Дарогамі памяці

У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю хатынскай трагедыі, Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў і іншых памятных дзён, на базе музея баявой славы 31-й арміі, які дзейнічае ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі, прайшлі кіналекторыі, сустрэчы з ваеннымі гісторыкамі, а таксама былі падведзены вынікі гарадскога этапу конкурсу “Дарогамі памяці” рэспубліканскай акцыі “Мы гэтай памяці верныя”.

Конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання ў навучэнцаў грамадзянскасці, патрыятызму, духоўна-маральных якасцей і нацыянальнай самасвядомасці на прыкладах баявых і працоўных подзвігаў беларускага народа. Арганізатары і навуковыя кіраўнікі ставілі задачы прыцягнуць навучэнцаў да пошукавай і навукова-даследчай працы па вывучэнні малавядомых старонак ваеннай гісторыі свайго рэгіёна, краіны, да ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, далейшага развіцця супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі па даследаванні баявых і працоўных подзвігаў землякоў, падзей, якія сведчаць пра ўклад беларускага народа ў перамогу над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Пры стварэнні конкурсных работ навучэнцы працавалі ў музеях, даследавалі дакументы, навуковую, гістарычную і мастацкую літаратуру, аўдыя- і відэаматэрыялы, сустракаліся падчас паходаў і экспедыцый са сведкамі падзей, апытвалі насельніцтва. Акрамя таго, яны ўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, дапамагалі ветэранам і г.д. У конкурсе прынялі ўдзел 98 работ з 77 устаноў адукацыі Мінска. Гэта прадстаўнікі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і дадатковай адукацыі.

Журы падвяло вынікі конкурсу і размеркавала месцы згодна з палажэннем. Пераможцы былі вызначаны ў дзвюх намінацыях: “Гісторыя вайны ў асобах” і “Сёстры Хатыні”. Першае месца ў намінацыі “Гісторыя вайны ў асобах” занялі Кацярына Сідзюк (Мiнскі дзяржаўны прафесiйна-тэхнiчны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва iмя М.А.Кедышкі), Настасся Лагуноўская (гімназія № 8 Мінска), Дзіяна Бялова (навучэнка Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі і сярэдняй школы № 147 Мінска). Першае месца ў намінацыі “Сёстры Хатыні” — у Івана Бразоўскага, Уладзіслава Панарына (гімназія з беларускай мовай навучання № 23 Мінска) і Марыі Бужынскай (сярэдняя школа № 77 Мінска).

Узнагароджванне прайшло 6 красавіка ў Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтры дзяцей і моладзі. Пераможцы і прызёры гарадскога этапу, якія будуць прадстаўляць Мінск у фінале рэспубліканскага конкурсу, былі ўзнагароджаны дыпломамі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і медалямі. Віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў!

Ганна САЖНЕВА,
загадчык аддзела краязнаўства Мінскага дзяржаўнага
турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота Аляксандры НІКАЛАЕВАЙ.