Актыўная гісторыя

Праблема актыўнасці асобы ў навучанні — адна з актуальных як у псіхалагічнай, педагагічнай навуцы, так і ў адукацыйнай практыцы. З’яўленне і развіццё актыўных метадаў абумоўлена тым, што перад навучаннем паўсталі новыя задачы: не толькі даць навучэнцам веды, але і забяспечыць фарміраванне і развіццё пазнавальных інтарэсаў і здольнасцей, творчага мыслення, уменняў і навыкаў самастойнай разумовай працы. Цікавасць да выкарыстання актыўных форм абумоўлена шырокімі магчымасцямі іх прымянення ў сістэме бесперапыннай адукацыі, таму што адаптаваць гэтыя формы да розных узроставых катэгорый можна без асаблівых цяжкасцей.

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці на ўроках гісторыі

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці на ўроках гісторыі і пазакласных мерапрыемствах дазваляе дабівацца трывалага засваення гістарычных фактаў без механічнага завучвання, пашырае кола крыніц інфармацыі, якімі карыстаюцца школьнікі, уцягвае ў работу кожнага вучня на даступным яму ўзроўні складанасці. А галоўнае, дзеці самастойна вызначаюць разнастайныя лагічныя сувязі паміж гістарычнымі падзеямі і з’явамі, успрымаюць гістарычны працэс ва ўсёй яго разнастайнасці, выказваюць аргументаваныя меркаванні наконт матэрыялу, што вывучаецца. І гэта ў процівагу нізкай матывацыі навучэнцаў, нежаданню выконваць пэўныя віды работ, стандартныя заданні. У сувязі з гэтым у сваёй дзейнасці я вызначыла сістэму, якая дапамагла мне прыйсці да жаданага выніку, — выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў навучання на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці.

На кожным этапе ўрока выкарыстоўваю разнастайныя прыёмы актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў. Так, пры знаёмстве навучэнцаў з гісторыяй як прадметам ужо ў 5 класе я стараюся дабіцца максімальна магчымага эмацыянальнага ўсплёску, таму што з ім моцна звязаны цікавасць і якасць засваення ведаў. Гэта дазваляе лёгка ўвайсці ў кантакт са школьнікамі, выклікаць іх прыхільнасць, ярка і вобразна падаць матэрыял, які вывучаецца, што спрыяе яго засваенню.

Здзіўленне — пачатковая фаза развіцця пазнавальнай цікавасці. Трэба часцей здзіўляць. Пастаяннае абнаўленне зместу вучэбнага матэрыялу, дзякуючы эфекту нечаканасці, выклікае ў навучэнцаў здзіўленне, што дае станоўчыя эмоцыі. Часта прымяняю наступны метадычны прыём — яркі (запамінальны, інтрыгуючы і г.д.) пачатак урока: “Увага! Важная інфармацыя!”, “Увага! Чорная скрыня!”, “А ці ведаеце вы, што…”. Гэты прыём дазваляе мне паведамляць навучэнцам новыя факты, звесткі, тэорыі, пра існаванне якіх многія раней не чулі ці нават не падазравалі. На пазнавальную цікавасць уплываюць матывацыя, прымяненне нагляднасці на ўроку, гульні, эўрыстычныя сітуацыі.

Абнаўленне раней засвоенай інфармацыі таксама падтрымлівае цікавасць да вывучэння прадмета. Пры гэтым вывучаны матэрыял параўноўваецца з новай інфармацыяй, якая тлумачыцца сёння, зараз. Каб ажывіць зносіны навучэнцаў з гісторыяй, захапіць і зацікавіць увесь клас і кожнага вучня паасобку, выкарыстоўваю сістэму пазнавальна-развіццёвых пытанняў. Складаю пытанні такім чынам, каб навучэнцы іх з нецярплівасцю чакалі і радаваліся пошуку адказаў на іх, каб нельга было не адказаць на іх зусім, бо прамаўчаць проста немагчыма, і каб нават няправільны, недакладны адказ не зніжаў, а, наадварот, павышаў пазнавальную актыўнасць вучня.

Эфектыўным з’яўляецца таксама выкарыстанне гістарычных задач падчас навучання. Інфармацыю прапаную ўзбагаціць новымі, дагэтуль невядомымі навучэнцам гістарычнымі данымі. Біяграфічныя задачы патрабуюць высвятлення, хто ёсць хто. Хрэстаматыйна-літаратурныя задачы патрабуюць у адным выпадку па ўрыўку з хрэстаматыі вызначыць падзею, у ім адлюстраваную; у другім выпадку — па вершах гістарычнага зместу пазнаць аўтара і час, у якім ён жыў; у трэцім — па фрагменце з мастацкай кнігі высветліць, пра каго ці пра што ідзе гаворка і г.д., Гэты прыём ажыўляе ўрок і спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, замацаванню і паглыбленню ведаў, якія яны атрымліваюць, і, што таксама важна, развівае ў іх патрэбу ў чытанні.

