Даследчык казачных светаў

Цудоўны падарунак сабе і сваім бацькам да завяршэння навучальнага года зрабіла Яна Раманоўская. Юная барысаўчанка паспяхова ўзяла ўдзел у праекце “Вярнадскі анлайн” у рамках XXIV Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага.

Конкурс “Вярнадскі анлайн” з’яўляецца дыстанцыйнай комплекснай адукацыйнай праграмай, формай сеткавага ўзаемадзеяння адукацыйных устаноў, навучэнцаў, настаўнікаў і навукоўцаў з розных краін свету. На конкурс прадстаўляюцца даследчыя работы школьнікаў прыродазнаўчага і гуманітарнага кірунку. Каб удзел у ім маглі ўзяць усе жадаючыя, абарона работ праводзіцца дыстанцыйна пры дапамозе відэасувязі.

Яна Раманоўская, якая вучыцца ў беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава, выступіла ў секцыі “Мастацтва і літаратура” і прадставіла на суд журы даследчую работу “Андэрсен і Экзюперы: паралелі казачных светаў”. Дзяўчына атрымала высокую ацэнку экспертаў і была ўдастоена дыплома лаўрэата, а таксама адзначана ў намінацыях “За лепшы ілюстрацыйны матэрыял” і “За казачны і чароўны аналіз”.

Сваімі дасягненнямі Яна парадавала і сваю настаўніцу Вольгу Уладзіміраўну Афонскую, пад чыім кіраўніцтвам здзейсніла даследаванне. Ад арганізатараў конкурсу Вольга Уладзіміраўна атрымала падзяку “За кіраўніцтва даследчай работай пераможцы XXIV Усерасійскіх юнацкіх чытанняў імя У.І.Вярнадскага”.

Дар’я РЭВА.