Алімпійскія надзеі

Сярэдняя школа № 91 Мінска прыняла эстафету акцыі “Жыве ўсюды дабрыня”. З удзелам Беларускай алімпійскай акадэміі тут прайшло свята “Алімпійскія надзеі”. У склад журы школьных спаборніцтваў увайшлі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Хуан Вальдэфа Фігероа, саветнік пасла Сутурніна Хуан Энрыкес, дэкан спартыўна-педагагічнага факультэта масавых відаў спорту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Ірына Іосіфаўна Гуслістава і іншыя.

Навучэнцы 1—4 класаў з парушэннямі слыху спаборнічалі ў хуткасці, сіле і спрытнасці. А дапамагалі хлопчыкам і дзяўчынкам талісманы каманд Мішка-алімпішка, Дракоша і Тыгр.

Паказальныя выступленні навучэнцаў 6 “А” спартыўнага класа па каратэ не пакінулі абыякавымі юных гледачоў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў. Таксама свае таленты прадэманстравалі ўдзельнікі танцавальнага ансамбля “Школьныя гады”, члены гуртка робататэхнікі.

Асаблівым упрыгажэннем свята стала выступленне тэатра гімнастыкі БДУФК пад кіраўніцтвам М.Макаравай.

Фота Наталлі АПАНЧУК.