Ладзім метадычны мост

Восеньскія канікулы для настаўнікаў школ Ленінскага раёна Мінска прайшлі вельмі плённа. Выдатная ідэя па наладжванні метадычных мастоў паміж школамі і гімназіямі горада была прынята з вялікім запалам. Ідэя заключалася ў абмене паміж настаўнікамі іншых навучальных устаноў найлепшымі метадычнымі распрацоўкамі і знаходкамі. За школай заставаўся самастойны выбар фармату мерапрыемства. Кожная навучальная ўстанова распрацавала план, загадзя паведаміла пра яго калегам з іншай установы адукацыі і прыняла да сябе групу настаўнікаў, якія змаглі ўзбагаціць сваю метадычную скрабонку цікавымі майстар-класамі, урокамі, метадычнымі распрацоўкамі.

Самыя лепшыя ўражанні засталіся пасля метадычнага моста, наладжанага паміж cярэдняй школай № 54 і гімназіяй № 28 Мінска. Цёплая і добразычлівая атмасфера, створаная кіраўнікамі ўстаноў адукацыі І.В.Баранавай і Н.А.Лазоўскай, спрыяла наладжванню вельмі добрых адносін паміж настаўнікамі, падтрымкі ў сумеснай дзейнасці.

У сярэдняй школе № 54 была арганізавана метадычная пляцоўка з педагогамі гімназіі № 28 па тэме “Эфектыўныя метады і прыёмы фарміравання навыкаў функцыянальнай дасведчанасці як асноўнага рэсурсу сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў”. Павысіць узровень прафесійнай кампетэнтнасці пры фарміраванні ўменняў і навыкаў функцыянальнай дасведчанасці педагогі змаглі, аказаўшыся ў ролі вучняў на ўроку для дарослых “Беларускі нацыянальны арнамент як форма трансляцыі народнага вопыту”. Урок правяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ю.І.Некраш, выкарыстоўваючы тэхналогію перавернутага ўрока. Эфектыўным было для педагогаў гімназіі № 28 наведанне семінара-практыкуму “Кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні на ўроках матэматыкі і інфарматыкі”, на якім педагогі падзяліліся сваімі практычнымі напрацоўкамі. Як арганізаваць дзейнасць клуба “Дэбаты”, які працуе ў школе ўжо трэці год, даведаліся на майстар-класе “Настаўнік: прызванне ці прафесія?” класнага кіраўніка 10 класа В.М.Грыгор’евай.

Пасля гімназія № 28 запрасіла да сябе педагогаў сярэдняй школы № 54. Калегамі быў прапанаваны шэраг мерапрыемстваў па тэме “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў працэсе навучання”. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства кіраўнік навуковага таварыства гімназістаў “Дыямент” Т.Ф.Лазук падзялілася вопытам па арганізацыі даследчай дзейнасці навучэнцаў гімназіі. Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н.А.Штанюк расказала пра свае метады і прыёмы, якія садзейнічаюць фарміраванню матывацыі да навучання і пазнавальнай актыўнасці вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове і літаратуры. Настаўніца матэматыкі М.К.Лагута прадэманстравала, як сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць павысіць матывацыю і эфектыўнасць навучання. Настаўнікі французскай мовы В.Д.Ярошка і В.У.Галіца карысна і цікава расказалі пра выкарыстанне квест-тэхналогіі і арганізацыю тэатральнай дзейнасці як сродку рэалізацыі асобасна арыентаванага і камунікатыўнага падыходаў. А наведванне музея гімназіі “Традыцыям верныя” і выдатная экскурсія, праведзеная настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Г.П.Давідоўскай, пакінулі ўсіх у захапленні.

На думку арганізатараў і ўдзельнікаў, праведзеныя мерапрыемствы паміж школамі ў рамках метадычнага моста спрыялі прафесійнаму росту педагогаў, развіццю далейшай творчай дзейнасці. Спадзяёмся, што гэтая работа будзе працягнута і надалей. А зімовыя канікулы будуць адзначаны наладжваннем чарговага абмену метадычнымі напрацоўкамі.

Юлія НЕКРАШ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 54.