EDUCA-2019

“Навучанне — камунікацыя і зносіны” — пад такім дэвізам 25 і 26 студзеня адбылася адна з найважнейшых падзей у сферы адукацыі — Міжнародная выстава EDUCA-2019 (Хельсінкі, Фінляндыя).

У гэтым годзе прадстаўнікам сярэдняй школы № 22 Мінска Юліі Кулакоўскай, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце, Аксане Герашчанка, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, і Веры Еўтух, настаўніцы матэматыкі, выпала магчымасць стаць непасрэднымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў выставы разам з астатнімі 18 400 наведвальнікамі.

EDUCA — гэта найбуйнейшае ў Фінляндыі прафесійнае мерапрыемства ў сферы адукацыі і выхавання. Выстава цікавая прадстаўнікам усіх узроўняў адукацыі — ад дзіцячых садкоў да ВНУ. Адзі­ная цяжкасць у тым, што ўсе семінары, лекцыі, інфагадзіны і іншыя мерапрыемствы праходзяць на фінскай мове.

Аднак нам вельмі пашанцавала, мы сталі ўдзельнікамі 1,5-гадзіннай лекцыі на рускай мове, прысвечанай выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у фінскіх школах. Лектарам выступала Нійна Сінко, раней — завуч руска-фінскай гімназіі Хельсінкі, а цяпер — прадстаўнік Дэпартамента адукацыі Хельсінкі. Тэма семінара актуальная, паколькі сёння ў Фінляндыі можна пачуць аргументы як за інтэрнэт, так і супраць.

Спадарыня Сінко азнаёміла нас не толькі з новымі магчымасцямі выкарыстання платформы Google classroom, але і расказала пра распрацоўкі фінскіх IT-спецыялістаў, якія ствараюць электронныя адукацыйныя матэрыялы (бясплатныя для настаўнікаў, але могуць быць платнымі для школ). Найбольшую цікавасць ва ўсіх удзельнікаў лекцыі выклікаў вопыт правядзення дыстанцыйных дзяржаўных экзаменаў па ўсіх прадметах.

Не менш цікавым быў вопыт укаранення праекта UBICO. Мэтамі праекта UBICO з’яўляюцца стварэнне і развіццё вучэбных модуляў, якія робяць навучанне ўніверсальным і накіраваны як на падтрымку ў вучняў матывацыі да навучання, так і на стымуляванне прафесійнага росту настаўнікаў і іх гатоўнасці да педагагічнай працы, а таксама павышэнне іх дасведчанасці ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій (падрабязней — на канале УouТube/5BR7hFt6izo).

Вынікамі ўкаранення гэтага праекта ў Фінляндыі сталі школы і іншыя сацыяльныя аб’екты так званага поўнага жыццёвага цыкла, якія працуюць з раніцы да вечара і аб’ядноўваюць на сваёй тэрыторыі агульнаадукацыйную школу, кансультацыйны цэнтр, бібліятэку, цэнтр дашкольнай адукацыі, а таксама прадастаўляюць розныя паслугі ў галіне культуры, спорту і работы з моладдзю і якія дазваляюць выкарыстоўваць шматфунк­цыянальную дваровую тэрыторыю, як, напрыклад, Нумікескус у горадзе Хямеэнліна.

Немагчыма апісаць у невялікім артыкуле ўсё тое, што нам удалося ўбачыць, з чым азнаёміцца і што прывезці з сабой. Падводзячы вынік, варта адзначыць, што асноўнымі напрамкамі работы з моладдзю ў Фінляндыі з’яўляюцца палавое выхаванне (што асабліва актуальна для нас у святле ўвя­дзення ў школьную праграму новага факультатыўнага курса), захаванне і падтрыманне здаровага ладу жыцця, сацыяльная адаптацыя, выкарыстанне другасных рэсурсаў пры ўпарадкаванні школьнай прасторы і, што вельмі важна, стварэнне ўмоў для паспяховай міжкультурнай камунікацыі школьнікаў.

Юлія КУЛАКОЎСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 22.