КНІГА + ІНТЭРНЭТ =…

Адной з тэм, заяўленых для вуснага выказвання на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, была такая: “Ці заб’е інтэрнэт кнігу?” Сама фармулёўка тэмы міжвольна падштурхоўвае да апазіцыі “кніга/інтэрнэт”, якая яўна чытаецца, г.зн. так ці інакш у свядомасці ўзнікае думка пра немагчымасць “мірнага суіснавання” кнігі, якая ўвасабляе сабой прывычны нам, педагогам, слоўна-лагічны спосаб мыслення, і інтэрнэту. Яго актыўныя карыстальнікі, на думку шэрага сацыёлагаў і псіхолагаў, належаць да новай ступені развіцця чалавецтва — пакалення візуалаў, у якіх па-іншаму функцыянуе памяць, па-іншаму збіраюцца ў адзінае цэлае вобразы-словы (менавіта так, “словы” менш значныя, чым “вобразы”). Акрамя таго, педагогамі і псіхолагамі фіксуецца тэндэнцыя якаснага змянення самой прыроды тэксту: на змену традыцыйнай слоўнай канструкцыі прыходзяць тэксты, для якіх характэрны гіпертэкстуальнасць, актыўнае выкарыстанне інфаграфікі, дапоўненай рэальнасці і іншых элементаў перадачы сэнсу.


Узнікае пытанне: ці магчыма ў такіх умовах выкарыстоўваць патэнцыял інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для развіцця чытацкіх уменняў навучэнцаў, для павышэння ўзроўню іх чытацкай культуры? Ці сапраўды так супрацьпастаўлены адно аднаму кніга і інтэрнэт? І ці можа інтэрнэт стаць дапамогай у справе актывізацыі дзіцячага чытання, у прыцягненні навучэнцаў да кнігі?

Пошук адказаў на гэтыя пытанні аб’яднаў у жніўні 2016 года педагогаў з розных куткоў Беларусі ў складзе творчай групы інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання чытацкай кампетэнтнасці навучэнцаў у працэсе сеткавага ўзаемадзеяння” (ініцыіраваны Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, кансультант Людміла Віктараўна Камлюк-Ярашэнка, дацэнт кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін).

Мэту праекта можна выказаць даволі проста: праз сеткавае ўзаемадзеянне выхаваць новага кампетэнтнага чытача, у свядомасці якога апазіцыі “кніга/камп’ютар” не існуе. Для такога чытача тэкст любога фармату — гэта крыніца інфармацыі: факталагічнай, эмацыянальнай, эстэтычнай. Дасягненне заяўленай мэты патрабуе напружанага пошуку новых форм вучэбнай дзейнасці, распрацоўкі новых метадычных прыёмаў, новых падыходаў у ажыццяўленні ўзаемадзеяння паміж настаўнікам і вучнем.

Адной з такіх актуальных форм вучэбнага ўзаемадзеяння з’яўляецца вучэбны сеткавы праект, які спалучае ў сабе элементы праектнай, даследчай, вучэбнай дзейнасці навучэнцаў, заснаваны на камунікатыўна-дзейнасным падыходзе, і прымяненне самых сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Вучэбныя сеткавыя праекты (ВСП) — даволі новая з’ява для беларускай адукацыі. У Рэспубліцы Беларусь прыярытэт у прасоўванні ідэі вучэбных сеткавых праектаў як універсальнага сродку развіцця метапрадметных і прадметных кампетэнцый навучэнцаў належыць Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы. У цяперашні час рэалізоўваюцца чарговыя “Купалаўскія праекты” — дыстанцыйны педагагічны марафон, маштабнае, працягласцю ў паўгода, мерапрыемства, мэтай якога з’яўляецца навучанне педагогаў тэхналогіі стварэння сеткавых праектаў (кіраўнік марафону Ніна Пятроўна Макарава, дацэнт кафедры сучасных тэхналогій праграмавання ГрДУ, кандыдат педагагічных навук). Каля 200 удзельнікаў марафону з Расіі, Украіны, Беларусі, Казахстана сабраліся для асваення гэтай тэхналогіі і падрыхтоўкі даведніка вучэбных сеткавых праектаў на 2017/2018 навучальны год.

Удзельнікі нашага інавацыйнага праекта таксама актыўна ўключыліся ў марафон. Сярод заяўленых ідэй такія: “За сямю пячаткамі: ад лічбы да кнігі праз мову” (матэматыка, руская мова, літаратура — даследаванне зон перасячэння) — Алена Іванаўна Волкава, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Салігорска; “Даўжэйшага за дзяцінства жыцця не бывае…” (свет дзяцінства з яго перажываннямі, уражаннямі, бачаннем свету дарослых) — Вольга Дзянісаўна Анохіна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Наваполацка; “Безумству храбрых поем мы песню” (Ці ёсць месца подзвігам сёння? Якія яны, героі? Які свет вакол іх?) — Наталля Уладзіміраўна Камінская, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Чэрвеня; “На шляху да шчасця” (што самае галоўнае ў жыцці чалавека, тэма шчасця ў літаратурных творах) — Вольга Уладзіміраўна Толсцік, настаўніца рускай мовы і літаратуры, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 3 Добруша; “Ключ, які адкрывае сэрцы” (свет паэзіі і прыгажосці) — Таццяна Іванаўна Саевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Валожына.