Выклікае цікавасць у навучэнцаў на ўроку работа з нагляднасцю. Выкарыстоўваючы вучэбную карціну, дабіваюся, каб дзеці не проста глянулі на яе, а сапраўды ўбачылі, што там адлюстравана, звярнулі ўвагу не толькі на агульны план, але і на дэталі, якія часта найбольш важныя для гістарычнага аналізу.

Выкарыстоўваю на ўроках і такія прыёмы, як разбіванне “моцнага арэшка”, выпраўленне памылак у тэксце, работа з гістарычнай картай (запаўненне контурнай карты), устаўка прапушчаных слоў у тэксце з выкарыстаннем гістарычнай карты (“Егіпет знаходзіцца…, мяжуе з краінамі…, з Нубіі ў Егіпет увозілі…”) і інш.

Даю заданні на веданне ўмоўных знакаў на гістарычнай карце: на якім мацерыку знаходзіцца Егіпет, сталіца краіны, карысныя выкапні.

Каб замацаваць веды па храналогіі, пазнаванне гістарычных асоб, засваенне фактаў і падзей, выкарыстоўваю гульню “Гістарычная блытаніна”. Прапаную навучэнцам табліцу, у якой пераблытаны імёны, факты, месцы, даты. Ім неабходна аднавіць адпаведнасці. Заданні такога тыпу прымяняю на розных этапах урока.

Часта, асабліва да ўрокаў абагульнення, дзеці рыхтуюць дома творчыя заданні: самі складаюць крыжаванкі, пазнавальныя пытанні і заданні. Яны “ажыўляюць” жыццё сялян, феадалаў, рыцараў.
У час гульні навучэнцы могуць свабодна выказваць свае думкі, не баючыся памыліцца і атрымаць нездавальняючую адзнаку. Я ўпэўнілася, што на такіх уроках дзеці працуюць больш актыўна. Гульнявыя формы заняткаў часцей прымяняю пры праверцы вынікаў навучання, выпрацоўцы навыкаў, фарміраванні ўменняў. Часта на ўроках праводжу гульню “Чыстая дошка”, “Знайдзі адпаведнасць”, гістарычныя дыктоўкі, гульню “Пазнай гістарычную асобу”.

Групам навучэнцаў раздаю карткі з апісаннямі гістарычных дзеячаў, якіх неабходна пазнаць:

  • Пришел был из-за моря и имел волость свою в Полоцке. (Рогволод.)
  • “Что будет, когда отец надумает отдать меня замуж? <…> Что же учинили наши роды, которые были до нас? Женились и выходили замуж и княжили, но не вечно жили, жизнь их проплыла и погибла их слава, будто прах…” Кому принадлежат эти слова? (Ефросиньи Полоцкой.)
  • Он “трижды одерживал победу, открывал ворота Новгорода, разбил славу сыновей Ярослава Мудрого, скакал оборотнем по Немиге”. (Всеслав Чародей.)

Прыкладам гульнявога элемента, які прымяняю пры актуалізацыі апорных ведаў, з’яўляецца гульня “Верыш — не верыш”. Гэта такі від апытання навучэнцаў, падчас якога я гавару правільныя і няправільныя сцвярджэнні, складзеныя па матэрыяле тэмы, што вывучаецца. Задача навучэнцаў — вызначыць праўдзівыя сцвярджэнні (напрыклад, пры дапамозе падымання рознакаляровых картак). Таксама пры франтальным апытанні нядрэнна працуе гульня “Ланцуговая рэакцыя”, калі першае пытанне задае навучэнцу настаўнік, потым той, хто адказаў, задае пытанне наступнаму і г.д. Для шматразовага паўтарэння паняццяў і дат прымяняю гульню “Снежны камяк”: першы вучань называе паняцце, тэрмін, дату з раздзела, што вывучаецца, кожны наступны паўтарае папярэднюю звестку і дадае сваю.

Для актывізацыі разумовай дзейнасці вучня, падрыхтоўкі яго да засваення новага матэрыялу, паўтарэння раней вывучанай тэмы ці блока тэм прымяняю прыём разгадвання крыжаванак. (Дадатак 1.) Вялікую крыжаванку выкарыстоўваю як цікавы сродак для самастойнай работы з дадатковай літаратурай. Крыжаванкі добрыя тым, што фарміруюць у дзяцей навуковы светапогляд, развіваюць маўленне, спрыяюць правільнаму запамінанню азначэнняў, паняццяў, імён гістарычных асоб. Практыкую таксама правядзенне гульні “Пяты лішні”, сутнасць якой у тым, што на картцы напісаны даты, прадметы, імёны вучоных, факты з гісторыі краіны. Чатыры з іх па якой-небудзь прымеце адносяцца да адной катэгорыі, а пяты з’яўляецца лішнім.

Выберыце лішняе і растлумачце свой выбар: ліберум вета, канстытуцыя, манархія, сейм, магнаты.

