Дадай здароўя!

У адпаведнасці з планам асноўных мерапрыемстваў камітэта па адукацыі на 2018 год, 10 мая ў лясным масіве Зялёнае адбылося ўрачыстае адкрыццё 57 гарадскіх турысцкіх спаборніцтваў сярод навучэнцаў устаноў адукацыі Мінска, арганізаваных Мінскім дзяржаўным турыстычна-экалагічным цэнтрам дзяцей і моладзі. Спаборніцтвы праходзяць пад дэвізам “Дадай здароўя!”. Удзельнікаў турыстычнага злёту вітала намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Н.М.Вялікая.


Літаральна за некалькі гадзін у гэтым упадабаным турыстамі месцы вырас рознакаляровы палатачны гарадок. Турыстычны злёт з’яўляецца найбольш папулярнай формай пазашкольнай работы з навучэнцамі. Асноўныя мэты правядзення турыстычных спаборніцтваў — матывацыя маладога пакалення на здаровы лад жыцця, актывізацыя турыстычна-экалагічнай дзейнасці, патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. У рамках Года малой радзімы такая форма работы з моладдзю вельмі актуальная.


У спаборніцтвах прымаюць удзел 11 зборных каманд раёнаў Мінска (201 чалавек). Ім трэба паспаборнічаць у спартыўным арыентаванні, у тэхніцы пешаходнага і веласіпеднага турызму (фігурнае кіраванне). Арганізатарамі турыстычнага злёту прадугледжаны конкурс “Турыстычныя навыкі і побыт”, удзел у экалагічнай акцыі “Чысты лес — чыстае сумленне турыста”. Усе заданні, дыстанцыі, конкурсы выразна прадуманы і па сілах кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў. Давайце падтрымаем хлопцаў і дзяўчат і пажадаем перамогі!

Мікалай ВОЮШ,
дырэктар Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.
Фота Алены БАЖЭНАВАЙ.