Куток, да якога душой прыраслі

Сёння методыка выкладання беларускай літаратуры ў школе патрабуе крэатыўнага і творчага падыходу. У камп’ютарызаваным грамадстве, дзе перавага аддаецца разнастайным гаджэтам, віртуальным зносінам і сацыяльным сеткам, літаратура, на жаль, не вельмі запатрабавана. Асабліва гэта характэрна для маштабных твораў, прачытанне і аналіз якіх з’яўляецца складаным, а часам і немагчымым працэсам. Ці заўсёды варта абвінавачваць вучняў у лайдацтве і нежаданні чытаць?

З пазіцый сучаснасці многія вучні не разумеюць змест прачытанага, а таму губляюць цікавасць да твора, не спасцігаюць аўтарскай ідэі і не насычаюцца мастацкім словам. Напрыклад, у 10 класе пры вывучэнні рамана І.Мележа “Людзі на балоце” ўзнікаюць цяжкасці пры знаёмстве з побытам беларускіх сялян. Школьнікам складана ўявіць, як выглядаюць тыя ці іншыя рэчы, як адбываецца касавіца, жніво, будаўніцтва грэблі, чаму перад працай абавязкова трэба выконваць пэўныя рытуалы. Для гарадскіх вучняў няпроста патлумачыць даўнія традыцыі ці парадкі, не гаворачы пра дыялектызмы ці архаізмы, якімі насычаны творы школьнай праграмы. Настаўнікі вядуць разам з дзецьмі літаратурныя дзённікі, ствараюць даведнікі незразумелых слоў, запісваюць фальклор. Здараецца так, што, нават ведаючы значэнне слова, вучні не могуць уявіць той прадмет ці з’яву, якую яно абазначае. Тут, бясспрэчна, на дапамогу прыходзяць мультымедыйныя сродкі, карцінкі, фотаздымкі — ілюстраваны матэрыял. Але пад прынцыпам нагляднасці хаваецца яшчэ і знаёмства, скажам, з прадметам побыту, магчымасць патрымаць яго ці прымяніць па назначэнні. У гэтым садзейнічаюць спецыялізаваныя музеі. Толькі хіба вучні здолеюць адразу пазнаёміцца з бязмежнай каларытнай спадчынай продкаў?

Абноўленая метадалогія ў сістэме літаратурнай адукацыі прадугледжвае дзеянне прынцыпу арыентацыі на агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці. Вучні павінны не толькі ўзбагачацца мастацкім словам, знаёміцца з выдатнымі дзеячамі літаратуры, іх жыццём і творчасцю, але і пранікаць да самых глыбінь у спасціжэнні нацыянальнай культуры. Мы павінны ведаць і ганарыцца сваёй гісторыяй, годна карыстацца вопытам папярэдніх пакаленняў. З гэтай мэтай у сталічнай школе № 21 імя М.Ф.Гастэлы на пачатку навучальнага года была наладжана сапраўдная экспедыцыя для стварэння этнаграфічнага кутка. Уладкаваўшыся на работу ў горадзе, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Сапега вырашыла надаць кабінету крыху нацыянальнага каларыту. Да працы падключыліся настаўнікі-прадметнікі, адміністрацыя школы, вучні і нават бацькі. На машынах прывозілі рэчы побыту (бязмены, прасніцы, ночвы, драўляныя кашы, сявенькі, збаны і інш.), беражліва перадавалі на ўвекавечанне прабабуліны ручнікі, даматканыя паясы, палотнішчы, коўдры са стагадовай вытрымкай. Невялікі ткацкі станок, верацёны, прасніца дазволілі стварыць міні-экспазіцыю “Ткацтва”, астатнія рэчы знайшлі месца ў куце “Традыцыі і сучаснасць”. Тут жа размяшчаюцца лялькі ў нацыянальных касцюмах, вышытыя цацкі, ёлачныя ўпрыгажэнні. Наладжваюцца сувязі з настаўнікамі працоўнага навучання, каб стварыць святочных беларускіх лялек у адпаведнасці з народным календаром. З гэтай мэтай вучні 8-х класаў наведалі майстар-клас па вырабе некаторых відаў самабытных лялек падчас экскурсіі ў Дукорскі маёнтак. Актыўна пашыраецца колькасць прылад для сталярных работ. Штомесяц з’яўляюцца новыя ручнікі, посцілкі, сурвэткі, якія прыехалі з усіх абласцей краіны. Вучні заўважаюць адрозненні паміж ручнікамі з розных рэгіёнаў, даследуюць іх прызначэнне, самі выказваюць жаданне знайсці тую ці іншую інфармацыю, дапамагаюць пры подпісе і размеркаванні экспанатаў. Некаторыя прапаноўваюць цікавыя тэмы з выкарыстаннем этнаграфічнага кутка для далейшых навукова-практычных даследаванняў. Актыўна выкарыстоўваюцца рэчы беларускіх сялян і на ўроках моў, рускай і беларускай літаратуры, гісторыі, тэматычных класных гадзінах. За кожным прадметам стаіць гісторыя чалавека, сям’і і нават роду. Падперазаўшыся прыгожым даматканым паяском, бегала на спатканне блакітнавокая беларусачка; клапоцячыся пра вялікую сям’ю, лоўка мясіла цеста ў дзежцы дбайная гаспадыня; рыхтуючы да замужжа адзіную дачку, маці шчодра вышывала-прарочыла на вясельным ручніку шчаслівую жаночую долю.

Рыхтуючыся да правядзення прадметнай дэкады, настаўнікі роднай мовы і гісторыі падрыхтавалі сцэнарый квеста, дзе вучням для паспяховага праходжання трэба дэталёва і хутка засвоіць назвы экспанатаў, мэтазгоднасць іх выкарыстання. Вучні з захапленнем і шчырай дапытлівасцю знаёмяцца з творамі У.Караткевіча, Я.Коласа, Я.Купалы, Н.Гілевіча, якія апявалі не толькі духоўную, але і багатую матэрыяльную культуру народа. Складана арганізаваць работу над вершам М.Багдановіча “Слуцкія ткачыхі” без разумення цяжкага працэсу ткацтва, без уяўлення “цвятка Радзімы васілька” на палотнішчы. Маладаступным і таму крыху дзіўным здасца нарыс пра Беларусь У.Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. Што ні раздзел, то новы элемент культуры. Прычым геаграфія падарожжа беларускага класіка закранула самыя далёкія тэрыторыі нашай краіны: ад азёрнай гасціннай Віцебшчыны да лагоднага ляснога Палесся. Дарэчы, сам твор з’яўляецца штуршком да пазнання маладым пакаленнем бацькоўскага краю і безлічы яго багаццяў.

Этнаграфічны куток абуджае ў педагагічным і вучнёўскім калектыве пачуццё патрыятызму і гонару, адказнасці за культуру продкаў і яе захаванне. Любоў да маці і Радзімы — гэта першыя крокі на шляху да духоўнай сталасці і нацыянальнай моцы. Верыцца, што сусветнае інтэрнэт-павуцінне не запляце чалавечую душу і ў ёй заўсёды знойдзецца месца для расквечанага прывабным узорам дабротнага льнянога ручніка.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы.