Гульня ў лялек

Здаецца, ужо стала традыцыйным асвятляць дзейнасць музея — пакоя маці на базе сярэдняй школы № 42 Мінска напярэдадні 14 кастрычніка, Дня маці. І гэты год не стаў выключэннем. 10 кастрычніка 2018 года ў рамках пашырэння музейнай прасторы ў сценах гэтай сталічнай школы адкрыліся новыя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі ўзнікнення і існавання лялек, а таксама Году малой радзімы.


Чаму ж лялечная экспазіцыя ў музеі — пакоі маці? А калі яшчэ зусім юныя асобы адчуваюць сябе мамай? Канечне, у час гульні ў лялек. Так у жыццё дзяўчынкі ўваходзіць мацярынства.

У нашу школу лёс прывёў таленавітую мастачку Ганну Уладзіміраўну Голубеву, у якой нарадзілася ідэя паспрабаваць у рамках работы выяўленчай студыі “Жамчужына” зрабіць лялек з простых пластыкавых бутэлек. Адна, другая, з усмешкай, сумная — і спыніцца ўжо не было сіл. Следам пайшлі лялькі аўтарскія, вучнёўскія, а за імі і “Фестываль беларускай лялькі”, дзе былі прадстаўлены розныя элементы беларускага нацыянальнага касцюма. Ганну Уладзіміраўну зацікавілі і розныя тэхнікі выканання: матанкі, вадкі фарфор і інш. Тут і велічная Яўгенія, і сапраўдны гаспадар дома Лявон, хітраватыя дзед і бабка, і вясёлыя маладухі і паненкі — поры года.


Лялька — практычна першая сярод цацак, таму яна блізкая і зразумелая дзіцяці. Яна не нараджаецца сама, яе стварае чалавек, а самыя натхнёныя стваральнікі лялек — дзеці. Гульня ў лялек здаўна падтрымлівалася дарослымі, паколькі праз лялечны свет дзіця не толькі пазнае свет і самога сябе, але і вучыцца клапаціцца пра блізкага, стварае свой вобраз сям’і.

Наведвальнікі экспазіцыі трапляюць у беларускую хату, дзе пазнаёмяцца з абрадавымі і абярэгавымі лялькамі, даведаюцца пра ролю лялькі ў жыцці чалавека ў розныя гістарычныя эпохі, убачаць аўтарскіх лялек. І не толькі ўбачаць. Пасля заканчэння міні-экскурсіі кожнаму наведвальніку будзе прапанавана паўдзельнічаць у майстар-класе і стварыць сваю непаўторную ляльку. У час майстар-класа наведвальнікі вырабляюць лялек: матанкі, абярэгі — усё тое, што лёгка і хутка стварыць з падручнага матэрыялу. Тут спатрэбіцца ўсё: анучкі, шнурочкі, сучкі, ніткі… Галоўнае — душа, якую кожны аўтар укладзе ў сваю ляльку, каб ажывіць яе.

Выбар такой формы правядзення экскурсіі і падачы матэрыялу невыпадковы. Гэта ў першую чаргу дзейнасць школьнага музея, накіраваная на прыцягненне дзяцей у школу, да заняткаў творчай дзейнасцю, карыснага правядзення часу. А што можа больш парадаваць дзіця, чым прынесены дадому цуд, створаны яго ўласнымі рукамі? Ды і бацькам, асабліва ў шосты школьны дзень, думаю, будзе цікава і карысна правесці час з дзецьмі ў сумеснай дзейнасці. Нездарма народная прыказка гаворыць: “Хто ў лялек не гуляў, той шчасця не ведаў”.

Хочацца сказаць і некалькі слоў пра другую экспазіцыю, прысвечаную Году малой радзімы. Яна расказвае пра гісторыю заснавання, колькасць насельніцтва, культурныя і гістарычныя месцы, прамысловыя і гаспадарчыя дасягненні, асаблівасці кожнай з галін нашай краіны.


Наведаўшы гэтую экспазіцыю, дзеці атрымаюць шмат карыснай інфармацыі не толькі для агульнага развіцця, але і для выкарыстання яе ў далейшым на ўроках гісторыі, мастацтва, геаграфіі. Ёсць у нашай школе і дзеці, якія прыехалі з іншых рэгіёнаў краіны, якім гэтая экспазіцыя дапаможа ўспомніць пра сваю малую радзіму. Пасля заканчэння экскурсіі па жаданні можна паўдзельнічаць у віктарыне, якая яшчэ раз актывізуе пачутае.

У планах многае: і стварэнне квеста па старонках гісторыі рэгіёнаў краіны, і авалоданне новымі тэхнікамі па вырабе лялек, і папаўненне экспанатаў, і адкрыццё новых экспазіцый. Якімі яны будуць — час пакажа. А пакуль сярэдняя школа № 42 чакае ў госці ўсіх, хто хоча акунуцца ў дзяцінства, успомніўшы пра маму і пра сваю малую радзіму.

Наталля ЛУЦАЙ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 42 Мінска.