Дзень дабрыні ў Згубленым свеце

У сярэдняй школе № 12 Дні дабрыні сталі ўжо добрай традыцыяй. Штогод у цёплыя вясновыя дні іх арганізоўваюць педагогі і іншыя неабыякавыя дарослыя, бо ў навучальнай установе разам са звычайнымі школьнікамі вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.


У квесце-гульні “Экспедыцыя ў Згублены свет”, які адбыўся ў адну з субот, прынялі ўдзел навучэнцы з парушэннямі апорна-рухальнага апарату і іх аднакласнікі. Адну з каманд прадставілі навучэнцы інтэграваных класаў сярэдняй школы № 56. Арганізавалі свята для дзяцей настаўнікі-дэфектолагі і настаўнікі пачатковых класаў разам са студэнтамі факультэта фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка.

Увайшоўшы ў школу ў тую суботнюю раніцу, хлопчыкі і дзяўчынкі быццам перанесліся ў загадкавы, казачны свет: пад блакітным небам, пальмамі з кардону было ўтульна драконам і дыназаўрам. У холе размясціліся даследчыя базы з рэквізітам для праходжання выпрабаванняў. На маляўнічым стэндзе — інфармацыя пра дыназаўраў і іншых дагістарычных жывёл.

Школьнікам належала адшукаць карту-доступ у незвычайную краіну, дзе законы прыроды згубілі сваю сілу з-за поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. Спачатку ўсе паглядзелі ўрывак з мультфільма “Ледніковы перыяд — 3. Эра дыназаўраў”, пасля падзяліліся на каманды і адправіліся ў вясёлае пазнавальнае падарожжа.

На даследчай базе “Юныя натуралісты” Людміла Анатольеўна Спрагоўская прапанавала дзецям разгадаць загадкі пра жывёл і расліны: у ёмістасці з крупамі хлопчыкі і дзяўчынкі адшуквалі “яйкі дыназаўраў” са схаванымі ў іх адгадкамі. А яшчэ вызначалі па паху расліны: карыцу, мяту, цыбулю, перац, каву, лімон, агурок, апельсін, ваніль.


Вольга Алегаўна Серая на даследчай базе “Юныя археолагі” дапамагала навучэнцам у басейне з шарыкамі адшукаць фігуркі дыназаўраў і выбраць шары колеру каманды.

На прывале ўсіх чакала гід Ірына Уладзіміраўна Ватуціна, якая арганізавала караоке дзіцячых песень.

Алеся Міхайлаўна Масакоўская паказала навучэнцам кавалачкі выявы Згубленага свету, якія знайшлі археолагі. Юным падарожніку трэба было скласці з пазлаў карціну. А паколькі кожнаму падарожніку неабходна надзейная вяроўка, удзельнікі кожнай каманды звязвалі яе з кавалачкаў і вымяралі даўжыню.

На даследчай базе “Юныя следапыты” дзяцей сустракала Святлана Сцяпанаўна Кавалёва. Разам з ёй хлопчыкі і дзяўчынкі вызначалі, якой жывёле належаць сляды. Калі заданне было выканана, кожны мог выбраць выяву ўпадабанага дыназаўра і “размаляваць” яго з дапамогай каляровага пластыліну. Атрымалася арыгінальная выстава работ.

Пакуль кіраўнікі даследчых экспедыцый падлічвалі ачкі і падводзілі вынікі, студэнты запрасілі ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у музычным флэш-мобе.


У гэты дзень кожны з прысутных знайшоў сабе занятак па душы. Не адставалі ад дзяцей і іх бацькі. Яны былі не проста гледачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі конкурсных выпрабаванняў, з захапленнем выконвалі прапанаваныя педагогамі заданні.

Паколькі ўсе юныя падарожнікі аказаліся знаходлівымі і ўмелымі, кожны ўдзельнік атрымаў ва ўзнагароду карту Згубленага свету, а яшчэ зарад бадзёрасці і добрага настрою.

Як адзначыў намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Катлоўскі, галоўнае, што ўсе прысутныя — неабыякавыя людзі, робяць адну вялікую справу і робяць яе ад душы.

Ірына КАШЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 12.