ІКТ для навучання і карэкцыі

Любы педагог павінен ісці ў нагу з часам і ствараць у прафесійнай дзейнасці новае звяно, выкарыстоўваючы інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі. Карэкцыйна-педагагічную работу нельга штучна вычленіць з трыадзінай схемы адукацыі “навучанне — выхаванне — развіццё”. Яе проста неабходна будаваць на цікавасці, навізне, даступнасці, сучаснасці. Як вынік, інфармацыйныя тэхналогіі актыўна ўкараняюцца ў спецыяльную адукацыю.

Педагогі Салігорскага раённага ЦКРНіР шырока выкарыстоўваюць праграмна-дыдактычны комплекс “Лагамер”, праграмна-дыдактычны комплекс “Мерсіба”, праграмна-дыдактычны комплекс “Мерсіба+”, камп’ютарныя развіццёвыя гульні, гульнявыя мадэлі, фільмы, прэзентацыі. Салігорскі раённы ЦКРНіР з’яўляецца раённым рэсурсным цэнтрам па выкарыстанні ІКТ у спецыяльнай адукацыі. Распрацавана сістэма навучальных семінараў па выкарыстанні ІКТ для педагогаў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Салігорскага раёна.

Прымяненне ІКТ — умова індывідуалізацыі навучання, што дазваляе кожнаму дзіцяці развівацца ў адпаведнасці з яго здольнасцямі і асаблівасцямі. А ў выпадку навучання дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця (далей ЦМПР) часам гэта адзіны спосаб падачы матэрыялу ў сітуацыі, калі камп’ютар — сувязное звяно паміж дзіцем, настаўнікам і знешнім светам.

Што мяне як настаўніка-дэфектолага, які працуе з дашкольнікамі, прываблівае ў выкарыстанні ІКТ на занятках? Перш за ўсё імкнуся вярнуць у навучанне радасць гульні. Навучанне будуецца на захапленні, хуткасці і паўнаце інфармацыі. У ім рэлаксацыя, рэчаіснасць, стымулы, эмоцыі і задавальненне.

Мной былі вызначаны розныя напрамкі выкарыстання ІКТ, якія знаёмяць дзяцей з ЦМПР са светам, соцыумам, даюць элементарныя матэматычныя ўяўленні, развіваюць маўленне. Я распрацоўваю ўласныя мультымедыйныя прэзентацыі, выкарыстоўваю інтэрнэт-рэсурсы, гатовыя навучальныя праграмы і камп’ютарныя гульні. Стварыла сістэму карэкцыйных заняткаў па лексічных тэмах з дзецьмі з ЦМПР. Непасрэдна адукацыйная дзейнасць з выкарыстаннем прэзентацый па лексічных тэмах дазваляе ператварыць адукацыйны працэс у захапляльную гульню. На падгрупавых і індывідуальных занятках выкарыстоўваю камп’ютарныя прэзентацыі, яркія малюнкі, аб’ёмныя выявы, гукавое суправаджэнне. Пазнавальная накіраванасць практыкаванняў, гульнявая інтэрактыўная форма падачы вучэбнага матэрыялу робяць заняткі прывабнымі. За час сваёй педагагічнай дзейнасці я сабрала і сістэматызавала матэрыялы па выкарыстанні ІКТ на вучэбных і карэкцыйных занятках:

1. “Жывёлы для дзяцей”

Дадатак “Жывёлы для дзяцей” разбіты на тры групы: “Свойскія жывёлы”, “Жывёлы лесу”, “Жывёлы свету”. Дадатковыя альбомы: “Птушкі”, “Насякомыя”.

2. “Матэматыка для дзяцей”

“Вывучэнне лічбаў” — навучальная праграма, з дапамогай якой дзеці, гуляючы, асвойваюць лічбы ад нуля да дзевяці, вучацца іх правільна называць, параўноўваць.

3. “Развівашка”

Простыя, зразумелыя гульнявыя заняткі. Можна на экране камп’ютара скласці пірамідку з колаў, упрыгожыць ёлачку, расставіць птушак на свае месцы, пасадзіць кветкі ў вазоны, раскласці цацкі па палічках і многае іншае.

