Інтэграцыя педагагічных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій

Адным з актуальных новаўвядзенняў стала актыўнае выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі як сродку інтэнсіфікацыі працэсу навучання за кошт інтэрактыўнасці, нагляднасці і дынамічнасці падачы матэрыялу, што асабліва важна на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Прааналізаваўшы электронныя адукацыйныя рэсурсы па англійскай мове, прыйшла да высновы, што для навучэнцаў малодшых класаў дапаможнікаў для інтэрактыўнай дошкі няма. Так узнікла ідэя стварэння ўласнага электроннага адукацыйнага рэсурсу да вучэбных дапаможнікаў па англійскай мове для 3 і 4 класаў.

Кожны настаўнік можа распрацаваць свой электронны сродак навучання з дапамогай такіх праграм, як AutoRun Pro Enterprise, Auto Play Media Studio, Constructor Electronic Books, NeоBook, “ФотаШоу”, Prezi і многія іншыя. Пры выбары праграмы для стварэння абалонкі свайго ЭАР я спынілася на праграме Auto Play Media Studio, вывучанай мной раней на павышэнні кваліфікацыі ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі. Auto Play Media Studio з’яўляецца папулярным інструментам для распрацоўкі і стварэння аўтазапуску CD, браўзераў і прэзентацый.

Вывучыўшы праграмнае забеспячэнне, якое дазваляе ствараць практыкаванні для інтэрактыўнай дошкі, я прыйшла да высновы, што на сёння найбольш папулярным праграмным забеспячэннем з’яўляецца праграмная абалонка Smart Notebook. Яна простая ў прымяненні, інтуітыўна зразумелы інтэрфейс аблягчае працэс стварэння інтэрактыўных заданняў. Гэтае праграмнае забеспячэнне дазваляе адначасова працаваць з тэкстам, графічнай выявай, відэа- і аўдыяматэрыяламі.

ЭАР “Практыкаванні для інтэрактыўнай дошкі. Happy English” змяшчае практыкаванні для інтэрактыўнай дошкі па лексіцы, граматыцы, успрыманні і разуменні маўлення на слых, развіцці навыкаў гаварэння. Выкарыстанне дапаможніка дазваляе развіваць у навучэнцаў усе віды маўленчай дзейнасці. Практыкаванні ствараюцца ў фармаце, свабодным для рэдагавання педагогамі ў залежнасці ад узроўню вучэбных дасягненняў навучэнцаў, форм і метадаў арганізацыі заняткаў.

Электронны дадатак будзе спрыяць інтэграцыі педагагічных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Любыя педагагічныя тэхналогіі: гульнявыя, інтэрактыўныя, праблемна-пошукавыя, якія мы звычайна ажыццяўляем з дапамогай раздатачнага, нагляднага матэрыялу, зараз можна прымяняць з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі, што значна эфектыўней.

ЭАР быў апрабаваны на навучэнцах 3—4 класаў школы. Аналіз узроўню засваення вучэбнага матэрыялу па англійскай мове навучэнцамі 3—4 класаў за ІІ — IV чвэрці 2015/2016 навучальнага года паказаў, што выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках англійскай мовы спрыяе павышэнню выніковасці адукацыйнага працэсу. Нагляднасць і магчымасць перамяшчэння аб’ектаў павялічваюць аб’ём запамінання лексічных і граматычных адзінак, спрыяюць паспяховаму засваенню вучэбнага матэрыялу. У выніку павышаецца матывацыя і актывізуецца пазнавальная дзейнасць навучэнцаў.

Стварэнне і выкарыстанне электроннага адукацыйнага рэсурсу спрыяе не толькі інтэнсіфікацыі вучэбнага працэсу і павышэнню матывацыі навучэнцаў да вывучэння англійскай мовы, але і стварэнню ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі настаўнікаў англійскай мовы, абмену вопытам і павышэнню якасці адукацыі.

З’яўляючыся кіраўніком метадычнага аб’яднання па пытаннях інфарматызацыі адукацыі, я распрацавала рэкамендацыі для педагогаў школы па выкарыстанні ЭАР у вучэбным працэсе і магчымасцях стварэння ўласных электронных адукацыйных рэсурсаў. Сваім вопытам я дзялюся на дадатковым тэматычным сайце нашай школы “Віртуальны кабінет метадычнага аб’яднання па пытаннях інфарматызацыі адукацыі”, у якім створаны раздзел “Інтэрактыўная дошка ў школе”.

Ларыса ГАРДЗІЕНКА,
настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 202 Мінска.