Што ж такое вучэбны сеткавы праект? Як ён злучае незлучальнае: літаратуру і матэматыку, разважанні пра шчасце і эстэтычны аналіз мастацкага тэксту?

Вучэбны сеткавы праект — гэта сумесная дзейнасць навучэнцаў-партнёраў, арганізаваная на аснове камп’ютарнай тэлекамунікацыі, якая мае агульную праблему, накіраваную на сумеснае дасягненне выніку, арыентаваная на вывучэнне закончанай вучэбнай тэмы або вучэбнага раздзела і складовая частка стандартнага вучэбнага курса або некалькіх курсаў.

У аснове кожнага ВСП ляжыць нейкае асноватворнае пытанне, якое павінна быць лаканічным, матывуючым, цікавым для навучэнцаў. Увесь праект — гэта і ёсць адказ на асноватворнае пытанне. Для юных чытачоў, якія падключыліся ў свой час да праекта “Дарогаю дабра” (вучэбны прадмет “Руская літаратура,” 5 клас, тэматычны радзел “Пісьменнікі пра дзяцінства”; азнаёміцца з праектам у сетцы можна па спасылцы https://sites.google.com/site/dorogoudobra2017/), у якасці асноватворнага пытання было прапанавана такое: “Як зразумець іншага чалавека, яго думкі і пачуцці?”

Раскрыць асноватворнае пытанне прызначаны пытанні праблемныя: “Як чытанне ўплывае на мяне?”, “Ці дапамагаюць нам літаратурныя творы разумець адно аднаго?”, “Якія літаратурныя героі маглі б стаць маімі сябрамі?” У працэсе непасрэднай работы з тэкстамі навучэнцы таксама адказвалі на прыватныя вучэбныя пытанні: “Чаму хлопчыкі з апавядання Чэхава вырашылі адправіцца ў падарожжа?”, “Як любоў да “братоў меншых” дапамагла Паўлуне з апавядання В.Бялова “Шпакі” справіцца з хваробай?”, “Чаму галоўны герой апавядання Ю.Якаўлева “А Вараб’ёў шкло не выбіваў” так стойка стаяў на сваім?” і інш.

ВСП “Дарогаю дабра” складаецца з двух дапаможных і трох асноўных этапаў. Падрыхтоўчы этап “Знаёмства” — гэта этап арганізацыі вучэбнай дзейнасці. Для ўдзелу ў ВСП навучэнцам неабходна зарэгістравацца на сайце праекта, сабрацца ў каманды, прыдумаць для сваёй каманды атрыбутыку, падпісаць кодэкс удзельніка і пачаць выкананне заданняў. На этапе рэгістрацыі законныя прадстаўнікі навучэнцаў даюць згоду на ўдзел сваіх дзяцей у сеткавым праекце. Паколькі сеткавы праект з’яўляецца вучэбным, то неабходнай умовай удзелу каманды навучэнцаў з’яўляецца наяўнасць педагога-кіраўніка (класнага кіраўніка, бібліятэкара), які накіроўвае і каардынуе работу, ажыццяўляе тэхнічную падтрымку дзіцячых ініцыятыў.

Асноўны этап “У дарогу!” дае ўдзельнікам магчымасць пазнаёміцца з тэкстамі літаратурных твораў, выбранымі са спіса для дадатковага чытання. Удзельнікі чытаюць, аналізуюць, адказваюць на пытанні, выконваюць розныя заданні з выкарыстаннем тэлекамунікацыйных тэхналогій (вучэбная дзейнасць) і, інтэрпрэтуючы прачытанае, ствараюць свае літаратурныя творы. А таксама складаюць крыжаванкі, пазлы на аснове сваіх ілюстрацый, ствараюць віртуальныя інтэрактыўныя плакаты (букпостары) і фільмы (буктрэйлеры) пра кнігі, інтэрактыўныя насценгазеты і г.д. (творчая дзейнасць).

Платформай для ажыццяўлення ВСП служыць сайт Google, які змяшчае неабходную для ўсіх удзельнікаў праекта інфармацыю: этапы праекта, прадстаўленыя ў выглядзе пэўных модуляў з заданнямі, правілы ўдзелу і сістэму ацэньвання/узаемаацэньвання, бібліятэку вэб-сэрвісаў, якія выкарыстоўваюцца, з падрабязнымі і зразумелымі інструкцыямі.

У другой чвэрці 2016/2017 навучальнага года праект “Дарогаю дабра” быў рэалізаваны. Якія ж яго вынікі?

