Імяніны ў кнігі

Сярод вясенніх свят у дзятвы нашай дашкольнай установы ёсць адно з самых любімых — Дзень кнігі. Чаму любімае? Таму што ў гэты дзень дашкаляты сустракаюцца з героямі любімых кніг, персанажамі чароўных казак, і самі становяцца героямі любімых твораў. Яшчэ і таму, што вялікай самаробнай кнізе “Адкуль кніга да нас прыйшла” споўніўся год.

Ужо стала традыцыяй нашай дашкольнай установы 2 красавіка святкаваць Дзень кнігі. За тыдзень да свята праходзяць экскурсіі ў дзіцячую гарадскую бібліятэку, працуе майстэрня па вырабе кніжак-малышак, маляўнічых дэкарацый для тэатралізаванай дзейнасці, працуе “кніжчына бальніца”, праходзяць тэатралізаваныя спектаклі, выставы “У гасцях у казак”, арганізоўваюцца дыдактычныя гульні.

Асноўная мэта свята — стварэнне святочнага настрою, пашырэнне ўяўленняў у дашкольнікаў пра значнасць кнігі ў жыцці чалавека, пра тое, што чытаць — гэта модна.

У гэтым годзе свята прайшло пад назвай “Дзіцячы сад — кніжчын дом”. І не проста дом, а дом, дзе дарослыя і дзеці чытаюць кнігі, дораць іх, майструюць з розных матэрыялаў і на розныя тэмы, клапатліва адносяцца да кніг.

У старшай групе “Незабудкі” выхавальніца дашкольнай адукацыі Любоў Мікалаеўна Казлова разам з бацькамі вялікую ўвагу ўдзяляе падбору пазнавальнай літаратуры: тут ёсць дзіцячыя энцыклапедыі “Свет вакол нас”, “Насельнікі мораў і акіянаў”, “Жывёльны свет”, “Раслінны свет”, “Падводны свет”, “Жывёлы і птушкі нашых лясоў”, “Матылькі” і інш., часопісы “Вясёлка”, “Родная прырода”, “Буся”.

У старшай групе “Рамонкі” выхавальніца дашкольнай адукацыі Тамара Францаўна Мельнікава правяла гутарку з дзецьмі “Адкуль кніга да нас прыйшла”. Гутарка право­дзілася з выкарыстаннем аднайменнай кнігі, вырабленай рукамі педагогаў. Кніга падрыхтавана на беларускай мове ў форме лэпбука, мае многа раздзелаў: “Як робяць паперу”, “Што такое папірус”, “Берасцяныя граматы”, “Як рабілі пергамент”, “Што такое бяроста”, “Гліняныя таблічкі”, “Пісьмо на васковых дошчачках”, “Вузялковае пісьмо”, “Світкі” і інш. Раздзелы кнігі пастаянна папаўняюцца ў адпаведнасці з развіццём пазнання дзяцей. Усе раздзелы кнігі былі падрыхтаваны педагогамі разам з дзецьмі.

Галіна САДОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч.