Інфармацыйная прастора сучаснай гімназіі

Вялікая ўвага ў гімназіі № 1 Капыля імя М.В.Рамашкі ўдзяляецца мадэрнізацыі тэхнічнай інфраструктуры інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Гімназія сёння — гэта высокакваліфікаваны педагагічны калектыў, вучні — пераможцы заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд па геаграфіі і працоўным навучанні, інфармацыйная прастора, якая садзейнічае павышэнню якасці адукацыі і матывацыі вучняў да вывучэння асобных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні.

Працэс фарміравання інфармацыйнай культуры ў гімназіі прадугледжвае актыўную працу педагогаў і навучэнцаў з інфармацыяй з мэтай развіцця ўменняў пошуку, асэнсаванага ўспрымання інфармацыі, самастойнага, крытычнага, творчага мыслення, фарміраванне светапогляду, каштоўнасных якасцей асобы. Пры гэтым вучні і педагогі авалодваюць такімі ўменнямі выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў, якія патрабуюць не толькі адпаведных навыкаў работы, але і крэатыўнасці, навізны і пастаяннай самаадукацыі.

З 2016 года ў адукацыйны працэс гімназіі педагогі пачалі ўкараняць інтэрактыўныя праграмы, сэрвісы Kahoot і Plickers.

Kahoot — гэта новы сэрвіс для стварэння анлайн-віктарын, тэстаў і апытанняў. Створаныя ў Kahoot заданні дазваляюць уключыць у іх фатаграфіі і відэафрагменты. Тэмп выканання віктарын, тэстаў рэгулюецца шляхам увядзення часавай мяжы для кожнага пытання. Вучні могуць адказваць на створаныя настаўнікам тэсты з планшэтаў, ноўтбукаў, смартфонаў — з любой прылады, якая мае доступ да інтэрнэту па WI-FI. Пры жаданні настаўнік можа ўвесці балы за адказы на пастаўленыя пытанні: за правільныя адказы і за хуткасць. Табло адлюстроўваецца на маніторы настаўніцкага камп’ютара. Для ўдзелу ў тэсціраванні навучэнцы павінны проста адкрыць сэрвіс і ўвесці пін-код, які паказвае настаўнік са свайго галоўнага камп’ютара.

Вопыт выкарыстання сэрвісу распаўсюджваецца ў гімназіі толькі на вучэбныя заняткі. У якасці дамашняй работы заданні такога характару не прапануюцца.

Сёння ў гімназіі сэрвіс Kahoot выкарыстоўваюць як настаўнікі хіміі, гісторыі, біялогіі, матэматыкі і англійскай мовы, так і настаўнікі пачатковых класаў. Для авалодвання навыкамі выкарыстання сэрвісу не патрабуецца асаблівай спецыяльнай адукацыі і шмат часу. Ідэя і вопыт калег па выкарыстанні сэрвісу былі прывезены мной у гэтым годзе з VI Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства. Для шырокага ўкаранення сэрвісу ў адукацыйную прастору гімназіі нам спатрэбіўся адзін месяц. Галоўнае — жаданне ісці ў нагу з новымі адукацыйнымі тэхналогіямі і адпавядаць запытам сучаснага навучэнца.

Plickers — інтэрактыўны дадатак. Для работы патрэбны толькі камп’ютар з доступам у інтэрнэт па WI-FI, тэлефон з камерай і QR-коды-карткі. Вучні падымаюць картку з варыянтам адказу, які яны лічаць правільным, а тэлефон настаўніка счытвае коды адразу ўсіх вучняў. Тэсціраванне імгненна выяўляе правільныя і няправільныя адказы кожнага з вучняў і анлайн адлюстроўвае статыстыку адказаў на тэст па класе і па прозвішчах, пры гэтым усю інфармацыю лёгка і зручна вывесці на экран пры дапамозе праектара.
Такім чынам, з мінімальнай колькасцю намаганняў педагогу ўдаецца прыцягнуць дадатковую ўвагу да ўрока, выкарыстаўшы гэты цікавы від апытання.

Тэхналагічныя змяненні ў гімназіі садзейнічаюць пашырэнню педагагічных метадаў і прыёмаў, павышаюць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу. На ўроках з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў асноўны акцэнт робіцца на арганізацыю актыўных відаў пазнавальнай дзейнасці.

Створаная ў гімназіі інфармацыйная прастора дазваляе навучэнцам выкарыстоўваць яе магчымасці: гімназісты ствараюць уласныя вучэбныя групы ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”, выкарыстоўваючы медыярэсурсы YouTube, ствараюць індывідуальныя і калектыўныя блогі і размяшчаюць у іх самыя розныя матэрыялы.

У перспектыве ў гімназіі плануецца пашырыць службу падтрымкі педагогамі навучэнцаў у пазаўрочны час шляхам дыстанцыйнага навучання па ўсіх асноўных вучэбных прадметах, ствараць персанальныя сайты настаўнікаў, калектыўна планаваць дзейнасць метадычных аб’яднанняў, выкарыстоўваць вэб-сэрвісы Google.

Аксана БУРАК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Капыля.