Кожная мясціна — адкрыццё

Дзетвара непаседлівая, актыўная, цікаўная. Выкарыстоўваючы такі момант, з лёгкасцю можна арганізоўваць падарожжы, экскурсіі, паходы. Гэта ж столькі адкрыццяў можа зрабіць для сябе кожны! Турысты аграгарадка Томкавічы рушылі з рукзакамі па дарогах Дзяржыншчыны. Мы багата ведаем пра свой край віртуальна, а рэальна ўбачыць знакавыя мясціны раёна — гэта ўражвае і запамінаецца.

Пераезд да вёскі Фрунзэ — і мы ідзём да сястры Хатыні — Глухое Пярхурава. Вёска размяшчалася ў лясістай мясцовасці. Першыя звесткі пра гэты населены пункт адносяцца да ХVІ стагоддзя. Землі належалі Радзівілам. А ў мінулым стагоддзі яе напаткаў такі ж трагічны лёс, як і Літавец, і Любажанку, і яшчэ 183 вёскі Беларусі.

Студзень 1943 года… Карная аперацыя “Якаб”… Забіта 120 мірных жыхароў… Знішчана 32 двары… Пасля Вялікай Айчыннай вайны в. Глухое Пярхурава не адрадзілася. У 1957 годзе на месцы спаленай вёскі ўстанавілі мемарыяльную дошку, а пазней з’явіўся невялікі мемарыял. З дзецьмі ўспомнілі трагічную старонку гісторыі Дзяржыншчыны, навялі парадак і рушылі ў зваротны шлях на Дворышча. Наведалі бібліятэку, адпачылі ў мясцовым парку, а потым узялі кірунак у бок Юцкоў. Пры дарозе, не даходзячы да вёскі, знаходзіцца гідралагічны помнік рэспубліканскага значэння “Юцкоўскія крыніцы”.


Якім жа адкрыццём была для нас гэтая мясціна! Столькі цікавага даведаліся пра яе! У глыбокім (да 12 м), шырокім (20—30 м), даўжынёй 150 м яры, які ўтвораны ў выніку адступлення эрозіі, прыродай створаны комплекс крыніц-рыакрэнаў (вада высочваецца са схілаў узгорка). Спецыялісты тут налічваюць больш за сотню крыніц. Крынічны ручай бяжыць з хуткасцю 2—3 м/с і сваімі водамі ўліваецца ў раку Слаўка (левы прыток Усы). Мясцовая назва ручая — Студзянец, бо вада студзіць. Пад такой назвай ён апісаны ў апавяданні К.Каганца “Навасадскае замчышча”. Але з 1999 года, набыўшы статус гідралагічнага помніка рэспубліканскага значэння, за месцам замацавалася назва Юцкоўскія крыніцы. Да крыніц вядзе жалезная лесвіца, 7 выхадаў крыніц абсталяваны жалабамі для набору вады, на схіле яра пастаўлены вялікі драўляны крыж, бо беларусы заўсёды шануюць такія мясціны.

Вада захапіла нас у водаварот пазітыўных эмоцый: яе пілі, даследавалі выхады крынічак на паверхню, назіралі за месцам упадзення ручая ў рэчку, бегалі па беразе, зрабілі прагулку ўверх і ўніз па цячэнні ракі Слаўка. Усё ўдалося і прайшло на славу. Паход запомніўся сваім каларытам, уласнымі адкрыццямі і марамі пра новае падарожжа.

Вольга АЛФЁРАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Томкавіцкага ясляў-сада — базавай школы Дзяржынскага раёна.