Людзі вакол людзей,

або Валанцёрства: інструкцыя па прымяненні

Сучаснае грамадства ўсё глыбей і глыбей усведамляе, наколькі недасканалы свет людзей: міжнацыянальныя канфлікты, экалагічныя катастрофы, тэрарызм… Узнікае пытанне: дзе знаходзіцца той парог, пераступіўшы праз які чалавек становіцца на шлях зла і жорсткасці? Як зрабіць дабрыню і міласэрнасць асноўнымі маральнымі каштоўнасцямі чалавека? Якія метады і прыёмы выхавання будуць садзейнічаць паўнацэннай рэалізацыі яго патэнцыялу?


На мой погляд, усё пачынаецца з канкрэтнай асобы, яе ўмення кіраваць сабой, быць талерантнай да тых, хто побач. Зразумела і тое, што сучасныя дзеці імкнуцца рана стаць дарослымі і ўзяць на сябе значную долю адказнасці за сваё развіццё і за змяненне свайго сацыяльнага становішча ў рамках класа ці школы. Таму сёння патрэбен новы дадатковы рэсурс для ўключэння дзяцей у адкрытыя інтэрактыўныя справы, а таксама настаўнік, які выступае не як адміністратар, а як кансультант.

Для ўдасканалення работы ў гэтым напрамку ў нашай школе было вырашана скарыстаць магчымасці праектнай педагагічнай дзейнасці. Спатрэбіўся ўжо напрацаваны вопыт па рэалізацыі праекта “Сувязная нітка”. Праект меў вялікае значэнне для нас, бо змяшчаў у сабе актуальную работу па карэкцыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін, аптымізацыі бацькоўскага ўздзеяння на працэс выхавання дзіцяці, па арганізацыі карыснага вольнага часу і пошуку новых форм работы ў шосты школьны дзень. Новым этапам развіцця і ўдасканалення сацыяльнага выхавання і сацыяльна-педагагічнай падтрымкі школьніка ў перыяд яго станаўлення стала рэалізацыя педагагічнага праекта “Фарміраванне сацыяльна адказных паводзін вучня праз арганізацыю валанцёрскага руху”. На пасяджэнні ініцыятыўнай групы распрацоўшчыкі праекта вызначылі інфармацыйнае поле: гэта праблемы рызыкоўных паводзін падлеткаў, іх жаданне пры ўзнікненні цяжкасцей звяртацца па параду і падтрымку да сваіх аднагодкаў. У гэтым мы бачылі іх імкненне да салідарызацыі, да групавых аб’яднанняў. Важна і тое, што зносіны маладых людзей адкрытыя і свабодныя, “на адной мове”, менавіта адно з адным. Гэтыя акалічнасці робяць інфармацыю ад аднагодка, ад равесніка больш даступнай і прымальнай. Такім чынам, у асяроддзі вучняў праз спецыяльна падрыхтаваных аднагодкаў мы маем магчымасць распаўсюджвання важных жыццёвых ведаў і мадэлі паводзін.

Практычны этап рэалізацыі педагагічнага праекта ўключаў тры напрамкі дзейнасці: “Міласэрнасць”, “Экалогія” і “Спорт і здаровы лад жыцця”. Разам з настаўнікамі ў работу ўключыліся і валанцёры атрада “Добрае сэрца”, які быў створаны ў школе чатыры гады назад. Па іх ініцыятыве ўзніклі новыя творчыя ідэі, якія ляглі ў аснову цікавых спраў.


Шэраг мерапрыемстваў быў накіраваны на ажыццяўленне міні-праекта “Мы побач”. Вучні школы аказвалі дапамогу дванаццаці адзінокім пажылым людзям у навядзенні чысціні на прысядзібным участку, у доглядзе і зборы ўраджаю, расчыстцы снегу. Неаднаразова ў адрас школьнікаў гучалі і гучаць шчырыя словы падзякі.

Захаванню традыцый пераемнасці, развіццю пачуцця павагі да подзвігу герояў Вялікай Айчыннай вайны садзейнічала акцыя “Ветэраны жывуць побач”. Сустрэчы ў Доме ветэрана, уручэнне віншавальнага адраса і памятных падарункаў, запісванне ўспамінаў — гэта далёка не ўвесь пералік спраў. Сумесная акцыя ўскалыхнула памяць аб падзеях таго часу, а валанцёрамі быў сабраны матэрыял для альманаха “Час мае сваю памяць”, які выкарыстоўваецца пры правядзенні класных гутарак і экскурсій у школьным музеі.

“Ад сэрца да сэрца” — акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў. Валанцёры ў гэты дзень спяшаюцца да сваіх сяброў, выхаванцаў групы дзённага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падарыць ім часцінку сваёй душы, пагутарыць, даць параду, павіншаваць са святам. Трэба ў такі момант бачыць захопленыя позіркі гэтых дзяцей, шчырае здзіўленне на твары і цікавасць да дзеяння!

Кожны год школа разам з грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” праводзіць дабрачынную акцыю “Рабі дабро” для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Валанцёрамі арганізаваны збор навагодніх падарункаў для гэтых дзяцей. А член валанцёрскага атрада Кацярына Унучак сумесна з выхаванцам цэнтра прынялі ўдзел у раённым інклюзіўным фестывалі творчасці “Асаблівы сусвет”, іх музычная кампазіцыя адзначана дыпломам І ступені.

Акцыя “Падарунак першакласніку” прымеркавана валанцёрамі да Дня ведаў. На высокім узроўні заўсёды праводзіцца марафон “АртВясна!”. Члены валанцёрскага атрада выступаюць з канцэртнай праграмай “З любоўю да жанчыны” перад сваімі шэфамі — работнікамі Валожынскага філіяла Маладзечанскага малочнага камбіната, Валожынскага льнокамбіната, Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Сацыяльна актыўная пазіцыя беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя рэалізуецца праз экалагічны кірунак. У рамках “Вясенняга тыдня дабра” вучні прымаюць удзел у акцыі “Дзень зямлі”. Наводзіцца чысціня ў гарадскім парку, ля абеліскаў, воінскіх магіл. Жаданне захаваць прыгажосць прыроды і яе жыхароў лягло ў аснову акцыі “Клопаты аб навакольным асяроддзі”. Валанцёры і іх сябры змайстравалі шпакоўні і кармушкі для птушак.

Захоўваецца ў школе і добрая традыцыя правядзення акцый “Пасадзі дрэва” і “Адновім лясы Беларусі”. На тэрыторыі Валожынскага лясніцтва, школы і дэндрарыя “Крынічка” пасаджаны маладыя дрэўцы, падпілены галінкі, пабелены ствалы дрэў і высаджаны кветкі.

Многія валанцёры летам працавалі ў летнім працоўным атрадзе “ЭкаДом” і ўдзельнічалі ў праполцы саджанцаў у гадавальніку Валожынскага лясгаса. Гэтая праца садзейнічала згуртаванню дзіцячага калектыву, прывіццю дзецям пачуцця любові да навакольнай прыроды і жаданню берагчы яе.

За перыяд рэалізацыі праекта праведзена вялікая работа па фарміраванні ў дзяцей адказных і бяспечных паводзін, па выхаванні грамадскай дысцыпліны і парадку, праяўленні клопату аб сваім здароўі і здароўі тых, хто побач. Найбольш паспяхова прайшло інфармаванне аднагодкаў аб здаровым ладзе жыцця па прынцыпе “роўны навучае роўнага” праз афармленне і распаўсюджванне лістовак і буклетаў, выступленне агітбрыгад.

Валанцёры — гэта актыўныя, крэатыўныя і клапатлівыя маладыя людзі, якія заўсёды з задавальненнем прымаюць удзел у розных мерапрыемствах. Яны выходзяць на вуліцы горада, каб нагадаць жыхарам пра шкоду і небяспеку курэння, прапаноўваюць грамадзянам адказаць на пытанні віктарыны, уручаюць памяткі. Атрымліваецца вельмі цікавы дыялог з насельніцтвам, а нашы навучэнцы набываюць добры вопыт зносін.

У рамках акцыі “Бяспека ў кожны дом” валанцёры правялі сапраўдную экскурсію ў свет бяспекі для наведвальнікаў гандлёвага цэнтра ў Валожыне. Яны нагадалі жыхарам аб неабходнасці ведаць і выконваць правілы, якія дапамагаюць захоўваць жыццё.

Пад кіраўніцтвам валанцёраў нашы школьнікі прынялі актыўны ўдзел у правядзенні Тыдня бяспечных паводзін на дарозе, у творчым конкурсе плакатаў “Знай правілы руху!”. У рамках абласной алімпіяды па правілах дарожнага руху валанцёры прэзентавалі дзейнасць агітбрыгады “У добры шлях!”. Для вучняў малодшых класаў яны арганізавалі гульнятэку з настольна-друкаванымі сітуацыямі. Галоўная каштоўнасць гэтага кірунку работы заключаецца ў тым, каб прыклад бяспечных паводзін быў пераняты ўсімі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Як станоўчы вынік работы па праекце неабходна адзначыць, што атмасфера ў класах, дзе працавалі валанцёры, стала больш добразычлівай, навучанне — больш матываваным, самаацэнка вучняў — больш высокай.

“Працуючы ў валанцёрскім атрадзе, мы навучыліся ствараць уласнымі рукамі цудоўнае, прыносіць людзям радасць. Наша работа мае пазітыўны напрамак. Сітуацыя дапамогі і клопату выводзіць нас на кантакт узаемаадносін, мы бачым значнасць сваіх дзеянняў, слоў, вучымся камунікабельнасці. Вядома, што словы падзякі, якія мы чуем ад людзей, грэюць нашы сэрцы, і гэта важна!” — так лічыць Вікторыя Макоўская, старшыня атрада валанцёраў.

У якасці асноўнага паказчыка эфектыўнасці рэалізацыі праекта мы лічым удзел у адукацыйных мерапрыемствах розных катэгорый насельніцтва (валанцёры, настаўнікі, бацькі, прадстаўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў). Толькі ў акцыях дружбы і міласэрнасці колькасць удзельнікаў значна павялічылася. Гэта паслужыла асновай для новых знаёмстваў, атрымання новых прафесійных навыкаў і ведаў і нават магчымасці нядрэннай кар’еры ў далейшым. А гэта гарантыя таго, што нашы дзеці вырастуць адкрытымі, сумленнымі, гатовымі ў любую хвіліну на бескарысную дапамогу блізкаму.

Арганізатары педагагічнага праекта перакананы, што іх сумесная дзейнасць з’яўляецца вядучай у станаўленні асобы, а рэчаіснасць дапамагае вызначыць жыццёвыя пазіцыі кожнага ўдзельніка, яго матывацыю і маральныя арыенціры. Мы ўпэўнены: за валанцёрскім рухам — будучыня!

Ларыса ПЕТРАШКЕВІЧ,
дырэктар сярэдняй школы № 2 Валожына, кіраўнік педагагічнага праекта.