Рэгістрацыйную анкету ўдзельнікаў запоўнілі 123 навучэнцы. Усяго зарэгістраваліся для ўдзелу 24 каманды з розных куткоў Беларусі: з Нарачы, Салігорска, Петрыкава, Чэрвеня, Добруша, Валожына, Маладзечна, Оршы, Наваполацка, Жыткавіч, Акцябрскага. Галоўным матывам да ўдзелу ў праекце для большасці ўдзельнікаў (79%) стала жаданне даведацца, як можна вучыцца дыстанцыйна, і ацаніць карыснасць або бескарыснасць такога віду навучання. А ў выніку навучыліся “працаваць у камандзе, сябраваць, хутка чытаць”, “працаваць з новымі сэрвісамі”, “ствараць крыжаванку і аблокі слоў”, “працаваць на старонцы анлайн-насценгазеты”, “пазналі імёны мастакоў, якія малявалі дзяцей” і многае-многае іншае… І галоўнае — “стала больш цікава чытаць кнігі” (з водзываў удзельнікаў).

Педагогі-каардынатары ў водзывах аб праекце адзначалі: “Дух саперніцтва, які панаваў на кожным этапе праекта, падштурхоўваў да далейшых дзеянняў. Прыемна было назіраць за работай нашых пяцікласнікаў, якія на працягу двух месяцаў знаходзіліся ў пастаянным пошуку” (Ірына Цімашэнка, настаўніца сярэдняй школы № 3 Добруша); “Не ўсё атрымлівалася ў самым пачатку. Многае было цяжка і незразумела. Але час бяжыць хутка, і мы не заўважылі, як праект захапіў нас. Дзякуючы прадуманым творчым заданням, дзеці сталі ўдумліва чытаць творы, аналізаваць, выбіраць галоўнае. Праект спрыяў згуртаванню дзяцей. Прыемна было назіраць, як пяцікласнікі спрачаюцца і прыходзяць да адзінага меркавання” (Галіна Шалашэнь, настаўніца сярэдняй школы № 13 Оршы); “Наша каманда з задавальненнем адказвала на пытанні крыжаванак, віктарын, літаратурных гульняў. Нягледзячы на тое, што ўдзельнікі каманды — навучэнцы розных класаў, працуючы над праектам, яны пасябравалі, згуртаваліся, сталі сапраўднай камандай” (Марына Жукавец, настаўніца сярэдняй школы № 1 Петрыкава); “У сеткавым праекце ўсе вучацца: і каардынатары, і дзеці. Таму тут усе — пераможцы! Бо кожны становіцца на сваёй лесвіцы дасягненняў хаця б на адну прыступку вышэй: пазнае штосьці новае, павышае свой узровень ІКТ, становіцца больш камунікабельным або больш упэўненым у сабе” (Таццяна Цярэшка, бібліятэкар гімназіі № 3 Маладзечна).

Настаўнік у сучаснай школе больш чым проста носьбіт і дарыльшчык ведаў, ён каардынатар навучання, ён канструюе адукацыйнае асяроддзе і стварае ўмовы для развіцця тых уменняў і навыкаў навучэнцаў, якія пазней дазволяць ім быць паспяховымі ў жыцці. Найважнейшае месца сярод такіх уменняў і навыкаў сёння займаюць чытацкія кампетэнцыі: уменні разумець асоўную думку тэксту, фарміраваць сістэму аргументаў, параўноўваць розныя пункты гледжання і розныя крыніцы інфармацыі па тэме, ставіць перад сабой мэту чытання, накіроўваючы ўвагу на карысную ў цяперашні момант інфармацыю, аналізаваць змены свайго эмацыянальнага стану ў працэсе чытання, атрымання і перапрацоўкі інфармацыі і яе асэнсавання. Вучэбны сеткавы праект, створаны на літаратурным матэрыяле, з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця чытацкіх кампетэнцый навучэнцаў і павышэння ўзроўню іх чытацкай культуры. У гульні-спаборніцтве тыя, “хто мала чытае”, становяцца проста тымі, хто чытае, замкнутыя адкрываюцца, творчыя рэалізоўваюць сябе.

Такі спосаб актывізацыі дзіцячага чытання (вучэбны сеткавы праект), канечне, не з’яўляецца ўніверсальным, але ён сапраўды працуе, таму і стаў адным з напрамкаў рэалізацыі рэспубліканскай інавацыі па фарміраванні кампетэнтнага чытача. Другім, яшчэ больш маштабным мерапрыемствам стане алімпіяда па чытацкай кампетэнтнасці (працоўная назва “Чытач+”), работа над арганізацыяй якой зараз актыўна вядзецца ў сеткавай суполцы ўдзельнікаў інавацыйнага праекта. Спадзяёмся, што дыстанцыйны фармат, нетрадыцыйная форма заданняў, сучасная дзіцячая мастацкая літаратура ў якасці матэрыялу для аналізу, прастор, які даецца для творчага самавыяўлення, прыцягнуць да алімпіяды “Чытач+” увагу юных аматараў чытання і іх педагогаў. Сачыце за анонсамі!

Алена ВОЛКАВА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры
кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 5 Салігорска імя Героя Савецкага Саюза В.І.Казлова.