Крэатыўна мысліць і перамагаць

На базе гімназіі № 35 Мінска адбыўся XIV рэспубліканскі этап Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея розуму”, у якім прынялі ўдзел каманды з Мінска, Брэста, Гродна, Мазыра, Баранавіч, Рагачова і Асіповіч. Адразу чатыры каманды прадстаўлялі сярэднюю школу № 210 Мінска.

“Адысея розуму” — міжнародная аду­кацыйная пра­грама, мэтай якой з’яўляецца развіццё крэатыўнасці (нестандартнага мыслення) у дзяцей і моладзі, пачынаючы ад дзіцячага садка і да першых курсаў УВА. У працэсе вырашэння прапанаваных нестандартных заданняў вучні развіваюць творчае мысленне (крэатыўнае мысленне), якое шмат у чым вызначае поспех у жыцці. У гэтай праграме ўдзель­нічаюць дзеці больш чым з 30 краін, і гэтая колькасць пастаянна павялічваецца. У Беларусі праграма міжнароднага конкурсу крэатыўнасці існуе з 2006 года ў рамках сумеснай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, аддзела методык па рабоце з адоранымі дзецьмі МГІРА, аўтарскай групы “Рэферэнт”.

Дэбютам стала выступленне на конкурсе каманды “ЛІСа” сярэдняй школы № 210 Мінска (трэнер Алена Мікалаеўна Туманава), у склад якой увайшлі вучні 2 “Б” класа. Ужо трэці раз прымаюць удзел у “Адысеі розуму” каманды “Цудоўная 7” (навучэнцы 4 “Г” класа; трэнер Таццяна Уладзіміраўна Гамза) і “УМНички” (навучэнцы 4 “Д” класа; трэнер Алена Яраславаўна Тагільцава). Усе гэтыя каманды па выніках некалькіх конкурсных этапаў заваявалі першыя месцы ў сваіх дывізіёнах. А вось каманду “КУКУСІКІ” (трэнер Юлія Аляксандраўна Кашырава) вучняў 10 “А” класа пачаткоўцамі ніяк не назавеш: хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічаюць у конкурсе ўжо сёмы раз. “КУКУСІКІ” ў 2012/2103 навучальным годзе прадстаўлялі Беларусь на “Еўрафэсце” ў Берліне. У гэтым годзе каманда выступала на конкурсе з праблемай “Супрацьлегласці збіваюць з панталыку”. У сваім дывізіёне “КУКУСІКІ” занялі 2-е месца.

На XIV рэспубліканскім этапе Міжнароднага конкурсу “Адысея розуму” з’явілася новаўвядзенне. Была арганізавана фотазона, на якой камандам прапанавалі зрабіць арыгінальнае фота і выкласці яго ў Instagram. Пераможца вызначаўся па максімальнай колькасці лайкаў пад здымкам. На ўрачыстым закрыцці свята быў абвешчаны пераможца. Ім стала каманда з сярэдняй школы № 210 Мінска “КУКУСІКІ”.

Каманды-пераможцы рэспубліканскага этапу конкурсу крэатыўнасці будуць прадстаўляць нашу краіну на “Еўрафэсце”, які адбудзецца з 25 па 30 красавіка ў Санкт-Пецярбургу.

Юлія КАШЫРАВА,
настаўніца хіміі сярэдняй школы № 210 Мінска.
Фота аўтара.