Лавіся, рыбка, паболей!

4 лютага на возеры Окана Лепельскага раёна адбыліся І адкрытыя гарадскія спаборніцтвы па зімовай рыбалцы сярод работнікаў устаноў адукацыі Мінска. Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і пры падтрымцы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Спаборніцтвы праводзіліся з мэтай прыцягнення ўвагі педагогаў да зімовай рыбалкі як аднаго з напрамкаў турызму і прапаганды актыўнага адпачынку і здаровага ладу жыцця.

Надвор’е спрыяла рыбаловам-аматарам. Нядзельны дзень быў сонечным і марозным. Прырода зачароўвала сваёй прыгажосцю. Снег зіхацеў, іскрыўся і пераліваўся на сонцы. Снег храбусцеў пад нагамі. На возеры было вельмі ціха, здавалася, што ўсё спіць пад беласнежнай коўдрай… Вось чыесьці сляды на снезе. Хто тут бегаў? Можа, заяц ратаваўся ад лісіцы? Дарэчы, у гэтых месцах водзяцца ласі — па вялізных адбітках на снезе мы здагадаліся, што менавіта тут была іх лежня. Рыбалка стала вясёлай і пазнавальнай для многіх удзельнікаў. Каб пазбегнуць непрыемнасцей і рызыкі прыняць “воднае хрышчэнне”, неабходна было пастаянна правяраць надзейнасць ільду.

Выбар снасцей залежаў ад аб’екта лоўлі. Гэта былі звычайныя зімовыя вуды — кіўковыя і паплаўковыя, з лёскай рознай таўшчыні і наборам мармышак. Асабліва захапляльнай з’яўляецца лоўля на мармышку на мелкаводных чаротавых плёсах у канцы зімовага сезона. Пасля зімовага кіслароднага галадання разам з адталай вадой рыба атрымлівае доўгачаканае аблягчэнне, у яе паскараецца абмен рэчываў, яна ўзмоцнена харчуецца. Адрозніваюць стацыянарную і хадавую лоўлю. Стацыянарная — гэта мінімум рухаў, лоўля на папярэдне закормленых лунках. Хадавая лоўля ўяўляла сабой актыўны пошук стаянак рыбы з частымі рухамі. За дзень рыбакамі было пройдзена па лёдзе некалькі кіламетраў і прасвідравана мноства лунак. Асаблівы від зімовай рыбалкі — лоўля драпежнай рыбы на стаўкі з жыўцом. Гэты від лоўлі асабліва папулярны.

Лепшыя вынікі ў спаборніцтвах паказалі вопытны педагог і рыбалоў, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Спартыўная рыбалка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Ю.Я.Юрчанка, дырэктар фізкультурна-спартыўнага цэнтра дзяцей і моладзі Маскоўскага раёна А.А.Краснашчокаў, дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па плаванні “Няптун” А.У.Лагуноўскі. У намінацыі “Самая буйная рыба” перамогу атрымаў дырэктар Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі М.П.Воюш. Вага акуня склала 308 г.

Філасофія зімовай рыбалкі, як, дарэчы, і рыбалкі наогул, заключаецца ў яднанні з прыродай і адхіленні ад штодзённых праблем. Нездарма гавораць, што час, праведзены на рыбалцы, Бог не залічвае ў тэрмін жыцця. Як зварыць самую смачную юшку, вядома не ўсім. А нашы ўдзельнікі спаборніцтваў падзяліліся сакрэтам гатавання сапраўднай і лепшай рыбацкай юшкі, атрымалі зарад станоўчых эмоцый і добрага настрою на ўвесь наступны працоўны тыдзень. А як вы правялі выхадныя?

Мікалай ВОЮШ,
дырэктар Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота Алены БАЖЭНАВАЙ.