўскай сярэдняй школе Нясвіжскага раёна быў рэалізаваны праект шостага школьнага дня “Майстэрня творчых спраў”.

Педагагічны калектыў школы вырашыў звярнуць увагу на вяртанне да беларускіх народных, фальклорных, этнаграфічных традыцый. Работа ў гэтым кірунку актывізавалася ў 2015/2016 навучальным годзе, калі быў распрацаваны і рэалізаваны праект шостага школьнага дня “Карагод”. Мерапрыемствы ў яго рамках былі запланаваны на аснове беларускіх прымавак і прыказак. Працягам работы ў 2016/2017 навучальным годзе стаў праект “МТС” (“Майстэрня творчых спраў”), яго ўдзельнікамі — вучні і іх бацькі, класныя кіраўнікі, настаўнікі-прадметнікі, прадстаўнікі царквы, бібліятэкі, сельскага Савета, СВК “Агракамбінат Сноў”. Праект “МТС” быў накіраваны на творчую дзейнасць з удзелам вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў, на заключным этапе адбылася прэзентацыя творчых справаздач, распрацаваных за год.

Метадычная работа з настаўнікамі прадугледжвала школьнае метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў па тэме “Этычнае выхаванне навучэнцаў”, педагагічныя саветы (“Краязнаўства — шлях да выхавання актыўнай жыццёвай пазіцыі моладзі”, “Маральна-выхаваўчы патэнцыял праваслаўных свят і беларускіх абрадаў”), удзел у духоўна-маральных педагагічных чытаннях, раённым фестывалі педагагічных ідэй у рамках педагагічнага марафону, прэзентацыю мадэлі шостага школьнага дня на жнівеньскай канферэнцыі і міжнародным фестывалі “Пазнанне ў супрацоўніцтве” ў Мінску.

Вучні актыўна ўдзельнічалі ў тэматычных выставах, дэкадах, класных мерапрыемствах, спартыўных гульнях, нацыянальных абрадах, якімі калісьці поўнілася жыццё беларуса.

Кожны месяц меў назву, а вучні працавалі ў майстэрнях творчых спраў: рыхтаваліся да запланаваных мерапрыемстваў, удзельнічалі ў конкурсах і выставах, прэзентавалі творчасць у розных кірунках, здымалі відэа- і фотарэпартажы, займаліся даследчай дзейнасцю, спрабавалі сябе ў ролі экскурсаводаў школьнага музея і інш. Вырашэнню пастаўленых задач праекта спрыяў шэраг мерапрыемстваў: музейны ўрок “Чым займаліся продкі восенню”, кірмаш “Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!”, гульня “Калядкі — добрыя святкі: бліны ды аладкі”, “Талака”, “Пакроў”, “Багач”, свята “Міхайлаў дзень”, акцыя БРПА і БРСМ “Падарункі на Каляды”, этнаграфічнае мерапрыемства з удзелам бацькоў “Святая Васілля дзяжу мясіла, пірагі пякла і рагатыя, і букатыя”, святы “Камаедзіца”, “Сёмуха” і інш.

Пры падрыхтоўцы да свят настаўнікі працавалі над стылем выканання народных песень, знаёмілі вучняў з персанажамі беларускай міфалогіі, уяўленнямі нашых продкаў аб свеце, традыцыямі беражлівых і паважлівых адносін да зямлі, працы, хлеба.

Вучні актыўна і паспяхова ўдзельнічалі ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладной накіраванасці, мастацкай самадзейнасці, што сведчыць аб праяўленні імі цікавасці да нацыянальнай культуры, спадчыны беларускага народа, павагі да гістарычнага мінулага. Падрыхтоўка і правядзенне каляндарна-абрадавых свят садзейнічаюць развіццю ў вучняў артыстызму, здольнасці да творчасці, фантазіі. Удзел у выхаваўчых мерапрыемствах дапамагае пераадолець сарамлівасць, нерашучасць, унутраную несвабоду.

Падчас рэалізацыі праекта нарадзіліся новыя ідэі, значна павялічылася цікавасць вучняў і настаўнікаў, бацькоў да нацыянальных свят і мерапрыемстваў, шмат падзей для нашай школы сталі традыцыйнымі, павысіўся ўзровень правядзення мерапрыемстваў у шосты школьны дзень.

Адметным стаў удзел вучняў у конкурсе “Захаваем культурную спадчыну разам” (Беларусь — Украіна — Польшча). Члены каманды нашай школы былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх кірункаў конкурсу, паспяхова прадставілі Нясвіжскі раён на міжнародным узроўні. Па выніках удзелу ў конкурсе навучэнцаў 7 і 9 класаў запрасілі наведаць летнюю акадэмію для дзяцей з Польшчы, Беларусі і Украіны ў Мазавецкім ваяводстве (Сакалоў Падляскі).

Работа ў рамках праекта была б немагчымай без супрацоўніцтва з бацькамі і соцыумам: запрашэнне да ўдзелу ў конкурсах, выставах і мерапрыемствах у шосты школьны дзень, прэзентацыя выніку работы на агульнабацькоўскім сходзе, выставы творчых работ сумеснай дзейнасці дзяцей і іх бацькоў.

Маніторынг узроўню выхаванасці вучняў дазваляе меркаваць аб сфарміраванасці ў іх станоўчых маральных якасцей, павышэнні актыўнасці, самастойнасці школьнікаў. Паляпшаюцца ўзаемаадносіны паміж членамі сем’яў вучняў, назіраецца цікавасць да фарміравання станоўчага сямейнага іміджу. Малодшае пакаленне імкнецца прадэманстраваць працоўныя і творчыя дасягненні прадстаўнікоў старэйшага пакалення сям’і.

Адчуваецца і зацікаўленасць бацькоў адраджаць культурную спадчыну беларускага краю. Яны актыўна ўдзельнічаюць у школьных мерапрыемствах у рамках праекта, забяспечваюць матэрыяльна-тэхнічную базу, спрыяюць станоўчаму эмацыянальнаму настрою ўсіх удзельнікаў.

Мы ўпэўнены: стварэнне ўмоў ва ўстанове адукацыі для азнаямлення з беларускімі народнымі святамі, абрадамі, гульнямі, казкамі і правядзенне мерапрыемстваў у шосты школьны дзень у такім кірунку дапаможа вырасціць дзяцей нацыянальна свядомымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі.

Наталля ХАДАКОВА,
дырэктар Пагарэльцаўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна.