Дзённік старога штурмана

Празвінеў школьны званок. Мы з калегамі занялі месцы для гледачоў у кабінеце гісторыі сярэдняй школы № 32 Мінска. Навучэнцы размяркоўваюць паміж сабой ролі: Ігнацій Міхайлец, вучань 9 “А” класа, цягне руку, каб трапіць на службу да кватэрмайстра, — будучы лагіст любіць пракладваць маршруты на карце; у Аляксея Сушко лепш за ўсё атрымліваецца весці дыпламатычныя перамовы, таму ён запісваецца ў групу “Пасольства”; Марыя Гулюк і Настасся Хмель захоплены вывучэннем жывёльнага і расліннага свету, таму, не задумваючыся, пераходзяць на службу княжацкага лоўчага і егера; Раман Філімонаў як тытулаваны спартсмен стаў падскарбіем на чале харугвы для захопу новых земляў; Аляксей Валасевіч будзе даследаваць карысныя выкапні на новых землях, і на ўроку яму адведзена роля рудазнаўца; Лада Басава і Марыэта Савіцкая паслужаць у астролага; Сяргей Хажэмпа і Павел Слабодзіч будуць княжацкімі картографамі, таму з асаблівай цікавасцю паглядаюць на карту; ну а Ганна Хадзянкова і Настасся Курыловіч прымяраюць на сябе ролю княжацкіх архіварыусаў, бо вывучэнне помнікаў культуры — гэта іх канёк.


Здаецца, усе ролі размеркаваны. Тады добрай дарогі! Экспедыцыя Вялікага Княства Літоўскага ў Новы Свет стартуе ў сценах школы Цэнтральнага раёна сталіцы. Настаўніца геаграфіі Марына Міхайлаўна Цыбульская і настаўнік гісторыі Сяргей Сяргеевіч Собалеў даюць майстар-клас. Форма правядзення ўрока — адукацыйнае падарожжа “Дзённік старога штурмана”. Яна дазваляе вучням атрымаць веды ў цікавай і захапляючай манеры.

Перад намі, тымі, хто прыйшоў да калег на майстар-клас, прайшло сапраўднае падарожжа, у аснову якога была пакладзена міжпрадметная сувязь геаграфіі і гісторыі. Тут прысутнічала новая інфармацыя, замацаванне пройдзенага матэрыялу, адпрацоўка ўменняў і навыкаў. Навучэнцы смела і ўпэўнена падарожнічалі па выбраным маршруце, даследавалі землі, вялі дыпламатычныя перамовы, заваёўвалі новыя тэрыторыі, наносілі на карты новыя землі, абаранялі ад нападзення свае ўладанні, забяспечвалі атрады прадуктамі і амуніцыяй, выяўлялі карысныя выкапні на новых тэрыторыях, вызначалі новыя паляўнічыя ўгоддзі, складалі карты клімату і ўмоў надвор’я…

Адукацыйнае падарожжа прадугледжвала даследчую дзейнасць навучэнцаў, самастойнае вывучэнне інфармацыі, работу з тэкстамі, адбор інфармацыі, спрыяла фарміраванню ў дзяцей карціны свету, пашырэнню агульнага кругагляду.

Пасля заканчэння інтэграванага ўрока ўсе ўдзельнікі майстар-класа перайшлі ў метадычны кабінет, дзе працягнулі гутарку з настаўнікамі-прадметнікамі ў форме прэс-канферэнцыі.

У першую чаргу нас цікавіла, што стала матыватарам аб’яднання двух прадметаў — гісторыі і геаграфіі.

— На ўроках геаграфіі і гісторыі адным з уменняў, якія фарміруюцца, з’яўляецца ўменне працаваць з картаграфічным матэрыялам. На ўроках гісторыі карту пачынаюць выкарыстоўваць у 5 класе. У 6 класе на ўрокі геаграфіі вучні прыходзяць з уменнем працаваць з картай і знаходзіць пэўныя аб’екты. А далей гэтыя навыкі ўдасканальваюцца. У 6 класе на ўроках геаграфіі дзеці вучацца вызначаць геаграфічныя каардынаты. Пры замацаванні навыкаў вызначэння геаграфічных каардынат па карце можна выкарыстоўваць курс гісторыі. Вопыт паказаў, што на гісторыі ахвотна прымяняюць сеткі “сваіх” карт для ўдакладнення знаходжання вывучаемых асобных аб’ектаў. Пры разглядзе пытання пра спосабы адлюстравання рэльефу на глобусе і картах настаўніку геаграфіі неабходна адзначыць і спосабы, што выкарыстоўваюцца на картах, з якімі навучэнцы сустракаюцца на ўроках гісторыі. Гэта спосабы ценявой адмыўкі і штрыхоўкі. Першы прыменены на карце акіянаў у атласе па геаграфіі для 6 класа і на большасці карт у атласе па гісторыі. Другі спосаб прыменены на картах у атласе па гісторыі.

Гэтыя спосабы хаця і не перадаюць колькасную характарыстыку рэльефу, наглядна паказваюць размяшчэнне асноўных хрыбтоў і ўзвышшаў. Веданне гэтых спосабаў перадачы рэльефу на дробнамаштабных картах будзе карысным для навучэнцаў пры чытанні рэльефу на картах як у шостым, так і ў наступных класах.

Узаемадзеянне настаўнікаў гісторыі і геаграфіі прадугледжвае выкананне адзіных патрабаванняў па афармленні контурных карт навучэнцамі. Перш за ўсё гэта адносіцца да нанясення надпісаў. На ўроках геаграфіі ў 6 класе пры характарыстыцы адрозненняў па змесце карт важна адзначыць, што гістарычныя карты — асноўная катэгорыя тэматычных карт, якія маюць з геаграфічнымі агульную аснову і прыёмы выяўлення, якія прымяняюцца на іх. Гэта будзе спрыяць больш поўнаму ўяўленню пра разнастайнасць тэматычных карт і сувязь гістарычных карт з геаграфічнымі.

У падручніках па геаграфіі ці гісторыі ёсць многа паняццяў. Настаўнік дае ім тлумачэнні сам. І ў гісторыі, і ў геаграфіі выкарыстоўваецца тэрмін “сістэма” ў розных інтэрпрэтацыях. У гісторыі — сістэма міжнародных адносін, у геаграфіі — рачная сістэма, горная сістэма. І задача педагога — навучыць дзяцей шукаць адрозненні і падабенствы розных сістэм і такім чынам сфарміраваць у іх агульнае ўяўленне пра гэтае паняцце.

Настаўнік мастацтва Ірына Віктараўна Дамашэвіч пацікавілася, чаму сярод мноства інавацыйных форм урока было выбрана менавіта адукацыйнае падарожжа.

— Адукацыйнае падарожжа арыентавана на асобасныя інтарэсы і патрэбы вучняў і распрацоўваецца пры іх садзейнічанні. “Дзённікі старога штурмана” дазваляюць дзецям атрымліваць веды ў цікавай і захапляючай форме. “Падарожжа” ажыццяўляецца ў некалькі этапаў: пачатак шляху, работа на маршруце, падвядзенне вынікаў падарожжа. Тэма вызначаецца зыходзячы з вучэбнай праграмы і вучэбных задач. Тэма ўрока паказвае вучню маршрут, на якім ажыццявіцца міжпрадметная сувязь геаграфіі і гісторыі. Тут прысутнічае новая інфармацыя, замацаванне пройдзенага матэрыялу, адпрацоўка ўменняў і навыкаў. Усе аб’екты на маршруце могуць быць вызначаны настаўнікам і дапоўнены вучнем, калі ён лічыць гэта неабходным. Настаўнік — арганізатар падарожжа. Вучань — падарожнік, даследчык.

Намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяну Сяргееўну Нікуліну цікавіла, наколькі веды, атрыманыя навучэнцамі ў час адукацыйнага падарожжа, будуць карыснымі і прыдатнымі ў жыцці.

— Наша задача не падрыхтаваць будучых гісторыкаў і географаў, а развіць уменні і навыкі разумовай дзейнасці. А якую прафесію выбера наш вучань, залежыць ад яго самога. Асаблівасцю школьнікаў з’яўляецца тое, што яны ў большай ступені і з поўнай аддачай робяць, што хочуць, і адхіляюць тое, што хаваецца пад словам “трэба”. Малодшыя школьнікі ў большасці сваёй жадаюць вучыцца — гэта звязана з цікавым працэсам атрымання новай інфармацыі. Старэйшыя школьнікі ўжо знаёмы з усімі спосабамі атрымання інфармацыі і пра штосьці новае могуць даведацца самастойна з розных крыніц.

Гісторыя вывучае жыццё людзей у мінулым, а геаграфія вывучае асяроддзе, у якім людзі жывуць. Часам атрымліваецца так, што настаўнікі гісторыі і геаграфіі гавораць пра адно і тое ж, але на розных мовах. У нашым разуменні прадметам вывучэння павінны стаць не геаграфія і гісторыя, а самі вучні, якія праз прадметныя сувязі фарміруюць у сабе перакананне ў практычнасці тэарэтычных ведаў, што набываюцца на ўроках.

У сваім жыцці вучань выбудоўвае сістэму каштоўнасцей. Гэта датычыцца і вучэбных прадметаў. Адным падабаецца, як настаўнік тлумачыць матэрыял, іншыя любяць прадмет, бо настаўнік добры, трэція старанна вучаць прадмет таму, што бацькі патрабуюць. Пры наяўнасці ў дзіцяці каштоўнаснага падыходу да школьнага прадмета вучэбная інфармацыя пераходзіць у стан, калі вучань гатовы ўспрымаць яе як неабходную для будучага дарослага жыцця.

Са сваім праектам Марына Міхайлаўна і Сяргей Сяргеевіч удзельнічалі ў ІІ Міжнародным фестывалі прафесійнага майстэрства педагогаў “Пазнанне ў сутворчасці”, які праходзіў у Мінску і сабраў таленавітых педагогаў Беларусі і краін Еўрасаюза. Наколькі ўдалым быў гэты вопыт?

— Конкурс праходзіў у чатыры этапы: стварэнне праекта адукацыйнага падарожжа, абарона праекта, прэзентацыя стэндавага даклада і правядзенне міні-даследавання. З усіх этапаў найбольшую цікавасць выклікала правядзенне міні-даследавання. Усіх удзельнікаў раздзялілі на групы і далі заданне ажыццявіць адукацыйнае падарожжа ў свет прафесій. Наша група працавала над прафесіяй пажарнага. Нам цікава было падысці да выканання задання творча, таму мы распрацавалі буклеты для прафарыентацыйнай работы ў школе, стварылі прэзентацыю “Знаёмства з прафесіяй”. Для выкарыстання максімальна дакладнай інфармацыі наведалі пажарную аварыйна-выратавальную часць № 4 Савецкага РАНС Мінска, пагаварылі з пажарнымі і ўбачылі прафесію знутры. Гэта вельмі дапамагло нам у даследчай рабоце.

Вікторыя ЛЕПЯШЫНСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 32 Мінска.