Конкурсы розныя, конкурсы карысныя

Ужо шмат гадоў у Капыльскім раёне на працягу навучальнага года ў рамках метадычнай работы праводзяцца агляды-конкурсы рознай накіраванасці сярод устаноў дашкольнай адукацыі, вучэбна-педагагічных комплексаў. Гэта агляд-конкурс інфармацыйна-метадычных кабінетаў, сюжэтна-ролевых гульняў, куткоў прыроды і інш.


Асноўная мэта іх правядзення — абнаўленне зместу і форм адукацыйнага працэсу, яго якасці, прыцягненне ўвагі педагагічнай, бацькоўскай грамадскасці да пытанняў стварэння развіццёвага асяроддзя ва ўстановах дашкольнай адукацыі, вучэбна-педагагічных комплексах.

Так, нядаўна адбыўся раённы агляд-конкурс сярод выхавальнікаў дашкольнай адукацыі “Мой мікракабінет і я”. Актыўны ўдзел у ім прынялі прадстаўнікі 23 устаноў. Яны прадэманстравалі, якую праводзяць работу па ўдасканаленні вучэбна-матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі.


Падчас падрыхтоўкі да конкурсу педагогі творча і па-майстэрску аформілі свае мікракабінеты. Прафесійны падыход члены журы назіралі пры афармленні асноўнай дакументацыі выхавальніка, таксама суддзі адзначылі эстэтычную і педагагічную мэтазгоднасць мікракабінетаў, рацыянальнае размяшчэнне мэблі, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, а таксама выкананне правіл аховы працы, захаванне санітарна-гігіенічных норм. Пераможцы і лаўрэаты агляду-конкурсу, якіх было больш за 30, ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны дыпломамі.


Раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету правядзенне такіх конкурсаў дапамагае вызначаць узровень прафесійнай кампетэнтнасці і ўменняў педагогаў, выяўляць перспектыўны педагагічны вопыт, стымуляваць творчую актыўнасць педагогаў. Але ў першую чаргу метадычныя конкурсы — гэта маральная падтрымка педагагічнай працы і ўвага да яе з боку ўпраўлення па адукацыі, а таксама абсталяванне прадметна-прасторавага асяроддзя ва ўстанове.

У Капыльскім раёне правядзенне конкурсаў сярод педагогаў дашкольнай адукацыі стала ўжо добрай традыцыяй, якая прыносіць добрыя вынікі.

Алена СЕРАДЗІНСКАЯ,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета
ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Капыльскага райвыканкама.