Даследаванні разам з маленькімі чалавечкамі

Для ўдасканалення якасці адукацыйнага працэсу ў нашай установе дашкольнай адукацыі, яслях-садзе № 2 Смілавіч, праводзіцца мэтанакіраваная работа па арганізацыі пазнавальна-практычнай і эксперыментальнай дзейнасці з дзецьмі дашкольнага ўзросту.

З задавальненнем дзеці выконваюць заданні і практыкаванні на развіццё ўменняў бачыць праблемы, вылучаць гіпотэзу. З дапамогай практыкаванняў мы фарміруем у дзяцей уменні задаваць пытанні (“Як гэта зрабіць?”, “Чаму так адбываецца?”), звяртацца з просьбамі (“Давайце зробім так”, “Давайце паглядзім, што будзе, калі…”), пазначаць істотныя прыметы прадмета, рабіць высновы. У працэсе эксперыментавання ў дзяцей развіваецца дапытлівасць, назіральнасць і ўменне знаходзіць шляхі вырашэння праблемных сітуацый.


Пры знаёмстве выхаванцаў з уласцівасцямі матэрыялаў, рэчываў, аб’ектамі нежывой прыроды выкарыстоўваем методыку ТРВЗ, метад мадэлявання маленькімі чалавечкамі (далей — метад ММЧ). Сутнасць метаду ў тым, што дзеці ўяўляюць сабе маленькіх чалавечкаў, якія жывуць, дзейнічаюць у навакольных прадметах і з’явах.

Схема азнаямлення са з’явамі нежывой прыроды на аснове ММЧ уключае пастаноўку праблемы, назіранні, доследы, рашэнне праблемных задач і арганізацыю практычнай дзейнасці, якая праводзіцца сумесна з дарослым. Так, напрыклад, пры знаёмстве выхаванцаў з уласцівасцямі цвёрдых рэчываў педагог тлумачыць, што ўсе прадметы, якія нас акружаюць, складаюцца з вельмі маленькіх часціц-малекул, якіх мы не бачым. У некаторых прадметах, напрыклад, жалезным балце, маленькія чалавечкі моцна трымаюцца за рукі, таму, каб падзяліць жалезны болт на часткі, трэба прыкласці шмат намаганняў. У іншых матэрыялах, такіх як папера, маленькія чалавечкі не так моцна трымаюцца за рукі, таму папера лёгка рвецца. Для больш поўнага разумення метаду ММЧ выхавальнік праводзіць гульні-інсцэніроўкі: ператварае дзяцей у маленькіх чалавечкаў цвёрдых цел. Па аналогіі адбываецца знаёмства дзяцей з уласцівасцямі вадкіх і газападобных рэчываў. Педагог звяртае ўвагу дзяцей на здольнасць маленькіх чалавечкаў вады не трымацца паміж сабой, змешвацца, а маленькіх чалавечкаў газападобных рэчываў быць вельмі рухомымі, нібы яны бегаюць і скачуць. Пры азнаямленні дашкольнікаў з метадам ММЧ мы ідзём па шляху ад простага — да складанага, гэта значыць спачатку мы вывучаем простыя рэчывы: шкло, дрэва, ваду, а затым даём уяўленне аб вадзе як аб рэчыве, што знаходзіцца ў прыродзе ў трох агрэгатных станах (вадкасць, пара, лёд), якія бесперапынна пераходзяць адно ў другое. Такім чынам знаёмім дзяцей з кругаваротам вады ў прыродзе. Веды дзяцей пра гэты працэс замацоўваем у гульнях з выкарыстаннем метаду ММЧ. Пасля таго як дзеці навучыліся апісваць і мадэляваць простыя сістэмы, мы пераходзім да вывучэння больш складаных сістэм, якія складаюцца з двух, трох і больш рэчываў (лужына на асфальце, вада ў шклянцы і г.д.). Пры гэтым мы актыўна выкарыстоўваем гульні-інсцэніроўкі маленькіх чалавечкаў. Як вынік — выхаванцы сталі актыўнымі ўдзельнікамі практычнай часткі доследу, навучыліся выказваць здагадкі, хай нават і памылковыя, аналізаваць атрыманыя вынікі. Яны сталі больш самастойнымі, актыўнымі, галоўнае — засвоілі ў даступнай форме веды пра сутнасць працэсаў у з’явах нежывой прыроды.

Наступным этапам у развіцці самастойнага даследчага пошуку з’яўляецца правядзенне трэніровачных заняткаў для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. Для гэтага мы выкарыстоўваем карткі з сімвалічным адлюстраваннем метадаў даследавання, а таксама папку з тэматычнымі малюнкамі для абазначэння тэм будучых даследаванняў. Пры выбары тэм ўлічваюцца наступныя фактары: тэма павінна быць цікавая дзецям, быць выканальнай, рашэнне павінна прынесці рэальную карысць; тэма павінна быць такой, каб работа была выканана адносна хутка; таксама варта ўлічваць, ці ёсць неабходныя сродкі і матэрыялы.

