Квест для педагогаў

Прафесійнае станаўленне і развіццё настаўніка не заканчваецца з атрыманнем дыплома, яно працягваецца на працягу ўсяго перыяду прафесійнай дзейнасці і ў значнай ступені залежыць ад матывацыі да бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Адной з галоўных умоў удасканалення прафесійнага майстэрства настаўніка з’яўляецца спецыяльна арганізаваная ў школе сістэма метадычнай работы. Прызначэнне метадычнай работы заключаецца ў тым, каб даць педагогам рэсурсы для пераасэнсавання і сістэматызацыі тэарэтычных і практычных ведаў і навыкаў, а таксама магчымасць творчай рэалізацыі.


Плануючы праграму раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, мы пастараліся прадставіць сучасныя эфектыўныя формы арганізацыі працы як з навучэнцамі, так і з педагогамі. Настаўнікі пачатковых класаў Святлана Іванаўна Лысая, Інеса Мікалаеўна Ермаковіч, Галіна Яўгеньеўна Аўлахова падзяліліся вопытам правядзення сучасных вучэбных заняткаў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Яны прапанавалі розныя па змесце і структуры ўрокі, прадставілі нетрадыцыйныя метады і формы правядзення заняткаў і выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій, што з’яўляецца стымулам для іншых педагогаў для выкарыстання іх у практыцы сваёй работы.

Каб уключыць удзельнікаў семінара ў актыўнае ўзаемадзеянне, мы прапанавалі ім паўдзельнічаць у квест-гульні “Сучасны ўрок”. Квест — гэта камандная гульня, дзе ўдзельнікі перамяшчаюцца па кропках і выконваюць розныя заданні. Толькі выканаўшы заданне правільна, можна рухацца далей. Квест як універсальная гульнявая тэхналогія дазваляе за кароткі час уцягнуць удзельнікаў у разнастайныя віды дзейнасці. Настаўнікі пачатковых класаў здзейснілі займальнае падарожжа на цягніку. У ходзе жараб’ёўкі яны падзяліліся на дзве каманды. Каманда, якая атрымала жэтоны чырвонага колеру, — гэта адзін састаў цягніка, каманда з жэтонамі сіняга колеру — другі састаў. Задача саставаў — паспяхова прайсці нялёгкі шлях і атрымаць праязныя білеты ў педагагічную краіну “Прафесійная дзейнасць”.

На маршрутных лістах былі пазначаны станцыі, якія неабходна наведаць, каб дабрацца да пункта прызначэння. На станцыях “Мазгавы штурм”, “Метадычны інструментарый”, “Дыдактыка”, “Педагагічныя сітуацыі”, “Майстар” педагогаў чакалі цікавыя заданні — крыжаванкі, пазлы, педагагічныя сітуацыі па тэме квест-гульні. Для перамяшчэння ад станцыі да станцыі педагогі атрымлівалі падказкі. Каманды паспяхова выканалі ўсе заданні, кожны з педагогаў заслужыў праязны білет і атрымаў у падарунак брашуру “У дапамогу настаўніку пачатковых класаў: сучасныя вучэбныя заняткі”.

Вынікам выканання заданняў у гэтым квесце стала крытычнае пераасэнсаванне педагогамі атрыманай інфармацыі, яе перапрацоўка з мэтай атрымання новых ведаў.

Такім чынам, актыўнае выкарыстанне квест-тэхналогіі ў метадычнай рабоце ўстановы адукацыі спрыяе развіццю такіх кампетэнцый педагога, якія даюць яму магчымасць эфектыўна працаваць у інавацыйным рэжыме.

Таццяна БЕЛАНОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вішнявецкай
сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна.