Дабро робіцца ціха

“Твори добро на всей земле, твори добро другим во благо!” — пад такім дэвізам прайшла вельмі душэўная дабрачынная акцыя “Рабі дабро”, якую правялі па асабістай ініцыятыве мая былая настаўніца рускай мовы Таццяна Анатольеўна Вярэціна і яе выпускнікі розных гадоў.

Сёння так шмат разважаюць, якім менавіта павінен быць настаўнік, у чым сэнс яго працы і якімі крытэрыямі яго можна вымераць. Напэўна, у гэтым і ёсць сапраўднае настаўніцкае шчасце — атрымаць удзячны водгук ад дзіцячых сэрцаў праз шмат гадоў.


Не так даўно па асабістай ініцыятыве Таццяны Анатольеўны праз сацыяльныя сеткі была аб’яўлена дабрачынная акцыя па зборы дапамогі і навагодніх падарункаў для хворых дзетак РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, а таксама дзетак з SOS-дзіцячай вёскі ў Бараўлянах. Ні сама арганізатар, ні ўдзельнікі не чакалі такога водгуку. 44 былыя вучні прыйшлі да свайго настаўніка з падарункамі для тых, хто сёння асабліва мае патрэбу ва ўвазе і дапамозе. Самыя старэйшыя ўдзельнікі — тыя, хто атрымаў свае атэстаты яшчэ ў 2007 годзе. Прайшло амаль 11 гадоў!

Шокам для настаўніка была таемная дастаўка новенькага плазменнага тэлевізара ад аднаго з выпускнікоў са словамі “Дабро робіцца ціха!”. А неўзабаве прыйшла вестка, што да акцыі далучылася сетка фітнес-клубаў “Адрэналін”, кіраўнікі якіх закупілі такую патрэбную пральную машыну і DVD-плэеры. Актыўнымі ўдзельнікамі сталі супрацоўнікі моўнай школы Streamline, якіх арганізавала выпускніца 2010 года Аляксандра Гелейша. Былыя вучні Таццяны Анатольеўны даслалі падарункі з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, з Польшчы, такім чынам выказаўшы жаданне паўдзельнічаць у прыгожай і добрай справе. Далучыліся да акцыі і цяперашнія вучні Таццяны Анатольеўны Вярэцінай са сталічнай школы № 26.

Штодня Таццяна Анатольеўна выкладвала інфармацыю аб ходзе акцыі ў сацыяльных сетках “УКантакце” і ў Facebook. І з кожным днём удзельнікаў станавілася ўсё больш і больш. У выніку выпускнікі са сваім настаўнікам змаглі далучыць да ўдзелу ў акцыі яшчэ каля 100 чалавек. Гэта сябры, родныя, знаёмыя, калегі, аднакурснікі. Былі і зусім незнаёмыя людзі, якія падключыліся з добрымі пажаданнямі добрай справе менавіта дзякуючы магчымасцям інтэрнэту.

“Я не люблю слова “акцыя”. Нейкае яно казённае, халоднае. Мне бліжэй словы “дзеянне”, “учынак”, “справа” — мякчэйшыя і цяплейшыя. А тое, што адбывалася на працягу гэтага месяца, можна назваць добрым парывам вялікіх чалавечых сэрцаў. Я ганаруся сваімі выпускнікамі — былымі навучэнцамі гімназіі № 61 Мінска, дзе пятнаццаць гадоў была намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Я ўдзячна кожнаму за неабыякавасць, за чыстыя намеры і добрае сэрца. Гэта і ёсць маё самае вялікае настаўніцкае шчасце і самы галоўны мой поспех. Якія добрыя выраслі дзеці!” — гаворыць Таццяна Анатольеўна.

Усё сабранае з такой любоўю і клопатам было перададзена ў дзіцячы анкалагічны цэнтр, а таксама ў сацыяльны цэнтр маці і дзіця імя Г.Гмайнера. Каб даставіць каштоўны груз, спатрэбілася 6 аўтамабіляў! За рулём — сама Таццяна Анатольеўна і яе выпускнікі.

А нядаўна я даведалася з сацыяльных сетак, што Т.А.Вярэціна арганізавала віншаванне адзінокіх пажылых людзей дома састарэлых Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. Вучні 5—7 класаў сярэдняй школы № 26 Мінска зрабілі сваімі рукамі навагоднія віншавальныя паштоўкі і перадалі іх разам з вітаміннымі комплексамі для бабуль і дзядуляў. Акрамя таго, па ініцыятыве ўсё той жа Таццяны Анатольеўны хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі цэнтр часовага ўтрымання бяздомных жывёл на вуліцы Гурскага, 42, перадалі для катоў і сабак напаўняльнікі, корм, цёплыя рэчы для ляжанак і інш.

Напэўна, такім павінен быць настаўнік, каб любоў да яго была доўгай, каб да яго прыходзілі, каб яго паважалі, чулі. Каб разам з ім працягвалі рабіць дабро і пасля таго, як школьныя гады скончыліся.

Кацярына ЕЎДАКІМОВІЧ,
выпускніца гімназіі № 61 Мінска 2014 года.
Фота з асабістага архіва Т.А.ВЯРЭЦІНАЙ.