Акцыя з працягам

“Дзеці — дзецям” і “Рабі дабро” — пад такімі дэвізамі праходзілі ў сярэдняй школе № 161 Мінска самыя важныя і цікавыя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”. Акцыя завершана, але добрыя справы ў самым разгары. Яркія мерапрыемствы арганізоўваюцца і праводзяцца актывістамі школьнага самакіравання клуба ЮНЕСКА “Цэнтр цікавых спраў” (БелАЮ), педагогамі школы і вакальнай узорнай студыяй “Мікс”.


Вучні наведалі дапаможную школу-інтэрнат № 7 Мінска, дзе правялі навагоднюю віншавальную праграму для выхаванцаў гэтай установы. Дзеці акунуліся ў свет казкі, дабра, музыкі і весялосці. Падрыхтаваны і перададзены падарункі ад школьнікаў і іх законных прадстаўнікоў для хворых дзетак у Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Сабраная дапамога накіравана валанцёрамі клуба 5000 (дапамога дзецям з анкалогіяй) у цэнтр з пажаданнямі хутчэй паправіцца. “Цэнтр цікавых спраў” падрыхтаваў і правёў навагоднюю казку для ўсіх жадаючых. Яркія касцюмы, добрыя прыгоды, чараўніцтва і проста казка — усё гэта было для дзяцей. Таксама наведалі з віншаваннямі выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, падарылі незабыўныя эмоцыі дабра, цяпла і цудаў.

А як выхаваць паважлівае стаўленне да пажылых людзей? Трэба пагутарыць з такімі людзьмі, паглядзець у добрыя вочы. Гэта і зрабілі нашы вучні. “Рабі дабро” — пад такой назвай прайшла акцыя для пажылых людзей на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна Мінска. Акцыя адбылася пры ўдзеле педагагічнага калектыву нашай школы, узорнай вакальнай студыі “Мікс” і клуба ЮНЕСКА “Цэнтр цікавых спраў”. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, мы змаглі сабраць гуманітарную дапамогу для пажылых людзей, парадаваць іх салодкімі пачастункамі, вырабамі і паштоўкамі, зробленымі рукамі хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама падарыць незабыўныя эмоцыі цудоўным канцэртам. Было прыемна бачыць усмешкі і слёзы радасці гэтых мілых старых, а дзеці набраліся новых сіл для здзяйснення чарговых добрых спраў.

Мерапрыемствы пад дэвізамі “Дзеці — дзецям” і “Рабі дабро” з’яўляюцца добрай традыцыяй нашай школы, прыкладам для пераймання, яркім святочным феерверкам для такіх жа дзяўчынак і хлопчыкаў, як самі актывісты, і для больш старэйшага пакалення, бабуль і дзядуляў, якім часам проста хочацца пагутарыць. Мы гаворым дзякуй вам, удзельнікі клуба ЮНЕСКА “Цэнтр цікавых спраў” і студыі “Мікс”. І, вядома ж, дзякуем педагогам, якія суправаджалі гэтыя акцыі (дырэктар школы В.А.Стружко, кіраўнік студыі “Мікс” І.І.Раманоўская, педагог-арганізатар Т.А.Кажамякіна, педагог сацыяльны В.С.Маркевіч, старшыня прафсаюзнага камітэта школы Л.І.Ткачук і многія іншыя педагогі школы). Гаворым дзякуй і бацькам нашых навучэнцаў. Разам мы робім добрыя справы. Вучым дзяцей дабру, павазе і вучымся самі.

Алена ГІЛЬКО,
куратар клуба ЮНЕСКА “Цэнтр цікавых спраў” сярэдняй школы № 161 Мінска.