Этап актуалізацыі апорных ведаў

Настаўнік. На мінулым уроку вы пачалі вывучаць гісторыю найстаражытнейшай еўрапейскай цывілізацыі — старажытнагрэчаскай. На вашых сталах ляжаць карткі з заданнямі. На працягу 2 мінут вам неабходна знайсці памылкі і выправіць іх.

Група 1.

  1. Старажытная Грэцыя — гэта назва дзяржавы.
  2. Продкі старажытных грэкаў жылі на поўначы паўвострава Малая Азія.
  3. Мацерыковая (Балканская) Грэцыя дзялілася на 4 часткі: Паўночную, Цэнтральную, Сярэднюю, Паўднёвую.
  1. Старажытная Грэцыя — гэта назва дзяржавы.
  2. Продкі старажытных грэкаў жылі на поўначы Балканскага паўвострава.
  3. Мацерыковая (Балканская) Грэцыя дзялілася на 3 часткі: Паўночную, Сярэднюю, Паўднёвую.

Група 2.

  1. З усіх бакоў, акрамя паўднёвага, Грэцыя абмываецца морамі.
  2. Вакол Грэцыі размешчана мноства астравоў, і самы вялікі з іх — востраў Дэлас.
  3. У Сярэдняй Грэцыі размешчаны паўвостраў Пелапанес.
  1. З усіх бакоў, акрамя паўночнага, Грэцыя абмываецца морамі.
  2. Вакол Грэцыі размешчана мноства астравоў, і самы вялікі з іх — востраў Крыт.
  3. У Паўднёвай Грэцыі размешчаны паўвостраў Пелапанес.

Група 3.

Работа з вучэбнай насценнай картай

Паказаць:

  1. Тэрыторыю Старажытнай Грэцыі.
  2. Паўночную, Сярэднюю, Паўднёвую часткі Балканскага паўвострава.
  3. Паўвостраў Пелапанес.

Настаўнік. Калі вы выправілі памылкі, то абмяняйцеся карткамі з суседам. Давайце праверым правільнасць адказаў. Падлічыце правільныя адказы. Калі ў вас усё правільна — падыміце руку, калі адна памылка — патупайце нагамі, калі дзве памылкі — плясніце ў далоні, калі тры і больш — падыміце дзве рукі.

Актыўныя метады і прыёмы пазнавальнай дзейнасці спрыяюць лепшаму засваенню ведаў. Навучэнцы развіваюць увагу, вучацца выконваць заданні дакладна, праяўляць кемлівасць.

Актывізацыя пазнавальнай дзейнасці на пазакласных мерапрыемствах


Пазакласная работа па гісторыі спрыяе развіццю ў школьнікаў цікавасці да вывучэння прадмета і актывізуе іх пазнавальную дзейнасць, а таксама дапамагае настаўніку выявіць здольнасці і магчымасці кожнага навучэнца, наладзіць больш цесны кантакт і ўзаемаразуменне.

Пазакласная работа прадугледжвае максімум самадзейнасці і актыўнасці навучэнцаў, але прынцып самадзейнасці і актыўнасці зусім не выключае кіруючай ролі настаўніка. Менавіта ён накіроўвае ініцыятыву і цікавасць дзяцей, усяляк развівае іх творчасць, прывівае ім навыкі самастойнай работы, спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Пазакласная работа можа праходзіць у розных формах. У сваёй практыцы я выкарыстоўваю гуртковую форму, індывідуальную, арганізоўвала масавыя мерапрыемствы (канферэнцыі, дыскусіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, гістарычныя тыдні, алімпіяды, конкурсы, экскурсіі па гістарычных месцах, у музеі і г.д.). У пазакласнай рабоце важнымі з’яўляюцца і масавая, і гуртковая, і індывідуальная форма.

У нашай школе традыцыйнымі сталі фестываль патрыятычнай песні “Песні мужнасці, песні подзвігу”, дзень беларускай кухні з конкурснай праграмай і абавязковай дэгустацыяй беларускіх страў, экскурсійныя паездкі па гістарычных месцах Беларусі.
Вынікам маёй работы па выкарыстанні актыўных метадаў і прыёмаў на ўроках гісторыі і ў пазакласнай дзейнасці стала абагульненне вопыту па тэме “Выкарыстанне актыўных метадаў і прыёмаў навучання для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў на ўроках гісторыі”.

Мой вопыт паказвае на неабходнасць далейшага выкарыстання ў навучанні актыўных метадаў і прыёмаў для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў.

Дадатак 1

Крыжаванка “Культура Старажытнай Індыі” ў 5 класе

  1. Заснавальнік будызму.
  2. Бог, які кіраваў водамі.
  3. Як перакладаецца назва літаратурнага твора “Веды”.
  4. Што абазначае імя Буда?
  5. Назва другой рэлігіі, якая ўзнікла ў Індыі, у якой карова лічыцца свяшчэннай жывёлай.
  6. Бог, які ахоўваў людзей ад напасцяў. (Ключавое слова будызм.)

Таццяна ЛІТВІНЮК,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Новапалескага дзіцячага сада — сярэдняй школы Салігорскага раёна.