Чым унікальныя чатырохвугольнікі,

або Павышэнне ўзроўню матывацыі навучэнцаў на ўроках матэматыкі ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі

Сучасныя навучэнцы прывыклі атрымліваць веды ў гатовым выглядзе, не прыкладаючы асаблівых намаганняў. Любую інфармацыю можна атрымаць усяго толькі адным клікам мышы, тым самым яны не бачаць сэнсу ў тым, каб вучыць, знаходзіць новыя звесткі, цікавіцца нечым.

Мы часта памыляемся, што сам матэрыял урока зможа авалодаць увагай навучэнцаў, аднак неабходна зацікавіць, растлумачыць або паказаць, навошта трэба тое, што мы выкладаем ім, дзе гэта спатрэбіцца ў жыцці, як прымяніць. Для чаго ім увогуле неабходна гэта ведаць.

Як дапамагчы навучэнцам зразумець, што навучанне ў школе розным прадметам, у тым ліку і матэматыцы, неабходна як у далейшай прафесійнай дзейнасці, так і ў штодзённым жыцці?
Для таго каб зацікавіць навучэнцаў, неабходна як мага часцей мяняць від дзейнасці на ўроку, гэта дапаможа трымаць клас у тонусе і дзецям будзе цікава, што ж яны будуць рабіць далей.
Падчас урока можна выкарыстоўваць наступныя віды дзейнасці:

  1. Вуснае лічэнне дапамагае развіваць памяць і ўвагу, мабілізуе навучэнцаў, настройвае на рабочую атмасферу, захапляе непаспяховых навучэнцаў, таму што з’яўляецца даволі простым відам дзейнасці. Але лепш прапаноўваць заданні не проста палічыць, а з выкарыстаннем гульнявых момантаў. Напрыклад, у 6 класе пры вывучэнні тэмы “Працэнты” пры пераводзе працэнтаў у дзесятковы дроб можна не проста называць адвольныя лікі, а папрасіць навучэнцаў уявіць, што нумар іх кватэры — гэта колькасць працэнтаў і іх трэба перавесці ў дзесятковы дроб.
  2. Паўвусныя заданні. Гэта могуць быць задачы на гатовых чарцяжах, заданні з памылкамі, пропускамі, звычайныя нескладаныя прыклады. Такія заданні дапамагаюць навучэнцам уключыцца ў дзейнасць, да таго ж такія заданні могуць быць ім цікавы. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Множанне і дзяленне мнагачленаў” (7 клас) можна прапанаваць навучэнцам заданні, у якіх пры раскрыцці дужак зроблены памылкі. Ім будзе цікава знайсці гэтыя памылкі і выправіць, тым самым навучэнцы паўтораць пройдзены матэрыял. Або прапанаваць нескладаныя заданні, у якіх трэба знайсці адпаведнасць, для таго каб атрымаць новы тэрмін ці прозвішча выдатнага матэматыка.
  3. Пісьмовыя заданні. На ўроках не варта часта даваць толькі нумары з падручніка, якія ім трэба рашыць за ўрок (адзін навучэнец ля дошкі, астатнія пішуць у сшытках). Звычайна гэта становіцца банальным спісваннем з дошкі, тым самым не адбываецца належнага запамінання матэрыялу. Канечне, разбіраць рашэнне задач разам неабходна, але так, каб гэта не стала сістэмай. Замест гэтага можна выкарыстоўваць розныя віды дзейнасці, такія як работа ў парах з узаемаправеркай, работа ў групах са “старшым” (навучэнец, які хутчэй за астатніх засвоіў матэрыял), рознаўзроўневыя заданні і г.д. Неабходна даваць навучэнцам больш самастойнасці, але пры гэтым пастаянна кантраляваць узровень засвоеных ведаў.

Таксама добра выкарыстоўваць метад праектаў.

Напрыклад, навучэнцам 8-х класаў было прапанавана стварыць праекты па тэме “Чатырохвугольнікі”. Прычым гэта не былі дамашнія загатоўкі. Ім трэба было на працягу 30 мінут урока “разрэкламаваць” той чатырохвугольнік, які яны выбралі, гэта значыць расказаць пра яго ўнікальнасць, чым ён адрозніваецца ад іншых чатырохвугольнікаў, чаму менавіта гэтая геаметрычная фігура ім спадабалася. Вялікі плюс гэтага ўрока ў тым, што навучэнцы працавалі ў групах, кожнаму была адведзена пэўная роля ў камандзе. Яшчэ адной асаблівасцю ўрока было тое, што для “рэкламы” свайго чатырохвугольніка яны выкарысталі падручны матэрыял, той, які знаходзіўся ў класе. Навучэнцам было дазволена карыстацца падручнікамі, канспектамі ўрокаў, інтэрнэтам, лістамі паперы, каляровымі алоўкамі, крэйдай, скотчам. Дзеці з цікавасцю выконвалі заданне, у выніку яны прыдумвалі казкі, гісторыю адкрыцця і назвы фігуры, былі нават тэатральныя паказы. Урок прайшоў для навучэнцаў цікава. Яны самастойна знаходзілі інфармацыю, прыдумлялі, дзе ў жыцці могуць быць выкарыстаны гэтыя фігуры, тым самым развіваючы фантазію. Прысутнічаў спаборніцкі момант, а таксама групавая работа і, што немалаважна, абсалютна ўсе атрымалі добрыя адзнакі.

Стварэнне ў навучэнцаў матывацыі да вывучэння вучэбнага матэрыялу з’яўляецца галоўным у методыцы выкладання матэматыкі. Канечне, тут немалаважная роля настаўніка, яго педагагічны талент. Пры гэтым прыёмы арганізацыі вучэбных заняткаў і іх распрацоўка павінны быць прадуманы метадычна і абгрунтаваны навукова.

Ганна РЫМША,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 12 Маладзечна.