4. “Вывучаем колеры”

Да кожнага колеру прапануецца па 3 яркія карцінкі, якія адпавядаюць колеру. На экране з’яўляецца выява пэўнага колеру і вымаўляецца яго назва. Карцінкі, якія адпавядаюць колеру, з’яўляюцца па чарзе (напрыклад, пры вывучэнні жоўтага колеру на экране паказваюцца лімон, кураня і сонейка).

5. “Вывучаем геаметрычныя фігуры”

Тры віды гульні:

а) вывучэнне форм на прыкладзе прадмета са штодзённага жыцця;

б) супастаўленне картак і контураў на аснове падабенства іх колеру і формы;

в) пазлы, якія вучаць разумець, што прадметы складанай формы складаюцца з простых фігур.

6. “Вывучаем колеры і геаметрычныя фігуры”

На экране планшэта кожнае дзіця самастойна размалёўвае фігуры, пры гэтым назвы колераў і фігур агучваюцца. Падчас гульні задаюцца пытанні, на якія дзіця павінна самастойна выбраць правільныя адказы. Гульня арганізавана ад простага да складанага.

7. “Развівалкі для дзяцей”

Развіццёвыя гульні для сістэматызацыі ведаў: “Чацвёрты лішні”, “Знайдзі лішняе”, “Назаві адным словам”.
8. “Размалёўка для дзяцей”

У гульні выбіраем размалёўку і інструмент размалёўкі (штрыхоўка алоўкам або заліўка). Віды размалёвак: “Жывёлы”, “Транспарт”, “Твары”, “Кветкі”, “Садавіна”, “Агародніна”, “Рыбы”.

9. “Развіццёвыя гульні для дзяцей”

Дзіцячы развіццёвы часопіс, які ўяўляе сабой энцыклапедыю для дзяцей. Змяшчае наступныя раздзелы: “Вясна”, “Лета”, “Восень”, “Зіма”, “Жывёлы”, “Птушкі і насякомыя”, “Насельнікі рэк, мораў, азёр”, “Садавіна, ягады, агародніна”, “Правілы дарожнага руху”, “Транспарт”, “Адзін — многа”.

10. “Музычныя пазлы”

Пазлы з кадрамі з лепшых савецкіх мультфільмаў і песні з іх.

Выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе дашкольнай групы “Усмешка” станоўча ўплывае на якасць адукацыі дзяцей з ЦМПР: робіць адукацыйны працэс інтэрактыўным, павышае эфектыўнасць і нагляднасць навучання, палягчае мадэляванне заданняў пад розныя задачы, забяспечвае шматразовасць паўтарэння матэрыялу, карыгіруе сацыяльную і эмацыянальна-валявую сферу асобы выхаванцаў, псіхічныя функцыі (памяць, увагу, маўленне, мысленне), кісцевы праксіс.

Дзеці ахвотна выконваюць заданні, праяўляюць цікавасць да матэрыялу, працуючы з камп’ютарам, інтэрактыўнай дошкай, на планшэтах. Прымяненне ІКТ у рабоце дазволіла зрабіць наступныя высновы:

— планшэт, камп’ютар становяцца неабходным сродкам навучання дзяцей з ЦМПР;

— выкарыстанне ІКТ спрыяе павышэнню маўленчай і пазнавальнай актыўнасці, карэкцыі маўленчых парушэнняў і развіццю вышэйшых псіхічных функцый;

— актыўнае прымяненне камп’ютарных тэхналогій у вучэбнай дзейнасці значна эканоміць час, сродкі і сілы педагога пры падрыхтоўцы да заняткаў.

Гульні, прэзентацыі асвойваюцца дзецьмі з ЦМПР лягчэй. Гуляючы, дзіця спалучае прыемнае з карысным, яно захоплена, а значыць, атрыманая інфармацыя засвойваецца правільна.

Святлана ПАЦЯПАЛАВА,
настаўнік-дэфектолаг Салігорскага раённага ЦКРНіР.