Будзем памятаць!

Вучні педагагічных класаў сярэдняй школы № 126 Мінска не былі на вайне, не мёрзлі ў акопах і партызанскіх зямлянках, не галадалі ў час акупацыі.

Пра вайну яны ведаюць толькі з інтэрнэту, кінафільмаў, літаратуры, сустрэч з ветэранамі. Гэтыя вучні не былі на вайне, аднак пра подзвіг свайго народа ў далёкія 40-я добра памятаюць і ганарацца гэтым подзвігам. Сваю памяць і гордасць яны выказвалі чытаннем уголас вядомых вершаў падчас акцыі “Мы помнім! Мы ганарымся!”, якая прайшла напярэдадні Дня Перамогі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.


Падзяліцца сваёй памяццю і гордасцю пра подзвіг народа прыехалі ў сталіцу таксама старшакласнікі з сярэдняй школы № 3 Смалявіч і жаночай гімназіі Жодзіна. Так, будучыя педагогі са Смалявіч паказалі літаратурны мантаж “Дзеці вайны”. А навучэнка 11 класа 126-й мінскай школы Настасся Шушкевіч выбрала для прачытання твор Канстанціна Сіманава “Адкрыты ліст да жанчыны з Вічуга”. “Як мне здаецца, мужчыны, якія ішлі на фронт, ваявалі ў большай ступені дзеля тых, хто іх чакаў. Матулі, жонкі, сёстры — гэта была іх падтрымка, яны ведалі, што ў іх вераць, іх чакаюць і яны павінны вярнуцца”, — падзялілася дзяўчына. Ігар Чарноў з 10 класа таксама 126-й школы падзяліўся, што верш “Я убит подо Ржевом”, які ён выбраў, — гэта не толькі даніна памяці салдатам, якія ляжаць пад Ржэвам “в безымянном болоте”. Твор Аляксандра Твардоўскага падштурхнуў яго да вывучэння Ржэўскай бітвы — адной з трагічных старонак Вялікай Айчыннай вайны.


— Вельмі прыемна, што ў нашым універсітэце па ініцыятыве студэнтаў, маладых хлопцаў і дзяўчат, праводзіцца ўнікальная акцыя, прысвеча-ная перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы праводзім гэтую акцыю на мове літаратурнага слова, чытаем пра вайну ўголас. Прыемна, што на прапанову ўдзельнічаць у мерапрыемстве адгукнуліся ветэраны, якіх, на жаль, засталося ва ўніверсітэце нямнога. Многія не змаглі прыйсці, але мы ім перадалі кветкі Перамогі, павіншавалі, выказалі ўдзячнасць. На наша мерапрыемства адгукнуліся навучэнцы педкласаў, і мы вельмі рады, што школьнікі сёння разам з намі будуць выказваць сваю памяць і гордасць пра Вялікую Перамогу. Прыемна, што ў нашай акцыі ўдзельнічаюць не толькі студэнты і выкладчыкі педагагічнага ўніверсітэта, але і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Вы лепшыя, вы ініцыятыўныя, вы патрыёты. Гэта вы даказваеце, удзельнічаючы ў зорных паходах, прысвечаных баявой і працоўнай славе беларускага народа. Вы сустрэліся з ветэранамі, аддалі ім частку сваёй душы і цеплыні. Ведаю, з якім вы жаданнем гэта робіце. У нас цудоўная моладзь. Упэўнена, што памяць пра подзвіг народа будзе жыць вечна, бо ў нас моцныя духам маладыя людзі, якія ўмеюць ствараць. Гэтыя патрыятычныя акцыі яны пранясуць праз пакаленні, — звярнулася да ўдзельнікаў акцыі першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка Святлана Іванаўна Копцева.


Святлана Іванаўна таксама помніць, таксама ганарыцца. Яна помніць сваіх дзядоў, якія загінулі ў Магілёўскай вобласці, яна помніць пра подзвіг жанчын у гады Вялікай Айчыннай вайны, таму прачытала верш Юліі Друнінай “Только что пришла с передовой”: “Только что пришла с передовой, // Мокрая, замерзшая и злая, // А в землянке нету никого, // И дымится печка, затухая”. Хіба можна пасля гэтых слоў не перачытаць творы на ваенную тэматыку знакамітай паэтэсы, якая “Только раз видала рукопашный, // Раз наяву. И тысячу — во сне”? Хіба можна не азнаёміцца з біяграфіяй маладой дзяўчыны, якая была некалькі разоў паранена і кожны раз пасля шпіталя добраахвотна ішла на фронт, якая дакладна ведае, што такое вайна. “Кто говорит, что на войне не страшно, // Тот ничего не знает о войне”, — гэтым знакамітым словам Юліі Друнінай нельга не верыць.


— Шкада, што сёння прысутнічаюць не ўсе нашы ветэраны. Яшчэ зусім нядаўна, калі мы адзначалі 70-годдзе Перамогі, яны ўсе былі ў нас, мы іх ушаноўвалі. Аднак час няўмольны, ляціць хутка. Трэба часцей сустракацца з ветэранамі, пакуль ёсць такая магчымасць, трэба чытаць пра вайну, гаварыць пра вайну, трэба ведаць пра вайну, каб вайна больш ніколі не паўтарылася, — адзначыў старшыня савета ветэранаў БДПУ Валерый Пятровіч Алавяннікаў.

Будзем памятаць. Хаця б раз у год напярэдадні 9 Мая, забыўшыся на штодзённую мітусню, у цішыні, спакоі чарговы раз прачытаем пра сябе: “Я только раз видала рукопашный, // Раз наяву. И тысячу — во сне. // Кто говорит, что на войне не страшно, // Тот ничего не знает о войне”. Пакуль мы чытаем — мы памятаем. Пакуль мы памятаем — вайна ніколі не паўторыцца.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва БДПУ імя Максіма Танка.