Аты-баты, змагаліся хлопцы і дзяўчаты

Юбілейны Х гарадскі спартыўна-патрыятычны конкурс “Зарніца” праходзіў з 4 па 8 чэрвеня на базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. 90 падлеткаў ва ўзросце 13—14 гадоў на працягу чатырох дзён змагаліся ў спаборніцтвах інтэлектуальна-этычнай накіраванасці (“100 на 50”, “З іскрай у душы і верай у перамогу”, “50 кадраў “Зарніцы”, “Баявы лісток”), прыкладнога характару (“Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, “Да Абароны Айчыны гатовы!”, “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”) і гульні на мясцовасці “Абаронныя рубяжы”. У апошні, пяты, дзень конкурсу прайшло ўрачыстае ўзнагароджванне прызёраў і пераможцаў.

Медалі і ганаровыя граматы, якія былі ўручаны арганізатарамі “Зарніцы” (імі выступілі камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, Мінскі гарадскі савет БРПА, Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь), мелі асаблівую каштоўнасць, паколькі стаць прызёрам — а тым больш пераможцам папулярнага спартыўна-патрыятычнага конкурсу з багатымі традыцыямі — няпроста і надзвычай ганарова. Хлопцам і дзяўчатам неабходна было праявіць цвёрдую волю, смеласць, рашучасць, лоўкасць, разнастайныя творчыя таленты, паказаць выдатныя веды па гісторыі Беларусі, уменне зладжана працаваць у камандзе, турыстычныя навыкі, фізічную загартоўку і ваенную падрыхтоўку.

— За пяць конкурсных дзён усе каманды праявілі старанне, кемлівасць, мужнасць, ініцыятыву, цвёрдасць характару, волю да перамогі. Усе выдатна падрыхтаваліся. Часам было складана ацаніць тую ці іншую каманду, паколькі разрыў паміж сапернікамі быў мінімальным. Прыязджайце яшчэ ў нашу акадэмію на правядзенне “Зарніцы”, будзем супрацоўнічаць далей, — звярнуўся да навучэнцаў камандуючы гарадскім спартыўна-патрыятычным конкурсам “Зарніца” падпалкоўнік Андрэй Дзмітрыевіч Наскоў.

Прызёры і пераможцы вызначаліся ў кожным спаборніцтве конкурснай і пазаконкурснай праграмы. Так, у “Снайперы” лепшай стала каманда гімназіі № 43 Фрунзенскага раёна, а гімназія № 36 Цэнтральнага раёна заняла першае месца ў спаборніцтвах “50 кадраў “Зарніцы”, “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго”, “Змагацца, шукаць, знайсці і не здавацца”. Выдатны вынік паказалі прадстаўнікі сярэдняй школы № 209 Маскоўскага раёна. Яны перамаглі ў спаборніцтвах “Аты-баты, ішлі салдаты з песняй на парад”, “100 на 50”, “З іскрай у душы і верай у перамогу”, “Да Абароны Айчыны гатовы!”, “Абаронныя рубяжы”. Нядзіўна, што 209-я школа стала пераможцай і па выніках усяго конкурсу. Другое месца заняла каманда гімназіі № 36, а трэцяе месца падзялілі каманды гімназіі № 43 Фрунзенскага раёна і сярэдняй школы № 189 Ленінскага раёна.


— Усе піянеры Мінска павінны ганарыцца хлопцамі і дзяўчатамі, якія знаходзяцца ў гэтай зале, браць з іх прыклад. Удзельнікам спартыўна-патрыятычнага конкурсу “Зарніца” жадаю здароўя, поспехаў, заўсёды дабівацца пастаўленай мэты, каб побач з вамі былі заўсёды верныя сябры і выдатныя педагогі, — адзначыла старшыня Мінскага гарадскога савета БРПА Наталля Аляксандраўна Слесарава.

Дзякуючы такім выдатным педагогам і здабываюцца перамогі. Так, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 209 Мінска Генадзь Мечыслававіч Куліцкі ўжо 20 гадоў займаецца спартыўна-патрыятычнымі гульнямі. Пад яго кіраўніцтвам каманда 209-й школы неаднойчы станавілася пераможцай і прызёрам гарадскіх і рэспубліканскіх фіналаў “Зарніцы” і з’яўляецца адзінай камандай, якая ўдзельнічала ва ўсіх гарадскіх фіналах “Арляняці”, “Зарніцы” і “Зарнічкі” пасля таго, як гэтыя гульні былі адроджаны ў 90-я гады. Менавіта па ініцыятыве Генадзя Мечыслававіча ў 1998 годзе ў школе быў арганізаваны клуб “Патрыёт”, які мае некалькі напрамкаў дзейнасці. Адзін з найбольш паспяховых — удзел у спартыўна-патрыятычных гульнях.

— Да такіх гульняў мы рыхтуемся на працягу года. Актыўную дапамогу нам аказваюць кадравыя ваенныя, цеснае супрацоўніцтва наладжана з ДТСААФ Маскоўскага раёна. Удзел у спартыўна-патрыятычных гульнях з’яўляецца і своеасаблівай прафарыентацыйнай работай. Дзевяць маіх выхаванцаў, удзельнікаў “Зарніцы”, скончылі ваенныя навучальныя ўстановы або ваенныя факультэты. Ёсць нават сямейныя дынастыі. Напрыклад, Анатоль Штундзер, які быў лепшым на разборцы і зборцы аўтамата, а яшчэ прызёрам “Снежнага снайпера” на рэспубліцы, працягнуў справу сваіх двух старэйшых братоў і з’яўляецца актыўным удзельнікам каманды. Наогул, цяжкасцей з адборам кандыдатаў у нас няма. Галоўнае, што патрабуецца ад вучня, акрамя жадання, — гэта добрая фізічная падрыхтоўка, творчасць натуры, бо падчас гульні даводзіцца і страляць, і бегаць, і маршыраваць, і ствараць баявыя лісткі, і ўдзельнічаць у конкурсе песні, і паказваць турыстычныя навыкі, — падзяліўся Генадзь Мечыслававіч.


Як будуць страляць, бегаць, маршыраваць, ствараць баявыя лісткі, паказваць творчыя здольнасці, турыстычныя навыкі, ваенную падрыхтоўку прадстаўнікі сярэдняй школы № 209 Мінска на рэспубліканскай “Зарніцы”, мы даведаемся ўжо хутка. З 18 па 22 чэрвеня ў Брэсце на базе 38-й асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады збяруцца лепшыя каманды з усіх рэгіёнаў краіны. Няхай у справядлівай барацьбе пераможа лепшы!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.