Горад у сонечных промнях

У Мінску праходзіць гарадскі агляд-конкурс “Формула саду — 2018” на лепшы праект па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі. З 23 ліпеня па 3 жніўня журы конкурсу ацэньвала арганізацыю, добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі, прадстаўленых на конкурсе. Арганізатары — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі гарадскі камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мінскі дзяржаўны турыстычна-экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі.


Прыняў удзел у гэтым конкурсе і мінскі Палац дзяцей і моладзі “Золак”. Конкурс праводзіцца ў чатырох намінацыях: “Манахромны кветнік” (у адной колеравай гаме), “Рэгулярны кветнік” (класічны кветнік у рэгулярным стылі), “У нагу з часам” (даследчая работа аб сучасных прыёмах азелянення і добраўпарадкавання) і “Як у YouTube: парады юнага фларыста” (відэаролік, які дэманструе навыкі па стварэнні фларыстычнай кампазіцыі). “Золак” выступае ў першай намінацыі з праектам “Горад у сонечных промнях”.

Названы праект уключае бардзюрную кампазіцыю з іглічных раслін, бетонныя кветачніцы і габіёны з дэкаратыўнымі раслінамі, садовыя лаўкі, велапаркоўку, гульнявую пляцоўку, скульптурныя кампазіцыі “Мінск на далонях” і “Мінск гістарычны”. Знізіць шум, абараніцца ад пылу стала асноўнай задачай праекта. Таму для азелянення і выбралі іглічныя расліны: туі, ядлоўцы і інш. Дырэктар Палаца дзяцей і моладзі Ірына Уладзіміраўна Жарская гаворыць, што гэта ўсё было зроблена для дзяцей і іх бацькоў, каб на тэрыторыі “Золка” ім было эстэтычна прыемна і зручна.

Важны акцэнт скульптурнай часткі — гістарычны цэнтр Мінска, які ўзвышаецца над усёй кампазіцыяй. У ім прасочваецца гістарычнае мінулае горада: Мінская гарадская ратуша, Свята-Духаў кафедральны сабор і г.д.

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў конкурсу адбудзецца 8 верасня 2018 года. Па выніках конкурсу пераможцы будуць адабраны для ўдзелу ў Рэспубліканскім конкурсе па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.

Дар’я БАРАВІКОВА.
Фота аўтара.