Да святкавання 950-годдзя горада

У сталічнай гімназіі № 23 распрацавана праграма да святкавання 950-годдзя Мінска “Мой любы Мінск! З прадвечнае пары нясеш у сабе гісторыю стагоддзяў…”


У красавіку ў школьным музеі “Гісторыя працягваецца…” адбылося першае мерапрыемства “Завочная экскурсія з элементамі інтэрактыўнай гульні “Я — мінчанін і гэтым ганаруся”. Удзельнікамі мерапрыемства сталі вучні 2—4 класаў. Экскурсію праводзілі вучні сярэдніх і старшых класаў.

Сталіца Беларусі — наш родны любы горад-герой Мінск. Як жа яго не любіць! А горад не бывае без мінулага. Любоў, павага, пашана да Радзімы патрабуе ведання свайго мінулага: здабыткаў і страт, герояў, вялікіх майстроў, нацыянальных герояў, выдатных прадстаўнікоў навукі, культуры, спорту і помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Удзельнікі нашага мерапрыемства прайшліся па цудоўных мясцінах горада, згадалі гістарычныя факты пра іх. Экскурсійны шлях пралягаў ад Цэнтральнага чыгуначнага вакзала да Камароўскага рынку, затрымаліся на плошчы Перамогі, ля Вечнага агню, пакланіліся тым, хто аддаў сваё жыццё, каб мы сёння жылі шчасліва.

Была праведзена эрудзіт-віктарына. Пераможцы атрымалі ўзнагароды. Вучні прачыталі вершы пра Мінск, а ў канцы ўсе разам праспявалі песню пра свой любімы горад.

Ганна САСНОЎСКАЯ,
кіраўнік музея “Гісторыя працягваецца…” гімназіі № 23.