Пры правядзенні трэніровачных заняткаў падгрупа з 12—13 дзяцей размяшчаецца вакол некалькіх састаўленых разам сталоў або на дыване, дзе раскладзены карткі з тэмамі і метадамі даследавання. Пасля выбару карткі з тэмай даследавання педагог сумесна з дзецьмі складае план даследавання: падумаць самастойна, паглядзець у кнігах, звярнуцца да камп’ютара, назіранне, эксперымент, задаць пытанне спецыялісту. У дзяцей няма магчымасці самастойнай работы з літаратурай, адсутнічаюць навыкі пісьмовай фіксацыі, таму ўзнікае неабходнасць звяртацца да знакавых запісаў. У працэсе нерэгламентаванай і спецыяльна арганізаванай дзейнасці педагогі шырока выкарыстоўваюць гульні для навучання піктаграмнаму пісьму. Сабраную інфармацыю выхаванцы фіксуюць з дапамогай знакаў, малюнкаў у дзённіку даследчыка. Пры гэтым не завастраецца ўвага дзяцей на правільнасці графічнага малюнка. Пасля збору інфармацыі абагульняюцца атрыманыя даныя: што цікавага даведаліся, што новага можам расказаць іншым па выніках праведзенага даследавання. У ходзе абмеркавання выхавальнік з дзецьмі вылучаюць галоўныя ідэі і адзначаюць другасныя, раскладваюць піктаграмы ў пэўнай паслядоўнасці. Вынікам работы становіцца выступленне жадаючых па абранай тэме. У далейшым дзеці ўжо самастойна выбіраюць тэму, ставяць перад сабой задачы, вылучаюць здагадкі, збіраюць разнастайную інфармацыю і выступаюць перад гледачамі.

Важную ролю ў працэсе арганізацыі эксперыментальнай дзейнасці адыгрывае прадметнае развіццёвае асяроддзе. У групах створаны міні-лабараторыі — куткі эксперыментавання, матэрыялы якіх пастаянна папаўняюцца і абнаўляюцца ў залежнасці ад узросту і патрэб дзяцей. Матэрыялы падзелены на наступныя раздзелы: “Жывая прырода”, “Нежывая прырода”, “Прыродны матэрыял”, “Уласцівасці матэрыялаў”, “Прыборы і абсталяванне”. У нашых міні-лабараторыях размяшчаюцца малюнкі-сімвалы (далонька, вочы, нос, рот, вуха), якія паказваюць, з дапамогай якіх органаў пачуццяў можна вывучыць прадмет, карткі-схемы правядзення эксперыментаў, індывідуальныя дзённікі эксперыментаў.

Прадметам асаблівай увагі з’яўляецца выкананне правіл бяспекі. Педагогамі распрацаваны правілы паводзін у лабараторыі: не штурхаць іншых, не крычаць, нічога не спрабаваць, не нюхаць без дазволу дарослага, з агнём працуе толькі дарослы.

Сваю работу мы арганізоўваем у цесным супрацоўніцтве з бацькамі. Аналіз праведзенага анкетавання паказаў, што ў асноўным бацькі (86%) станоўча ставяцца да ўдзелу дзяцей у эксперыментаванні і гатовы аказваць усялякую дапамогу ў гэтай рабоце, а таксама забяспечваць неабходным матэрыялам для правядзення доследаў. Каб атрыманыя веды ў выхаванцаў замацоўваліся і развіваліся, мы падрыхтавалі для бацькоў інфармацыйны матэрыял у бацькоўскіх кутках (“Для дапытлівых”, “Правядзіце дослед дома”, “Скарбонка юнага даследчыка”), аформілі рубрыку на інфармацыйных стэндах “Хочам усё ведаць”. Разам з бацькамі для кожнага дзіцяці мы зрабілі “Папку даследчыка”.

Вынікам работы па развіцці эксперыментальнай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту стаў удзел педагогаў і выхаванцаў нашай установы ў метадычных мерапрыемствах раёна і вобласці. Так, нашы хлопчыкі і дзяўчынкі штогод з 2012 года прымаюць актыўны ўдзел у фестывалі работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў “Я — даследчык” на раённым і абласным этапах (даследаванні “Цудоўныя пераўтварэнні прадметаў” Ганны Ярашэнкі, “Сакрэты мыла” Варвары Нежавец, “Чаму самалёт лётае і не падае?” Фёдара Коцінева, “Нашы дзіўныя суседзі” Настассі Бурдак).

У 2015 годзе выхавальнік нашага ясляў-сада Анжэла Уладзіміраўна Масель прыняла ўдзел у рабоце V Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Арганізацыя праектнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў”, дзе праводзіла майстар-клас для педагогаў па арганізацыі даследчай дзейнасці дзяцей дашкольнага ўзросту.

Педагогі нашай установы адукацыі перакананы, што эксперыментальная дзейнасць на адным узроўні з гульнявой з’яўляецца вядучай дзейнасцю дашкольніка. З мэтай паспяховага станаўлення асобы дзіцяці і развіцця яго пазнавальнай цікавасці да навакольнага свету ў 2016/2017 навучальным годзе ў яслях-садзе стартаваў педагагічны праект на тэму “Развіццё даследчых паводзін у дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай эксперыментавання”.

Алеся ЯРАШЭНКА,
загадчык ясляў-сада № 2 Смілавіч.